Паўстаньне за палітычныя правы ў Беларусі: 2020–...
Нягледзячы на ўжо звыклае называньне падзеяў у Беларусі рэвалюцыяй, на мой погляд, у 2020 годзе ў Беларусі адбылося паўстаньне за палітычныя правы. Гэтае азначэньне бачу больш строгім і карэктным з трох прычынаў.
Па-першае, пратэсты мелі выразны электаральны характар і наўпрост былі зьвязаныя з патрабаваньнем права палітычнага выбару.
Па-другое, у палітычных навуках паўстаньне вызначаецца як від масавых выступаў супраць існай улады, які, як правіла, не прыводзіць да зьмены палітычнага ладу. Менавіта гэта і адбылося ў нашым выпадку — палітычны лад захаваўся ранейшым.
Па-трэцяе, паўстаньне адрозьніваецца ад дзьвюх іншых формаў палітычнага дзеяньня — рэформаў і рэвалюцыі. Калі рэвалюцыя ставіць на мэце карэннае пераўтварэньне структуры ўлады ў грамадзтве і радыкальна зьмяняе палітычнай сыстэмы, то паўстаньне абмяжоўваецца зьменай палітычнага лідэра і / альбо ўраду. Мяркуючы па «праграмах» усіх кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама па лёзунгах і дэклярацыях пратэстоўцаў, галоўнае патрабаваньне палягала ў адстаўцы дзейнага прэзыдэнта Лукашэнкі — менавіта гэта натхняла і абʼядноўвала ўсіх пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валерыя Касьцюгова: «Грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу»Пры гэтым самы папулярны кандыдат Бабарыка рабіў стаўку на магчымасьць перамогі ў рамках той самай мадэлі выбараў, якая 26 гадоў абслугоўвала складзеную палітычную сыстэму. Мяркуючы па ўсім, і кандыдаты, і грамадзяне-нэафіты (у палітыцы) верылі, што калі можна будзе злавіць фальсыфікатараў за руку і зрабіць усе гэтыя фальсыфікацыі публічнымі, палітычная сыстэма вымушаная будзе са скрыпам, «празь не хачу», але спрацаваць на сапраўднага пераможцу.
Адпаведна, палітычнае абурэньне грамадзян-нэафітаў было выклікана тым «адкрыцьцём», што вынікі выбараў нахабна і масава фальсыфікуюць, а калі ўлады злавілі за руку, гэта іх не бянтэжыць, а толькі падштурхоўвае да ўжываньня сілы. Тым самым мы падышлі да вельмі важнай тэмы гвалту, якая і стала ключавым драйвэрам паўстаньня і затым — расколу ў грамадзтве.
Гвалт расколвае грамадзтва
Менавіта гвалт ініцыяваў агульнанацыянальнае паўстаньне, а стаўленьне да гвалту раскалола беларускае грамадзтва на два непрымірэнныя палітычныя сьветы: пратэстоўцаў і прыхільнікаў Лукашэнкі.
Прызнаньне таго, што мы маем справу з палітычнымі сьветамі апанэнтаў (а не ўсяго толькі зь невялікай групай сілавікоў), а таксама карэктнае разуменьне гэтых сьветаў — зарука магчымасьці палітычнага кансэнсусу. Ахарактарызуем гэтыя сьветы і сьветапоглядную подбіўку іх канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»Пратэстоўцы-грамадзяне (сьвядома ці несьвядома) мяркуюць, што дамовіцца пра грамадзянскі мір магчыма і што ён грунтуецца на прынцыпах маралі і законах чалавечага супольнага жыцьця, тых, што вартуюць каштоўнасьці асобна ўзятага чалавечага жыцьця, якім нельга ахвяраваць нават дзеля найвышэйшых мэтаў і грамадзка-палітычных выгадаў.
Дзяржава і апарат гвалту, якім яна валодае, вытворныя ад сьвету грамадзянскага, гэта толькі інструмэнт утрыманьня грамадзка-палітычнага парадку. Такі сьвет, згодна з Арыстотэлем, Локам і Арэнт, грунтуецца ня столькі на страху перад сьмерцю і магчымым хаосам, колькі на перавазе больш шчасьлівага, паўнавартаснага і дабрадзейнага жыцьця.
