У першапачатковым сьпісе Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі было 96 атлетаў, затым ён павялічыўся яшчэ на паўтара дзясятка. Пасьля адмовы ехаць у Японію майстроў вялікага і малога тэнісу — Вікторыі Азаранкі і Ўладзімера Самсонава — канчатковая лічба зафіксавалася на адзнацы 108. У гэтым ліку і тыя, хто пацярпеў за сваю грамадзянскую пазыцыю і да апошняга ня меў пэўнасьці наконт месца ў нацыянальнай зборнай.
Нягледзячы на самую нешматлікую прысутнасьць на летніх Гульнях за ўсю гісторыю выступаў сувэрэннай камандай, Беларусь ужо стала безумоўнай адметнасьцю стракатага інтэрнацыяналу — бадай, упершыню пад адным краінавым дахам няма ідэйнага адзінства. Пунктам падзелу стала рэакцыя на леташнія пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і на далейшы гвалт сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атлеты пратэсту. Хто зь іх паедзе на Алімпіяду ў ТокіёКалі адны спартоўцы рашуча асудзілі падтасоўкі з падлікамі галасоў і беспадстаўную жорсткасьць праваахоўнікаў, іншыя публічна нахвальвалі тагачаснага прэзыдэнта НАК Лукашэнку за ваяўнічую рашучасьць.
Падставай да канчатковага расколу стаў ліст Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў з асуджэньнем гвалту, патрабаваньнямі сумленных выбараў і адстаўкі Лукашэнкі. Свае подпісы пакінулі больш за 2100 чалавек. Праўда, некаторыя пад ціскам чыноўнікаў пазыцыю памянялі, іншых выключылі са складу камандаў у відах спорту ці замянілі на ляяльных кандыдатаў.
Але сямёрка адважных — найперш бо незаменныя — усё ж атрымала магчымасьць парадаваць сваіх заўзятараў. Такім чынам, вось расклад выступаў «пратэставых» беларускіх атлетаў.
Паглядзець выяву ў вялікім памеры>>>
Карына Казлоўская
Стральба з лука, жанчыны
- 23 ліпеня, пятніца — камандная кваліфікацыя (03:00 — тут і далей час беларускі)
- 25 ліпеня, нядзеля — 1/8 фіналу (03:30), 1/4, 1/2 фінала і фінал (07:45)
- 27 ліпеня, аўторак — індывідуальная праграма (03:30, 10:00)
- 30 ліпеня, пятніца — 1/8 фіналу (03:30), 1/4, ½, фінал (10:00)
Карына Казлоўская — спартоўка-інструктарка нацыянальнай каманды ў стральбе з лука, адна з самых маладых падпісантак звароту супраць дзеяньняў беларускіх уладаў. Дарэчы, яе партнэркі па камандзе Карына Дзямінская і Ганна Марусава — падпісанткі праўладнага ліста за Лукашэнку.
Дзяўчыне нядаўна споўніўся 21 год. Пазалетась яна прадстаўляла Беларусь на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску, заваяваўшы срэбны мэдаль у складзе жаночай каманды. У той жа год на Сусьветных вайсковых гульнях у кітайскім Ухані выйграла залатую ўзнагароду.
Акрамя згаданага ліста, Карына Казлоўская разам з плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, штурхальніцай ядра Надзеяй Астапчук і шматборцам Андрэем Краўчанкам падпісала Мэмарандум у абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпійскія дысыдэнты. Як будуць ужывацца між сабой у Токіё беларускія спартоўцы-антаганістыДзьмітры Асанаў
Бокс, катэгорыя да 63 кг, мужчыны
- 25 ліпеня, нядзеля — 1/16 фіналу (05:00)
- 31 ліпеня, субота — 1/8 фіналу (05:00, 11:00)
- 3 жніўня, аўторак — ¼ фіналу пры ўмове выхаду (05:00, 11:00)
- 6 жніўня, пятніца — ½ фіналу пры ўмове выхаду (08:00)
- 8 жніўня, нядзеля — фінал пры ўмове выхаду (08:00)
Дзьмітры Асанаў — адзін з самых пэрспэктыўных баксэраў у лёгкай вагавай катэгорыі, шматразовы чэмпіён Эўропы, прызэр чэмпіянату сьвету. Аляксандар Лукашэнка асабіста ўручаў яму пасьведчаньне заслужанага майстра спорту.
