Арышты і ператрусы 27 ліпеня: ад 13 да 28 сутак за белыя аркушы на вокнах, пастаноўка «на ўлік» раней пакараных

Ілюстрацыйнае фота

Свабода працягвае сачыць за перасьледам грамадзян за выказваньне сваёй пазыцыі.

Суткі за аркушы белай паперы

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску прайшлі суды над менчукамі, якіх затрымалі 25 ліпеня. Справы 42-гадовай Маі Шатохінай і 26-гадовага Юрыя Клімашэўскага разглядзела судзьдзя Юлія Чыж. Менчукоў абвінавацілі ў «выказваньні сваіх палітычных інтарэсаў шляхам разьмяшчэньня на акне аднаго белага аркуша паперы». За гэта Маю і Юрыя затрымалі дома. Пры гэтым, у хлопца падчас ператрусу канфіскавалі два тэлефоны і два ноўтбукі, піша тг-канал «„Вясна“ назірае».

На судзе яны пацьвердзілі, што вывешвалі аркушы на акно, але зь іншай мэтай. Па словах Шатохінай, аркуш паперы яна зьняла адразу пасьля таго, як патэлефанавалі зь міліцыі. Яна зрабіла відэа, на якім бачна, што на паперы ёсьць пісьмовыя заўвагі. У Юрыя, зь яго словаў, таксама на паперы былі запісы.

Аднак Чыж не прыняла гэта пад увагу і пакарала Маю і Юрыя 15-сутачнымі арыштамі паводле арт. 24.23 КаАП.

34-гадовага Дзяніса Кулікова і 31-гадовага Андрэя Мураўёва затрымалі таксама дома. Судзьдзя Марыя Ярохіна палічыла іх віну цалкам даказанай і арыштавала Дзяніса на 13 сутак, а Андрэя — на 28.

Згодна з пратаколам, на акне ў Дзяніса віселі два аркушы паперы, а ў Андрэя — чатыры. Мужчыны сьцьвярджалі, што вывешвалі іх не з-за палітычных поглядаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужчыну затрымалі на памінках па маці і прысудзілі арышт за вокліч «Жыве Беларусь!»

Затрымалі за абразу Лукашэнкі

Тэлеграм-канал Mayday паведаміў пра затрыманьне ў Магілёве прыхільніцы Віктара Бабарыкі Ганны Ільіной. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, ёй ставяць у віну абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 6 чалавек, засуджаных за абразу Лукашэнкі і чыноўнікаў

Пастаноўка «на ўлік»

У Горадні і Наваградку людзей, якіх затрымлівалі цягам апошняга году па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах, выклікаюць у міліцыю і ставяць «на ўлік».

Іх фатаграфуюць, робяць дактыляскапію, бяруць сьліну і запісваюць голас. Паводле інфарамцыі Свабоды, у Наваградку выклікалі актывістку Жанну Баброўскую, якую раней судзілі за ўдзел у пікетаваньні. Ёй стала блага ў РАУС, яе забрала «хуткая».