Паводле сайту Delfi.lt міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што МУС прапанавала ўраду ўвесьці надзвычайнае становішча ў памежных самакіраваньнях.
«МУС прапануе ацаніць сытуацыю і магчыма абвясьціць надзвычайнае становішча», – заявіла міністар на прэс-канфэрэнцыі ў аўторак.
Старшыня Камітэта Сейму Літвы па нацыянальнай бясьпецы і абароне Лаўрынас Кашчунас заявіў, што ўвядзеньне надзвычайнага становішча можа быць разгледжана для ўзяцьця пад кантроль сытуацыі з міграцыйным крызісам.
Па словах Кашчунаса, у такім выпадку кантроль над мяжой пераняла б армія, і трапіць на тэрыторыю Літвы было б немагчымым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Курды казалі, што за $10 тысяч іх давозілі да мяжы». Беларус расказаў, як правёў тыдзень у літоўскім лягеры для ўцекачоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 57 нелегальных мігрантаў зь Беларусі, на польскай — 46Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы
Наплыў мігрантаў з боку Беларусі не спыняецца. Паводле заяваў літоўскага боку, мігранты могуць гадзінамі быць у полі зроку беларускіх памежнікаў, але тыя ніяк не выконваюць сваіх абавязкаў у ахове мяжы.
За мінулыя содні ў Літве затрымалі 110 мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу дзяржавы з боку Беларусі. Днём раней літоўскія памежнікі затрымалі 131 мігранта.
Колькасьць мігрантаў, якія прыйшлі зь беларускага боку і былі затрыманыя ў Літве, ужо ў 34,6 раза перавысіла леташні паказьнік.
Мігранты ўжо ладзілі бунты ў часовых месцах разьмяшчэньня, пачыналі закалоты, адмаўляліся прымаць ежу, патрабавалі дазволіць ім далейшы рух празь Літву ў краіны Заходняй Эўропы.
Вымагаючы апэратыўнага разьвязаньня праблемаў незаконнага перасячэньня мяжы, некаторыя грамадзяне Літвы пачалі пратэставаць супраць новых лягераў для мігрантаў у сваёй краіне. 26 ліпеня грамадзяне заблякавалі дарогу да палігону Руднікі у Салечніцкім раёне. Яны не давалі праехаць грузавіку з абсталяваньнем для намётавага мястэчка.
Улады Літвы неаднаразова абвінавачвалі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская паліцыя затрымала 8 чалавек, якія перашкаджалі разгортваньню намётавага мястэчка для мігрантаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары блякуюць подступы да палігону, дзе літоўскія ўлады плянуюць разьмясьціць мігрантаў