Як патлумачыў Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эканамічных рэформаў Алесь Аляхновіч, крэдыт ад МВФ — гэта не заслуга рэжыму ў Беларусі, а агульная праграма фонду ў разьмеркаваньні $650 мільярдаў паміж усімі краінамі – чальцамі гэтай арганізацыі.
Цяпер Офіс Сьвятланы Ціханоўскай намагаецца заблякаваць выплату крэдыту. У гісторыі такія выпадкі ўжо былі, кажа Аляхновіч.
«Быў прэцэдэнт, калі Вэнэсуэле была замарожаная выплата SDR. Галасаваньне аб праграме адбудзецца ў жніўні. Мы спадзяёмся і працуем над гэтым, каб выплату, якая магла б адбыцца ў верасьні, замарозілі, пакуль у Беларусі не адбудуцца новыя свабодныя выбары і пакуль ня будзе новай дэмакратычнай улады».
Грошы ў рамках гэтай праграмы МВФ выдзяляюцца як разьвітым краінам, так і краінам, якія разьвіваюцца, незалежна ад кантынэнту. З сытуацыяй у Беларусі, з палітыкай ці эканомікай, гэта ніяк не зьвязана. Сродкі выплачваюцца не наяўнымі грашыма, а штучным плацежным сродкам. У скароце ён называецца SDR; па сутнасьці, гэта запіс на банкаўскім рахунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальныя пэнсіі ў Беларусі падаюць цягам паўгодаЯк Офіс Ціханоўскай працуе з МВФ?
Кожная краіна мае ў МВФ сваю долю, адпаведна, і свайго прадстаўніка. Паводле Аляхновіча, каманда Ціханоўскай цяпер у кантакце з прадстаўнікамі МВФ ад ЗША, Польшчы, Літвы і іншых эўрапейскіх краінаў.
«Мы спрабуем даводзіць нашую пазыцыю. У амэрыканскім Акце аб дэмакратыі ў Беларусі, які ў сьнежні мінулага году падпісаў тагачасны прэзыдэнт Трамп, была інструкцыя, што ЗША мусяць абмежаваць супрацу міжнародных фінансавых арганізацый зь сёньняшняй нелегітымнай беларускай уладай. Мы гэтую пазыцыю даводзім да ЗША і прадстаўнікоў ЭЗ, якія не прызнаюць выбараў у Беларусі, што іх прадстаўнікі ў МВФ павінны галасаваць супраць выдзяленьня грошай для Беларусі», — кажа Аляхновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы дурны праект Расеі». Чым «Паўночны паток — 2» небясьпечны для Беларусі?Што, калі не атрымаецца з МВФ?
Калі сума ў SDR выдзяляецца нейкай краіне, то гэта яшчэ ня значыць, што з гэтымі грашыма можна прыйсьці ў банк і расплаціцца. SDR можна памяняць на адну зь пяці асноўных валютаў сьвету: даляр ЗША, эўра, брытанскі фунт, японскую ену і кітайскі юань.
«Абменам SDR на цьвёрдую валюту займаецца цэнтральны банк кожнай краіны. Калі з МВФ не атрымаецца, то трэба спрабаваць замарозіць абмен SDR на цьвёрдую валюту», — кажа дарадца Ціханоўскай.
На што канкрэтна пойдуць гэтыя грошы, залежыць ад таго, хто кантралюе патокі. Ніякіх абмежаваньняў ад МВФ не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер Галоўчанка спадзяецца, што падтрымка Расеі перакрые наступствы ад заходніх санкцый