Людзьмі звацца — 2020. Раскол паміж грамадзтвам і дзяржаўнай сыстэмай
2020 год стаў яскравай праявай назапашаных супярэчнасьцяў паміж беларускім грамадзтвам і арганізацыйна-прававой сыстэмай дзяржавы. Калі глядзець стратэгічна, то ў гэтым няма нічога дзіўнага.
Беларуская дзяржава як інстытут — з прынятай у ёй культурай і практыкай кіраваньня, з прынцыпамі функцыянаваньня прадстаўнічай улады і мэханізмамі адвакатаваньня — з кожным годам была ўсё болей няздольная адпавядаць запытам грамадзтва. Гэты стан быў непазьбежны, бо сыстэма ўлады часоў Лукашэнкі заўсёды арыентавалася на тое, каб па магчымасьці пазьбягаць зьменаў. Зрэшты, з наратывам вяртаньня ў мінулае Лукашэнка і прыйшоў да ўлады.
Аднак спыніць час — задача апрыёры невыканальная. Пакуль дзяржава імкнулася захаваць і адрадзіць мінулае (ад эканамічнай палітыкі да сымбаляў), грамадзтва і бізнэс-сэктар непазьбежна імкнуліся наперад.
Напрыклад, нэасавецкая ўладная мадэль імкнулася забясьпечыць кантраляванасьць эканамічнага жыцьця, кааптуючы ў эліты ня толькі «чырвоных дырэктараў» з прамысловых гігантаў, але і прадстаўнікоў буйнога бізнэсу. Аднак гэты падыход не спрацоўваў у дачыненьні да індывідуальных прадпрымальнікаў, малога і сярэдняга бізнэсу, доля якога ўзрастала. Тым болей па-за сыстэмай заставаліся працаўнікі IT-сфэры, стартапаў, шэрынгавай эканомікі.
Падобныя працэсы назіраліся і ў іншых сэктарах, ад арт-індустрыі да дабрачыннасьці. У 2020 годзе выразьнікам інтарэсаў усіх гэтых групаў стаў Віктар Бабарыка. І хоць ягоная асоба грала важную ролю, аднак запыт грамадзтва быў тут першасны: на аналягічны электарат былі скіраваныя кампаніі і Валерыя Цапкалы, і Сяргея Чэрачня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»Роля дзяржавы гіпатэтычна магла б узрастаць у сацыяльнай палітыцы, клопаце пра ўразьлівыя групы (ад пэнсіянэраў да жыхароў зьбяднелых рэгіёнаў), якія схільныя разьлічваць на дзяржаву як абаронцу і арбітра.
Аднак на практыцы сацыяльны кантракт у Беларусі, наадварот, скарачаўся — з прычыны неэфэктыўнасьці эканамічнай палітыкі і сыстэмы дзяржкіраваньня. Наступствам гэтых працэсаў стала тое, што ў 2020 годзе выразьнікам інтарэсаў гэтай часткі грамадзтва — уразьлівай ды патэрналісцкай — замест Лукашэнкі стаў Сяргей Ціханоўскі. Зноў-такі, акрамя Ціханоўскага, былі і іншыя рэгіянальныя блогеры, уздымаў падобныя тэмы і Андрэй Дзьмітрыеў.
Такім чынам, асноўны раскол у 2020 годзе адбыўся паміж беларускім грамадзтвам і дзяржаўнай сыстэмай Лукашэнкі. Грамадзтва дасьпела да пераменаў, якія можна ахарактарызаваць як імкненьне да справядлівасьці і павагі з боку дзяржавы, сапраўднага прадстаўніцтва ва ўладзе, магчымасьці ўплываць на прыняцьцё важных рашэньняў. Каротка апісаць, чаго захацелася цяпер беларусам, можна словамі Янкі Купалы векавой даўнасьці: «Людзьмі звацца». І пытаньне было толькі ў тым, калі зьявяцца неабходныя ўмовы і трыгеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Дубавец: «Урок году — у абнаўленьні словаў»Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія і сама па сабе была такім трыгерам, аднак у 2020 годзе ёй папярэднічала некалькі іншых. Самым блізкім па часе стаў каранавірус, які прадэманстраваў нежаданьне і/альбо няздатнасьць дзяржавы дапамагаць людзям у крызісныя часы — і разам з тым здольнасьць грамадзтва вырашаць праблемы самастойна, праз гарызантальную камунікацыю валянтэрскіх ініцыятываў. Дый увогуле каранакрызіс пагрузіў грамадзтва ў пэўны міжчасавы стан, дзе ўсё ня як раней. Аднак важным чыньнікам зьяўляецца і больш працяглы пэрыяд пацяпленьня 2014–2020 гг.
