Узнаўляльны, але ўсё ж абмежаваны рэсурс
Як бы мы ні ацэньвалі вынікі 2020 году, важна адзначыць, што грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу.
Сацыяльна-эканамічная структура, каштоўнасьці і ўяўленьні аб лепшым жыцьці беларускіх грамадзянаў цалкам адпавядаюць часу і рэгіёну. Нягнуткі палітычны рэжым ня здолеў істотна запаволіць пераход Беларусі да арганізацыі новага парадку, заснаванага не на малапрадукцыйнай працы, а на камунікацыях і спэцыялістах.
Выглядае, для эфэктыўнай абароны ад глябалізацыі недастаткова ізаляваць ад грамадзтва сыстэму кіраваньня і весьці адрасныя рэпрэсіі, а неабходная поўная ізаляцыя ўсяго грамадзтва. Так ці інакш, неадпаведнасьць паміж каштоўнасьцямі і памкненьнямі грамадзян і дзяржавы ўвесь час паглыблялася і, мяркуючы па выніках, да 2020 году дасягнула крытычных значэньняў.
Праўдападобна, адыграў сваю ролю і «эфэкт Майдану». З 2012 па прыкладна 2018 год улада лічыла, што эканамічная актыўнасьць грамадзянаў, новыя тэхналёгіі і нават нармалізацыя адносінаў з ЭЗ не пагражаюць захаваньню дыстанцыі паміж уладай і грамадзтвам, і зьнізіла ў гэтых абласьцях «каэфіцыент запаволеньня».
Бізнэс і новыя тэхналёгіі разьвіваліся дзякуючы апарату здушэньня павольней, чым у суседніх краінах, але не нагэтулькі павольна, як адносіны ўлады і грамадзтва. Але нават і ў палітычнай сфэры былі пэўныя зьмякчэньні. Курс уладаў на адставаньне краіны ад астатняга сьвету стаў менш відавочным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»У грамадзтва зьявілася надзея на эвалюцыйнае разьвіцьцё, на тое, што апарат здушэньня якой-хаця актыўнасьці зь цягам часу аслабіць хватку і агульныя ўмовы ў Беларусі будуць паступова набліжацца да сучаснасьці.
Але цягам 2018–2019 гадоў улада, адчуўшы пагрозу скарачэньня дыстанцыі паміж ёю і грамадзтвам, пачала вяртаць магутнасьць апарату здушэньня да ранейшых значэньняў, аднавіўшы «каэфіцыент запаволеньня» ў эканоміцы, новых тэхналёгіях, адукацыі, ахове здароўя і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці да ранейшага стану. Надзеі на эвалюцыю страцілі падставы да пачатку 2020 году.
Сацыяльны выбух стаў непазьбежным, хоць ён і ня быў перадвызначаны менавіта прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй 2020 году. Паскарэньне падзеям надала дэманстрацыйная адмова дзяржавы ад клопату пра жыцьцё і здароўе грамадзянаў у часе пандэміі COVID-19. І факт, што самыя масавыя пратэсты ў Беларусі не плянаваліся прафэсійнымі палітыкамі і пачаліся ў абарону галасоў за невядомую да выбараў хатнюю гаспадыню, сьведчыць, што ўлада і палітыкі сурʼёзна недаацанілі ступень сацыяльнага напружаньня напярэдадні падзеяў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»Доўгі час уладам удавалася адкладаць непазьбежнае, ствараючы ілюзію, што выбар магчымы толькі паміж яе кансэрватыўным праектам і іншым ня менш кансэрватыўным — ультыматыўным нацыяналізмам, таксама творам ХХ стагодзьдзя, які, як і савецкі праект, грунтуецца на ўяўленьні пра невычэрпнасьць чалавечых рэсурсаў і, адпаведна, магчымасьць нэўтралізацыі або перавыхаваньня ўсіх, хто ў яго ня ўпісваецца. Для падмацаваньня сваёй ідэі «невычэрпнасьці» рэсурсаў улада заклікала цень Расеі, адрэтушаванай да агіткі позьняга СССР.
Пакуль тэлевізар зь яго немагчымасьцю выбару і зваротнай сувязі заставаўся дамінантным сродкам масавай інфармацыі, уладам удавалася паказваць палітычную апазыцыю як ультыматыўна-нацыяналістычную і лібэральную (уключаючы нават апазыцыйных камуністаў). Гэтым няхітрым прыёмам улада сканструявала сэрыю ілжывых палітычных дылемаў для беларусаў: Захад / Усход, індывідуалізм / калектывізм, лібэралізм / сацыяльная палітыка, нацыяналізм / прарасейскасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Богдан: «Падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі»Ня дзіўна, што беларусы ў сваёй большасьці ў якасьці палітычных поглядаў выбіралі абсэнтэізм, ня ўпісваючыся ў гэтыя састарэлыя опцыі і часьцяком аддаючы перавагу і аднаму, і другому, — калі такая магчымасьць неяк узьнікала. Бо ў выніку рэальная лінія сацыяльнага падзелу адбываецца па лініі хронапалітыкі, якая падзяляе «ўчора» і «сёньня» і ўвогуле не супадае з цывілізацыйна-геапалітычным расколам паміж «вялікай» Расеяй і калектыўным Захадам.
