Эўразійскі банк разьвіцьця ў штотыднёвым аглядзе эканомік ЭАЭС спрагназаваў гадавую інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 10% і павышэньне стаўкі рэфінансаваньня да гэтага значэньня.
Там адзначылі, што грашова-крэдытныя ўмовы становяцца больш жорсткімі на фоне значнага перавышэньня інфляцыяй мэтавага арыенціру (9,9% у чэрвені — пры мэце ня больш за 5% на 2021 год) і росту інфляцыйных чаканьняў. Нацбанк чакае гадавой інфляцыі каля 9% па выніках году, што блізка да базавага прагнозу ЭАБР — 8,7%.
Павышэньне стаўкі разам з павелічэньнем разьліковых велічынь стандартнай рызыкі будзе стрымліваць спажывецкую і інвэстыцыйную актыўнасьць. ЭАБР дапускае далейшае павышэньне стаўкі рэфінансаваньня ў гэтым годзе, аж да 10% і нават вышэй пры пэўных умовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Эўразьвязу ў Беларусі: Санкцыі можна скасаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраньнемЭкспэрты заўважаюць, што рост ВУП Беларусі запаволіўся прыкладна да 3,8% у чэрвені з больш як 5% у траўні, і па выніках паўгодзьдзя склаў 3,3% год да году.
Раней стала вядома, што спажывецкія цэны ў Беларусі ў чэрвені ў параўнаньні з траўнем вырасьлі на 0,7%, а ў параўнаньні са сьнежнем 2020 году — на 5,8%. У гадавым вымярэньні інфляцыя ў чэрвені склала 9,9%.
Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што з падтрымкай Расеі афіцыйнаму Менску ўдасца перакрыць наступствы ад заходніх санкцый.
«Гэта тычыцца крэдытна-фінансавай падтрымкі беларускай банкаўскай сыстэмы, страхаваньня нашых угодаў. Таму ў нас няма сумненьняў, што ў гэтай частцы падтрымка Расеі цалкам перакрые тыя магчымыя наступствы, на надыход якіх разьлічваюць тыя, хто гэтыя санкцыі ўводзіць. Гэта выгадна і Расейскай Фэдэрацыі — мы працуем на ўзаемавыгадных умовах», — дадаў Галоўчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная праблема беларусаў не Лукашэнка, а Пуцін, — Віталь Портнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітык Вадзім Мажэйка: Стратэгічнай пэрспэктывы ні ўлада, ні эканоміка Лукашэнкі ва ўмовах санкцый ня маюць