Аднак усё зьмянілася пасьля леташніх пратэстаў, калі ўраджэнец Маладэчна апынуўся ў ліку «спартовых экстрэмістаў» — імя баксэра стаіць пад № 2 у адкрытым лісьце з патрабаваньнямі да ўлады. За гэта Міністэрства спорту і Фэдэрацыя боксу не дазволілі яму дэбютаваць сярод прафэсіяналаў, а заробак зрэзалі амаль у 10 разоў.
Мінулым летам Дзьмітрыя Асанава прызналі пераможцам конкурсу «Найлепшы ў боксе», які ладзіць Міжнародная асацыяцыя боксу. Беларус стаў першым у катэгорыі «Эліта».
Яўген Цуркін
Плаваньне, мужчыны
- 27 ліпеня, аўторак — 100 м вольным стылем, кваліфікацыя (13:00)
- 28 ліпеня, серада — 1/2 фіналу (04:30)
- 29 ліпеня, чацьвер — фінал (04:30)
- 29 ліпеня, чацьвер — 100 м батэрфляем, кваліфікацыя (13:00)
- 30 ліпеня, пятніца — 1/2 фіналу (04:30)
- 30 ліпеня, пятніца — 50 м вольным стылем, кваліфікацыя (13:00)
- 31 ліпеня, субота — ½ фіналу (04:30)
- 31 ліпеня, субота — фінал 100 м батэрфляем (04:30)
- 1 жніўня, нядзеля — фінал 50 м вольным стылем (04:30)
Яўген Цуркін — чэмпіён Эўропы, прызэр чэмпіянату сьвету, удзельнік Алімпійскіх гульняў 2012 і 2016 гадоў. Ягонае прозьвішча зьявілася пад лістом спартоўцаў за свабодныя выбары ў ліку апошніх, толькі на пачатку чэрвеня. Прычына — боязь за сям’ю.
Ягоная жонка — двухразовая алімпійская віцэ-чэмпіёнка ў плаваньні, кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя. Сьледчы камітэт абвясьціў яе ў вышук за «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі з выкарыстаньнем інтэрнэту і СМІ» (ч. 3 арт. 361 КК). Яшчэ да таго з прычыны прэсінгу яна зьехала ў Літву.
Паводле Яўгена Цуркіна, падчас падпісаньня кантракту яму даслалі дадатковае пагадненьне, дзе адзін з пунктаў забараняў выказвацца ў СМІ без узгадненьня з працадаўцам. Плывец адказаў, што гэта парушае 33-ы артыкул Канстытуцыі, і адмовіўся ставіць подпіс.
Эльвіра Герман
Бег на 100 м з бар’ерамі, жанчыны
- 31 ліпеня, субота — кваліфікацыйныя забегі (03:00)
- 1 жніўня, нядзеля — 1/2 фіналу (13:00)
- 2 жніўня, панядзелак — фінал (03:00)
Эльвіра Герман — уладальніца кантынэнтальных і сусьветных тытулаў у бар’ерным бегу спачатку ў моладзевых катэгорыях, а цяпер і сярод дарослых. Месца сярод удзельнікаў Алімпіяды зарэзэрвавала сабе яшчэ год таму.
Адрозна ад калегі Аліны Талай, якая раней актыўна заяўляла пра сябе ў культурніцкім жыцьці, але змаўчала наконт падзей у краіне, Эльвіру Герман фальсыфікацыя выбараў ды жорсткасьць сілавікоў абурылі.
Лёгкаатлетка аказалася ў першай абойме тых, хто падпісаў ліст супраць беззаконьня. А калі пачаўся шантаж з боку функцыянэраў, заявіла, што зьедзе выступаць за іншую краіну, калі ад яе будуць патрабаваць памяняць пазыцыю. Толькі тады дзяўчыну пакінулі ў спакоі. Тым больш на Токіё-2020 яна фігуруе як «мэдалёвае спадзяваньне».