Таму, як толькі зьявіліся кандыдаты, якія не надаюць значэньня праблемам прапаганды і не паўтараюць за ёй, грамадзтва натхнілася. Зь ім загаварылі на мове яго праблемаў — пра сучаснасьць, пра спосабы жыць у сьвеце бяз штучна навязанага выбару паміж капіталізмам і «сацыяльнай дзяржавай», Расеяй ці Эўропай, пра салідарнасьць, пра формы калектыўнага дзеяньня, нарэшце, пра годнасьць чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Натальля Васілевіч: «Беларусы навучыліся станавіцца лідэрамі»Важна адзначыць, што немалая частка гэтак званых прыхільнікаў Лукашэнкі, то бок людзей, якія альбо галасавалі за яго, альбо дэлегавалі гэтую функцыю ЦВК, часьцяком падтрымліваюць Лукашэнку галоўным чынам у тым, што палітычная мабілізацыя і палітычны крызіс — ня лепшы варыянт сучаснасьці і будучыні.
Гэтыя людзі — у пэўных выпадках справядліва — лічаць, што пры любой палітычнай сыстэме іх месца ў сацыяльным ляндшафце застанецца далёкім ад цэнтраў прыняцьця рашэньняў. Таму масавы рух за зьмену ўлады і дэмакратызацыю не сустрэў супраціву з боку прыхільнікаў Лукашэнкі, не інтэграваных у органы ўлады.
Але з 2021 году самі ўлады ажыцьцяўляюць пэрманэнтную палітычную мабілізацыю. Маўклівай падтрымкі (шляхам фактычнага ўхіленьня ад палітыкі) Лукашэнку ўжо недастаткова, і ў навінах зьяўляюцца паведамленьні аб калектыўных зваротах грамадзянаў у падтрымку ўлады, аб стварэньні войскаў самаабароны і г.д. У прынцыпе гэта азначае, што спакойнае жыцьцё ўдалечыні ад палітыкі становіцца немагчымым, не застаецца месца для славутай стабільнасьці. Дзяржаўны апарат вынаходзіць усё новыя спосабы нэўтралізацыі сабатажу і ўхіленьня — спосабаў паводзінаў, якія разбураюць сацыяльны кантракт, які накідаюць улады пасьля выбараў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Валер Карбалевіч: «Пасіянарны выбух 2020 году — форма нацыянальна-вызвольнага руху»Ці зьяўляецца мабілізацыя прыхільнікаў улады палітычнай памылкай? Цалкам можа быць.
Улічваючы тое, што да сярэдзіны 2021 году ў Беларусі не засталося сацыяльных групаў, уключаючы кіроўную, якія былі б задаволеныя станам рэчаў, хутчэй за ўсё, папулярнасьць ідэі сацыяльнага прымірэньня будзе нарастаць.
Грунтавацца такое прымірэньне можа, у прыватнасьці, на агульным прызнаньні таго бясспрэчнага факту, што чалавечыя рэсурсы абмежаваныя. Што нас, беларусаў, усяго 9,5 мільёна ў сьвеце, у якім аснову эканомікі складае кваліфікаваная праца і / альбо прадпрымальнасьць. Што 140 мільёнаў расейцаў ня будуць вырашаць нашы праблемы і 450 мільёнаў эўрапейцаў — таксама. Што сьмешна разьлічваць, нібыта 2 мільярды кітайцаў кінуцца дапамагаць нам захоўваць састарэлую сыстэму кіраваньня і элемэнты савецкай эканомікі, у той час як самім ім давялося ад усяго гэтага адмовіцца.
І калі сурʼёзна прыняць да ведама, што беларусаў усяго 9,5 мільёна і больш ня стане, то давядзецца прызнаць, што ў распараджэньні любога палітычнага праекту «асаблівага шляху» — надзвычай малы чалавечы рэсурс, які да таго ж скарачаецца з прычыны адтоку кваліфікаваных работнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Сяргей Дубавец: «Урок году — у абнаўленьні словаў»Вядома, непрымірэнныя лягеры ўсё роўна застануцца. Ёсьць агульнае правіла сацыяльнай псыхалёгіі — чым меншае кола / абшар уплыву, тым больш прывабныя найбольш непрымірэнныя пазыцыі. Цяпер ультыматыўныя «заябацькі» і нацыяналісты гатовыя падмацоўваць свае пазыцыі пакаленьнямі, якія адышлі ў нябыт, альбо ілюзорнымі хаўрусьнікамі, бо рэальны ўплыў гэтых поглядаў вельмі абмежаваны.
Але большасьць беларусаў, як паказалі падзеі 2020 году, цалкам згодныя берагчы людзей і гатовыя да інклюзіўнай палітыкі. Няма сумневу, што ўладам, пасьля няўдалых спробаў накінуць сваё ўтапічнае бачаньне хаўрусьніцтва з Расеяй і Кітаем, давядзецца зьмірыцца з тым, што іншых беларусаў ёй не здабыць і давядзецца мець справу з тымі, якія цяпер жывуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Алена Гапава: «Новая апазыцыя вярнула нам нас саміх»Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?