Паводле Арыстотэля, чалавек у грамадзтве аддае перавагу таму, каб ня проста жыць, а жыць шчасьліва і дабрадзейна. У такой карціне сьвету кожны зьяўляецца «істотай палітычнай» (Арыстотэль), а ўвесь палітычны сьвет — гэта суперніцтва апанэнтаў у публічнай сфэры за сымпатыю і давер большасьці (Арэнт). Палітычны апанэнт і супернік — гэта партнэр, безь якога ня будзе самога суперніцтва, а значыць, і палітычнага сьвету як такога. Адпаведна, страта палітыкам даверу і сымпатыі з боку большасьці азначае паразу ў палітычнай барацьбе — гэта «чорная метка», якая дае сыгнал палітыку, што пара сыходзіць.
Якраз таму многія пратэстоўцы так зьдзіўляліся і абураліся тым фактам, што, нягледзячы на кінутыя ў твар тырану словы недаверу, антыпатыі і нават нянавісьці, ён працягвае ўпарта трымацца за ўладу, гвалтуючы грамадзянаў і зьдзекуючыся зь іхных пакутаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Алена Гапава: «Новая апазыцыя вярнула нам нас саміх»Аднак для Лукашэнкі і яго прыхільнікаў (сьвядома ці несьвядома) гвалт — гэта неабходная ўмова існаваньня палітычнага сьвету. Грамадзянская супольнасьць у яе «натуральным стане» ідэнтыфікуецца са станам хаосу, «вайны ўсіх супраць усіх» (Гобс). Адсюль і сакралізацыя дзяржавы — дзяржава аказваецца самакаштоўнай, бо толькі дзякуючы апарату легітымнага гвалту (Вэбэр) усталёўваецца той мір і парадак, які самі грамадзяне бяз гэтага дзяржаўнага гвалту ўсталяваць і падтрымаць ня ў стане.
«Істотамі палітычнымі» зьяўляюцца толькі некаторыя грамадзяне, надзеленыя выключнымі здольнасьцямі да палітычнага дзеяньня — палітыкі, лідэры, правадыры. Улада — гэта сіла, а сіла выяўляецца ў здольнасьці зламаць волю і прымусіць усіх астатніх (з вызначэньня ня здольных да палітычнага жыцьця) да паслушэнства і пакоры. Менавіта таму ў аснове палітычнай супольнасьці, парадку і міру ляжаць адносіны панаваньня (з боку палітыкаў-лідэраў-правадыроў) і падпарадкаваньня (з боку ўсіх астатніх).
Адпаведна ўсе тыя, хто аспрэчвае такі тып адносінаў, — паводле Плятона і Шміта ворагі палітычнага міру, якіх можна (а часам і трэба) катаваць, гвалціць і нават забіваць у імя ліквідацыі магчымай рызыкі ўзаемнага зьнішчэньня. У гэтай карціне палітычнага сьвету ўзяць уладу можна толькі гвалтоўным чынам. Менавіта таму ўлада і яе прыхільнікі шчыра не разумеюць, чаму гэтыя людзі ўсё ходзяць і ходзяць, правакуюць і пагражаюць, дэкляруюць і заклікаюць, але так і не зрынаюць уладу сілай…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»Варта адзначыць, што два вышэйапісаныя сьветы пазначаюць дзьве палярныя часткі грамадзтва, паміж якімі знаходзіцца даволі значная супольнасьць тых, хто вагаецца, «нэўтральных» і апалітычных грамадзянаў. Наколькі гэтая супольнасьць вялікая і якая дынаміка яе колькасьці за мінулы час (з жніўня 2020 па чэрвень 2021 году) — прадмет асобнага сацыялягічнага дасьледаваньня, але ня браць яе ў разьлік ніяк нельга, бо менавіта гэты сацыяльна-палітычны пласт апасродкуе два супрацьлеглыя адзін аднаму сьветы.
Лепш дрэнны мір, чым добрая вайна
Нягледзячы на ўяўную непрымірэннасьць двух сьветаў, палітычны кансэнсус і прымірэньне ня толькі магчымыя, але часткова ўжо і існуюць. Пытаньне хутчэй у тым, якую форму палітычнага кансэнсусу змогуць знайсьці беларусы (-кі) да лёсавызначальнага 2024 году?
Пытаньне адкрытае, але вельмі важнае, бо на коне здольнасьць беларусаў(-к) стаць палітычнай нацыяй. Цяпер сытуацыя выглядае тупіковай: улада ў тых, хто лічыць гвалт адзіна магчымым спосабам усталяваньня палітычнага парадку, а тыя, хто мог бы запусьціць цывілізаваны палітычны дыялёг для пошуку добраахвотнай (= устойлівай) формулы кансэнсусу, улады ня маюць і ўзяць яе сілай ня ў стане. У выніку дзейная ўлада накідае грамадзтву абʼюзіўны сацыяльна-палітычны кантракт у наступнай фармулёўцы: «Мы вас ня будзем забіваць, катаваць і гвалтаваць, калі вы будзеце пакорлівыя».