Дар’я Барысевіч
Бег на 1500 мэтраў, жанчыны
- 2 жніўня, панядзелак — кваліфікацыйныя забегі (03:00)
- 4 жніўня, серада — 1/2 фіналу (12:30)
- 6 жніўня, пятніца — фінал (13:50)
Дар’я Барысевіч — адна з найлепшых стаерак краіны, прызэрка чэмпіянату сьвету. Алімпійскую ліцэнзію заваявала яшчэ летась на этапе Брыльянтавай лігі. Але пасьля ліста свабодных спартоўцаў, падпісанага разам з мужам-хадаком Дзьмітрыем Дзюбіным, пачаўся прэсінг.
За «крамольны» подпіс мэтанакіравана шальмавалі, выехаць на замежныя зборы ўдалося толькі дзякуючы незалежнай падтрымцы. Летась у канцы лістапада скончыўся яе кантракт у Памежным камітэце, аўтаматычна яна страціла і месца ў нацыянальнай камандзе. Але з улікам несумненных заслуг (асабліва з пэрсанальным унёскам на вяртаньне лёгкаатлетычнай каманды ў Супэрлігу) усё ж рэабілітавалі — прынамсі на час Алімпіяды.
Яе муж Дзьмітры Дзюбін дзякуючы апэратыўнаму «пакаяньню» сур’ёзных санкцый пазьбег і таксама выправіўся ў Токіё.
Марыя Жодзік
Скачкі ў вышыню, жанчыны
- 5 жніўня, чацьвер — кваліфікацыя (03:00)
- 7 жніўня, субота — фінал (13:00)
Марыя Жодзік — пэрспэктыўная маладая скакуха ў вышыню, выхаванка Баранавіцкай школы алімпійскага рэзэрву № 2. Здолела адабрацца на Алімпіяду толькі ў чэрвені па выніках чэмпіянату Беларусі і з асабістым рэкордам (196 см) — ужо пасьля агучваньня папярэдняга сьпісу кандыдатаў на паездку.
Пасьля таго як НАК зацьвердзіў яе ў выніковым складзе дэлегацыі, у многіх аматараў лёгкай атлетыкі зьявілася яшчэ адна нагода сачыць за спаборніцтвамі — 22-гадовая Марыя Жодзік стала яшчэ адной прадстаўніцай Беларусі з подпісам за сумленныя выбары ў актыве.
Спробы націснуць на маладую спартоўку, каб зьмяніць пазыцыю, плёну не далі, і цяпер ідэйным антаганістам давядзецца адзін да аднаго неяк прыстасоўвацца.
Вольга Мазуронак
Маратон, жанчыны
- 7 жніўня, субота (01:00)
Вольга Мазуронак — чэмпіёнка Эўропы ў маратонскім бегу, беларускае спадзяваньне ў самым цяжкім відзе лёгкай атлетыкі. Пры гэтым стала ахвярай уласнай пазыцыі, якую наверсе палічылі «здрадай».
Прыгразілі месцам у нацыянальнай камандзе, зьнялі прэзыдэнцкую стыпэндыю, адкамандзіравалі зь Мінспорту ў Мінабароны, а ўрэшце звольнілі і адтуль. «Кантрольным стрэлам» пазбавілі міжсэзоннага збору. У выніку Фонд спартовай салідарнасьці падтрымаў уганараваную лёгкаатлетку, арганізаваўшы ёй выезд у Турэччыну.
Як і ў трыё лучніц, у дуэце беларускіх маратонцаў таксама склалася цікавая сытуацыя. Другая ўдзельніца забегаў на звышдоўгія дыстанцыі Ніна Савіна — падпісантка праўладнага ліста, таму яе матэрыяльная і фінансавая падрыхтоўка была забясьпечаная ў поўным аб’ёме.
***
8 жніўня а 14-й гадзіне паводле беларускага часу заплянаванае ўрачыстае закрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Токіё.
Найбольш пасьпяховымі для зборнай Беларусі былі Гульні 2000 году ў Сыднэі, дзе спартоўцы агулам здабылі 17 узнагародаў рознай вартасьці. Найгоршымі аказаліся папярэднія старты ў Рыё-дэ-Жанэйра, адкуль удалося прывезьці 9 мэдалёў, толькі адзін залаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Алімпіядзе ў Токіё прайшлі першыя гульні, хаця афіцыйнага адкрыцьця яшчэ не было ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 пытаньняў і адказаў пра новыя алімпійскія віды спорту, якія дэбютуюць у Токіё