Сваяк першай беларускай алімпійскай чэмпіёнкі заваяваў мэдаль у Токіё для Чэхіі

Аляксандар Шупеніч

27-гадовы Аляксандар Шупеніч — фэхтавальшчык, які прынёс чэскай алімпійскай зборнай бронзавы мэдаль. Посьпех Шупеніча — гістарычнае дасягненьне для Чэхіі. Апошні раз чэскія фэхтавальшчыкі заваёўвалі алімпійскі мэдаль 113 гадоў таму: у 1908 годзе ў Лёндане.

Аляксандра Шупеніча ў чэскай прэсе называюць «чэх зь беларускімі каранямі», ён і сам лічыць сябе чэхам, бо нарадзіўся ў гэтай краіне, у горадзе Брно. Аднак чэх ён толькі па месцы нараджэньня: ягоныя бацькі — опэрныя сьпевакі зь Беларусі. «Тата вучыўся сьпеву ў Італіі, затым уладкаваўся на працу ў Брно. Тут я і нарадзіўся», — расказвае ён у шматлікіх інтэрвію. Іван Шупеніч і цяпер сьпявае ў Брненскай опэры.

Першы від спорту — баскетбол — расчараваў Аляксандра, і ў 8 гадоў маці адвяла яго на фэхтаваньне. Тут адыграла ролю сямейная гісторыя. Дзед Шупеніча ў Беларусі быў жанаты другім шлюбам з Тацянай Самусенкай, якая была першай беларускай алімпійскай чэмпіёнкай у фэхтаваньні. Так бабка-мачыха Аляксандра перадвызначыла ягоную будучыню.

Тацяна Пятрэнка (Самусенка) стала алімпійскай чэмпіёнкай у камандных спаборніцтвах рапірыстак у складзе зборнай СCСР на Гульнях 1960 году ў Рыме. Яна была адной з чатырох першых беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў.

Першым трэнэрам Аляксандра быў Дзьмітры Раманькоў (пляменьнік легендарнага беларускага фэхтавальшчыка Аляксандра Раманькова), які летась падпісаў зварот «свабодных спартоўцаў» за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў.

Аляксандар расказвае, што на спаборніцтвах да яго часта падыходзяць зь віншаваньнямі беларусы, якія заўзеюць за яго. «Магчыма, яны адчуваюць сваё дачыненьне да маіх перамог, бо я маю беларускія карані», — кажа ён.

Прозьвішча Аляксандра Шупеніча пішацца, як і ў пашпарце ягоных бацькоў, у францускай транскрыпцыі Choupenitch — абсалютна невымаўляльнай для чэхаў. Але ў краіне ўсе ведаюць, як насамрэч гучыць гэтае прозьвішча і чаму яно выглядае такім экзатычным. Ні спартовец, ні ягоныя бацькі, не зьмянілі напісаньне на чэскі лад — Šupenič, бо яно ўнікальнае для Чэхіі і запамінальнае. Таму ніводзін артыкул пра гэтую сям’ю не абыходзіцца бяз згадкі пра іх беларускае паходжаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)