Адсутнасьць збройнага супраціву (у жніўні-верасьні), страйкаў (у кастрычніку) і іншых формаў актыўнага масавага супраціву (па стане на чэрвень 2021 году) — сьведчаньне наяўнасьці вымушанай згоды з умовамі такога «кантракту».
Гэта можа быць зразумета як прамежкавая форма накінутага палітычнага кансэнсусу. Аднак, беручы пад увагу яго брутальны гвалтоўны характар і адсутнасьць пазытыўнай матывацыі (няма будучыні, дзеля якой прыносяцца ахвяры), улічваючы фактар «памылак дыктатара», эскаляцыю санкцыяў, рост эканамічных праблемаў і зьніжэньне ўзроўню жыцьця, такі «мір» няўстойлівы, ненадзейны і недаўгавечны. Падвысіць яго ўстойлівасьць можна як шляхам большай падатлівасьці ўладаў (пад ціскам пратэстуючых грамадзянаў і санкцыяў), гэтак і шляхам узмацненьня жорсткасьці «правілаў гульні» (аж да ўстанаўленьня рэжыму «вайсковай дыктатуры»).
Усё залежыць ад таго, 1) наколькі балючыя будуць санкцыі калектыўнага Захаду, 2) як іх сацыяльна-эканамічныя наступствы зьменяць настроі і структуру матывацыяў грамадзян, 3) як павядуць сябе ў адказ на гэта ўлады, і 4) як шмат выдаткаў і адказнасьці гатовая ўзяць на сябе Расея за дзеяньні ўладаў Беларусі на чале з Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Богдан: «Падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі»Зразумела, што цяпер ідзе працэс павольнага, цяжкага ўзгадненьня ўсіх чатырох вышэйазначаных фактараў (актараў) да моманту іх больш-менш устойлівай раўнавагі. Зразумела, што паўстаньне стала добрым трэнажорам палітычных і грамадзянскіх кампэтэнцыяў. Зразумела і тое, што грамадзтва эвалюцыянуе, сталее палітычна. Аднак хуткасьць усіх гэтых працэсаў значна ніжэйшая за хуткасьць разьвіцьця падзеяў вакол РБ.
На гэтым асынхроне адбіваецца геапалітычная «сьляпая пляма» паўстаньня 2020 году. Яно з самага пачатку зацыклілася выключна на ўнутраным беларускім парадку дня, па-першае, рамантычна мяркуючы, быццам грамадзяне самастойна здольныя вырашыць унутрыпалітычны крызіс, і, па-другое, наіўна мяркуючы, быццам сьвет вакол Беларусі будзе ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для перамогі паўстанцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Дубавец: «Урок году — у абнаўленьні словаў»Гэтыя чаканьні збольшага апраўдаліся адносна калектыўнага Захаду. Аднак яны зусім не апраўдаліся ў дачыненьні да РФ, якой сымпатызавалі і на дапамогу якой спадзяваліся многія пратэстоўцы. Нягледзячы на выцьверажальны вопыт рэакцыі Пуціна і ўладаў РФ, якія ўжо ў верасьні 2020 году адкрыта сталі на бок Лукашэнкі, ні замежныя прадстаўнікі паўстаньня, ні тым больш самі паўстанцы так і не змаглі пераадолець кагнітыўны дысананс і выпрацаваць альтэрнатыўную (прапанаванай Лукашэнкам) і больш прывабную для Крамля мадэль узаемаадносінаў.
Між тым час лімітаваны выбарамі расейскага прэзыдэнта ў 2024 годзе. «Вяртаньне Беларусі ў родную гавань» (перш за ўсё эканамічна і геапалітычна) — гэта напрошваецца, і гэта вельмі эфэктны спосаб падняць электаральны рэйтынг Пуціна.
Калі да 2023 году беларусы (-кі) ня знойдуць больш надзейнага ўнутрыпалітычнага кампрамісу і добраахвотнай (= больш устойлівай) формулы палітычнага кансэнсусу, якая дазволіць, як мінімум, «рэанімаваць» заходні кірунак разьвіцьця Беларусі, эканамічная і геапалітычная залежнасьць ад РФ набудзе завершаныя і, магчыма, незваротныя формы. Тады на парадку дня беларусаў (-ак) будзе ўжо не пытаньне аб дэмакратызацыі Беларусі, а значна больш складанае пытаньне аб дэмакратызацыі Саюзнай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Генадзь Коршунаў: «Паўставаньне гарызанталі»Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?