Партал Delfi расказвае пра жыцьцё ў Літве мігрантаў з трэціх краінаў, якія прыбылі зь Беларусі.
У Відзянянцах (Vydeniai) жывуць 150 мігрантаў. Муніцыпалітэты робяць усё магчымае, каб ix накарміць, Міністэрства фінансаў кампэнсуе гэтыя выдаткі, а мігранты адмаўляюцца есьці ежу, якую ім прывозяць.
«Мне 16. Я прыехаў таму, што ў Эрытрэі, адкуль я родам, вельмі дрэнна — там ідзе вайна, мяне хацелі прымусіць ваяваць», — сказаў журналістам па-ангельску адзін мігрант. Ён сказаў, што з Афрыкі праз Турэччыну прыляцеў у Беларусь.
Іншы мігрант — з Камэруну, паводле яго, уцёк таму, што ён гей. «Я прыехаў у Беларусь як студэнт, таму што мая краіна дрэнная — там нікому не падабаюцца гомасэксуалы, там цяжка жыць», — сказаў ён па-расейску. Аднак ён неўзабаве зразумеў, што ў Беларусі дрэнна. «Гэта турма зь межамі, якая называецца дзяржава», — сказаў мігрант.
Да гэтага часу ніводная гэткая гісторыя не пацьвердзілася — адзначае Delfi. Высьвятляецца, што ніякая небясьпека мігрантам не пагражала, яны бягуць, каб патрапіць у багатыя краіны Заходняй Эўропы.
Муніцыпалітэты абураюцца тым, што ўрад не дае грошай на харчаваньне мігрантам. Сказана, што на кожнага мігранта будуць выдзяляць 5,85 эўра на дзень (такую суму выдзяляюць на харчаваньне мігрантаў у Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў), аднак насамрэч ежа каштуе даражэй.
«Мінімальныя выдаткі мы дакладна кампэнсуем. Калі будуць закупы, якія выклічуць пытаньні, будзем вырашаць пытаньне асобна», — сказала міністарка фінансаў Гінтарэ Скайсьце. Па словах мэра Лазьдзейскага (Lazdijaj) раёну Аусмы Мішкінeне, даводзіцца прыстасоўвацца да густаў мігрантаў — яны ня ўсё ядуць, што ім даюць. Гэта пацьвярджаюць і самі мігранты. «Я ня ем вашу ежу, прабачце», — сказаў мігрант з Эрытрэі. Аднак Мішкінене сказала, што цяпер кухары ўжо прыстасаваліся гатаваць тое, што мігрантам больш да спадобы.
Міністарка Скайсьце заклікае арганізаваць харчаваньне па магчыма мінімальнай цане. «Мы павінны дамовіцца — у пакеце паездкі, арганізаванай Лукашэнкам, ня можа быць залішняга камфорту і віду на акіян. Мы павінны забясьпечыць мінімальны стандарт», — сказала кіраўніца міністэрства фінансаў Літвы.