#Беларусь2020
Літаральна для ўсяго сьвету 2020 год праходзіў пад знакам COVID-19 і тых канфліктаў, што ён выклікаў. Беларусь тут сталася пэўным выключэньнем, бо каранавірус ня проста вывеў спадыспаду насьпелыя супярэчнасьці, але спарадзіў сапраўдны сыстэмны крызіс. Менавіта так, і было б памылкай лічыць, што падзеі, якія цяпер акрэсьліваюцца як «#Беларусь2020», маюць толькі палітычныя падставы.
Іх карані значна глыбей, і вытокі трэба шукаць у першай палове 90-х мінулага стагодзьдзя, калі толькі закладаўся падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.
На той час беларускае грамадзтва існавала ў даволі спэцыфічным фармаце разьмеркаванай, лякальнай сацыяльнасьці, дзе панавалі засяроджанасьць на паўсядзённым, пераважная каштоўнасьць інтарэсаў малой супольнасьці і абсэнтэістычнае стаўленьне да ўладаў. Да таго ж адсутнічалі згуртаваная эліта і агульнарэлевантны нацыянальны наратыў, а «грамадзянскае» было вылегчанае да тады яшчэ актуальнага савецкага эквіваленту падданства. То бок унутраных падстаў для паўнавартаснай праявы суб’ектнасьці грамадзтва (у тым ліку — палітычнай) адкрыта бракавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»Праз усё гэта на першых прэзыдэнцкіх выбарах узьнікла і запрацавала своеасаблівая грамадзкая дамова з новай уладай, паводле якой апошняя атрымала амаль выключныя правы палітычнага суб’екта, а грамадзтва задаволілася падтрыманьнем пэўных стандартаў дабрабыту і бясьпекі. Гэта ня самая тыповая вэрсія сацыял-кансэрватызму, але і не беспрэцэдэнтны выпадак для грамадзтваў мадэрнова-індустрыяльнага тыпу, што функцыянуюць у межах збольшага вэртыкальна-герархічнай лёгікі.
Між тым гістарычны працэс разгортваўся сваім парадкам, і лёгіка заходняй цывілізацыі паступова пераходзіла ў новы фармат — лічбавы, які павольна, але няўмольна зьмяняў усе вымярэньні грамадзтва (ад паўсядзённай камунікацыі і лягістыкі, праз адукацыйныя і працоўныя практыкі, да эканомікі, палітыкі і культуры). На сацыяльным узроўні гэтыя зьмены тычыліся галоўным чынам арганізацыі сумеснай дзейнасьці, якая рабілася ўсё больш мабільнай, ініцыятыўнай, сеткавай, дэцэнтралізаванай і гарызантальнай, што выходзіла за межы вэртыкальна-герархічных структураў і пакрысе іх дэканструявала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»Дзякуючы высокаму ўзроўню чалавечага капіталу і блізкасьці да Эўропы беларускае грамадзтва было таксама ўключанае ў працэсы дыгіталізацыі (і чым далей, тым шчыльней), што было значным складнікам яго эвалюцыі. Дадатковымі чыньнікамі пазначанай дынамікі сталіся працяг урбанізацыі краіны, далейшы рост узроўню адукацыі і паскарэньне працэсаў зьмены пакаленьняў з прычыны высокіх тэмпаў тэхналягічнага разьвіцьця.
Тут трэба адзначыць, што ў пэўным сэнсе грамадзтва эвалюцыянавала нібы само па сабе ці нават насуперак уладам, якія і самі характарызаваліся значнай ступеньню рыгіднай гермэтычнасьці, і ў сваёй палітыцы вялі курс на кансэрвацыю становішча ў краіне шляхам даволі жорсткага ўтрыманьня рэтрасавецкіх стандартаў ва ўсіх сфэрах быцьця.
Да пэўнага часу такая рознаскіраваная дынаміка ня вельмі замінала сваім адэптам — нават калі ў сярэдзіне 2000-х гадоў улады пачалі скарачаць выдаткі на «сацыялку», чым часткова адступаліся ад сваіх абавязкаў па першапачатковай сацыяльнай дамове. У адказ на гэта грамадзтва проста пачало ўкладацца ў лічбавыя магчымасьці, раскручваць прыватны сэктар і нарошчваць гарызантальныя сувязі, усё больш каштоўнасна адрываючыся ад ХХ стагодзьдзя.