У кантэксьце анэксіі Крыму і збройнага канфлікту на Данбасе беларуская дзяржава была зацікаўленая ў пэўным паляпшэньні адносінаў з Захадам, а галоўнае — займела для гэтага магчымасьць без унутрыпалітычнай трансфармацыі. Грамадзтва ж не было гатовае рызыкаваць незалежнасьцю дзеля імклівых палітычных зьменаў, і ў выніку прэзыдэнцкая кампанія-2015 не суправаджалася масавымі пратэстамі. Адпаведна, замест масавых рэпрэсіяў грамадзка-палітычныя ініцыятывы атрымалі пэрыяд адноснай лібэралізацыі, а ў культурнай сфэры — мяккай беларусізацыі. Гэты пэрыяд дазволіў будаваць структуры, весьці асьветніцкую працу, ладзіць буйныя кампаніі — як #БНР100.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Натальля Васілевіч: «Беларусы навучыліся станавіцца лідэрамі»Менавіта дзякуючы гэтаму нацыянальна-культурныя пытаньні (як мова альбо сьцяг) у 2020 годзе не былі актуальнымі падчас агітацыйнай кампаніі, аднак актуалізаваліся падчас пратэстаў. Пакуль людзі адчувалі сабе ў кантэксьце мяккай беларусізацыі, гэта задавальняла запыт значнай часткі грамадзтва. Але калі твар дзяржавы зьмяніўся, то грамадзтва выдатна адчула, пад якімі сьцягамі пратэставаць і на якой мове сьпяваць песьні рэвалюцыі («Правілы», «Мы не народзец», «Гэта мы», «Муры»).
Як сьведчыць «Індэкс ідэнтычнасьці» BISS, вулічныя акцыі пасьлявыбарчага пэрыяду суправаджаліся папулярызацыяй рэлевантных для ідэнтычнасьці сымбаляў і ўзмацненьнем пачуцьця нацыянальнай супольнасьці.
Разам з тым геапалітычная тэматыка так і ня стала значным фактарам у беларускіх пратэстах. Падтрымка Пуціным Лукашэнкі зьнізіла грамадзкія сымпатыі да Расеі, а вэктар вымушанай эміграцыі і зьнешнепалітычнай актыўнасьці Сьвятланы Ціханоўскай прымусіў беларусаў зьвяртаць болей увагі на Захад (у тым ліку чакаць ад Эўропы падтрымкі, у прыватнасьці санкцыяў супраць рэжыму). Аднак унутрыпалітычныя пытаньні — ад спыненьня гвалту да стану эканомікі — хвалююць беларусаў у разы болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Богдан: «Падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі»2020 стаў для Беларусі годам гістарычных зьменаў, а разам з тым і цяжкіх выпрабаваньняў (як гэта звычайна і бывае ў гісторыі). Немагчыма не шкадаваць тых, хто загінуў, мірных пратэстоўцаў і палітвязьняў, тысячы людзей са зламанымі целамі і зламанымі лёсамі. Імёнамі Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Тарайкоўскага і іншых ахвяраў-2020 некалі назавуць вуліцы і плошчы, а досьвед катаваньняў на Акрэсьціна застанецца траўмай пакаленьня.
Аднак агулам 2020 год выклікае пачуцьцё не шкадаваньня, а гонару за прыналежнасьць да беларускай нацыі. Гэта досьвед, які немагчыма сьцерці з памяці, як бы да гэтага ні імкнуліся ўлады. Сталасьць як кожнага асобнага чалавека, гэтак і ўсяго грамадзтва вымяраецца, сярод іншага, тым, каб паводзіць сабе годна і рабіць тое, што лічыш патрэбным, нават калі ведаеш, што гэта цяжкі шлях. І ў 2020 годзе беларускае грамадзтва прадэманстравала, што пасталела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валерыя Касьцюгова: «Грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу»Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?