Расьсельгаснагляд знайшоў вірус у беларускіх памідорах і забараніў іх завозіць

Ілюстрацыйная выява

У таматах зь Беларусі расейцы знайшлі вірус мазаікі Пэпіна.

На тэрыторыю Расеі часова забаранілі ўвоз беларускай кампаніяй «Дорорс» сьвежых памідораў. Прычына — пры правядзеньні карантыннага фітасанітарнага кантролю ў таматах выявілі вірус мазаікі Пэпіна — PepMV.

Пра забарону праінфармавала прэс-служба Расьсельгаснагляду. Яна адзначыла, што зафіксавана 12 выпадкаў «выяўленьня карантыннага для краін-членаў ЭАЭС аб’екту — вірусу мазаікі Пэпіна (Pepino mosaic virus)».

Затрыманыя памідоры ў Расею пастаўляў беларускі экспартэр — кампанія «Дорорс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль без абмежаваньняў. Украіна падоўжыла расьследаваньне паставак фанэры зь Беларусі

Абмежаваньні на ўвоз у Расею «у мэтах захаваньня фітасанітарнага дабрабыту і прадухіленьня распаўсюджваньня карантыннага аб’екту на тэрыторыі РФ» — уводзяцца з панядзелка, 26 ліпеня.

Яны часовыя і дзейнічаюць толькі ў дачыненьні названай кампаніі, удакладнілі ў Расьсельгаснаглядзе.

Забарона будзе дзейнічаць да правядзеньня Менскам расьсьледаваньняў па фактах выяўленьня вірусу і прадастаўленьня расейскаму ведамству зьвестак аб ліквідацыі праблемаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітыкі: Санкцыі ўдараць па кішэні Лукашэнкі, у некаторых выпадках за гэтым можа стаяць непрадбачаны бэнэфіцыяр — Расея

Вірус мазаікі Пэпіна (PepMV) — адно з найбольш небясьпечных вірусных захворваньняў тамата закрытага грунту ва ўсім сьвеце. PepMV ня толькі прыводзіць да пагаршэньня якасьці, але таксама можа выклікаць значныя страты прадукцыі, якія могуць дасягаць 12% ураджаю. Дагэтуль не існуе ніякіх сродкаў барацьбы з захворваньнем, апрача прафіляктычных захадаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альшанскія фэрмэры ў знак пратэсту раздушылі коламі дзясяткі кіляграмаў агуркоў. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны замарожваюць, а інфляцыя не спыняецца. Чаму?