Насамрэч, складалася дзіўная сытуацыя — значная частка грамадзтва ўжо ўваходзіла ў лічбавую, інфармацыйную, постындустрыяльную фазу разьвіцьця, а ўлады заставаліся на прыступцы (у лепшым выпадку) «індустрыяльнага грамадзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Рыгор Астапеня: «Беларусы паказалі, што могуць быць суб’ектам, а не аб’ектам палітыкі»Цяжка казаць, колькі магло існаваць такое распаралельваньне краіны праз узаемнае адчужэньне ўладаў і грамадзтва, але ўсё вырашыў каранавірус. Менавіта яго першая хваля разбурыла былы парытэт, бо ня толькі выкрыла няздольнасьць уладаў адэкватна вырашыць праблему каранавірусу, але й актуалізавала лятэнтную датуль суб’ектывацыю грамадзтва — разуменьне сваёй адказнасьці за існую сытуацыю. Відавочна, інструмэнтальна-функцыянальным рыштункам гэтага працэсу сталі назапашаныя беларускім грамадзтвам гарызантальныя сувязі (прычым як унутры краіны, так і за яе межамі), якія шуганулі шэрагам спантанных ініцыятываў па падтрымцы мэдыкаў.
Тады, даўшы рады экзыстэнцыяльнаму выкліку з боку COVID-19, грамадзтва зрабіла некалькі важных рэчаў: па-першае, пераадолела межы сваіх лякальнасьцяў; па-другое, актуалізавала і ўзбагаціла ўласны «гарызантальны» патэнцыял; па-трэцяе, пачало адчуваць супольную моц, якой не хапала ўвасабленьня ў рэчаіснасьці.
Прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў стала выдатнай падставай для легітымнай спробы ўвасабленьня адчутай грамадзтвам суб’ектнасьці, асабліва пасьля ковіднай дэсакралізацыі ўладаў. Менавіта праз гэтыя адчуваньні паўсталі чэргі на подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў і першыя ланцугі салідарнасьці. І тады на вуліцах людзі пабачылі, што яны не паасобку; грамадзтва пачало асэнсоўваць, што яно сапраўды — супольнасьць і грамада.
Але ўлады пайшлі насуперак спадзеву і дзеяньням грамадзтва, і 9 жніўня здарылася тое, што здарылася — «Архіпэляг Акрэсьціна»…
Паралельныя дагэтуль рэчаіснасьці за лічаныя дні і ночы сталі артаганальнымі, а іх супрацьстаяньне — экзістэнцыйным. Улада рэдукавалася да прамога гвалту, а грамадзтва зайшлося ад разьдзеленага на ўсіх болю. Лякальнае, сваё, яно сягнула за межы краіны і выйшла ў сусьвет, стварыўшы вялікае «Мы». Праз імгненнасьць і су-існаваньне ў Сеціве, праз агульнасьць пражываньня трагедыі, празь немагчымасьць трываць вусьціш — выбухнула, зашчыравала гарызантальная рэвалюцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валер Карбалевіч: «Пасіянарны выбух 2020 году — форма нацыянальна-вызвольнага руху»Так, з аднаго боку, праз гвалт і прававы дэфолт уладаў, што ствараюць дэпрывацыйную сытуацыю няпэўнасьці і анаміі, з другога — праз узаемадапамогу і салідарызацыю, маральную еднасьць і ўсьведамленьне супольнасьці ў Беларусі пачаў паўставаць новы тып сацыяльнасьці — гарызантальны. Яго адметная асаблівасьць — адмаўленьне герархіі і дэцэнтралізацыя спантаннага ўзаемадзеяньня актыўных і адказных суб’ектаў. Тых суб’ектаў, якія маюць агульныя мэты і выпрацоўваюць новыя мадэлі адчуваньняў, мысьленьня і дзейнасьці без удзелу пастаянных пасярэднікаў.
Сацыяльна-функцыянальныя праявы гэтага «паўставаньня гарызанталі» — грамадзкае асэнсаваньне сваіх моцы і тоеснасьці, ініцыятыўная самаарганізацыя і прадукаваньне эфэктыўных структураў супольнага дзеяньня, якія функцыянуюць побач з афіцыйнымі інстытутамі або замест іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Богдан: «Падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі»Да гэтага трэба дадаць яшчэ адзін прынцыповы момант — нацыянальны. Тое вялікае «Мы», якое зьявілася ў трагедыі пражываньня няскончанай «#Беларусі2020», яно не зьнянацку «зьявілася». Вядома, яно было і летась, і залетась, і раней. Але яно было маленькае, лякальнае, са сваім вэктарам існаваньня; не зусім атамізаванае, але ж не выгартаванае, без балючага для кожнага стрыжня.
Цяпер жа, калі былая лякальнасьць перафарматавалася, стрэліла пераасэнсаваньне, пераўсьведамленьне сваёй, адметна беларускай саматоеснасьці. Адрознай, асобнай, годнай. Той, якой можна і патрэбна ганарыцца. Стварыўся новы вобраз Беларусі і беларусаў — для сябе і для сусьвету. Зьявіўся новы міт пра беларусаў як нацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валерыя Касьцюгова: «Грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Натальля Васілевіч: «Беларусы навучыліся станавіцца лідэрамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Алена Гапава: «Новая апазыцыя вярнула нам нас саміх» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Дубавец: «Урок году — у абнаўленьні словаў»Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?