Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што ўсе неабходныя дакумэнты, каб закрыць справу, ведамства мае, аднак не захацела зрабіць гэта ў дасудовым парадку.
«У працэсе дасудовага разгляду высьветлілася, што асновай для вынесенага папярэджаньня ад 25 траўня, якое мы не атрымалі і таму не змаглі своечасова адрэагаваць, сталі нібыта праблемы з юрыдычным адрасам і абраньнем кіроўных органаў. Усе неабходныя дакумэнты, каб закрыць гэтую справу, Міністэрства юстыцыі мае, але не пагадзілася зрабіць гэта ў дасудовым парадку. Празьмерная загрузка выкліканая пазаплянавай праверкай дзясяткаў НДА, не дае ім магчымасьці прааналізаваць і прызнаць свае памылкі», — адзначыў Юрась Губарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Беларусі ініцыявала прыпыненьне дзейнасьці руху «За свабоду»
Пры гэтым ён зьвяртае ўвагу, што Міністэрства юстыцыі адначасова падпісвае папярэджаньне, дзе сьцьвярджае, што паўнамоцтвы кіраўніка арганізацыі закончыліся ў 2020 годзе, і ў гэты ж момант заносіць у пасьведчаньне іх працяг да 2022-га.
Рух «За свабоду» запачаткаваў экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч.
Тым часам стала вядома, што Вярхоўны суд прызначыў на пазоў Міністэрства юстыцыі працэс аб спыненьні дзейнасьці арганізацыі «Прававая ініцыятыва». Разбор у справе заплянаваны на раніцу 30 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя „сілавікі“ катавалі людзей з асалодай». Беларускі праваабаронца расказаў, як зьбіраюць доказы злачынстваў«Прававая ініцыятыва» – некамэрцыйная недзяржаўная арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека. Створана ў 1996 годзе. 16 ліпеня па месцы рэгістрацыі старшыні аб'яднаньня Вольгі Фёдаравай адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сама кіраўніца ад сёлетняга сакавіка знаходзіцца за межамі Беларусі.