Праблемы са здароўем у дыпляматаў, супрацоўнікаў разьведкі і іншых чыноўнікаў у Вене пачаліся неўзабаве пасьля інаўгурацыі 46-га прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў студзені сёлета, паведамляюць часопіс New Yorker і агенцтва Associated Press. Урадавыя агенцтвы ЗША называюць праявы сымптомаў у супрацоўнікаў «анамальнымі або невытлумачальнымі інцыдэнтамі са здароўем», аднак у прыватных гутарках кіраўнік ЦРУ Ўільям Бёрнс называе іх ня інцыдэнтамі, а атакамі, сьцьвярджае New Yorker.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падазраюць Расею ў нападах з ужываньнем «накіраванай энэргіі»«Гаванскі сындром» названы так паводле інцыдэнтаў у сталіцы Кубы, дзе з канца 2016 году амэрыканскія дыпляматы паведамлялі аб моцных галаўных болях, млоснасьці, стомленасьці і пагаршэньні каардынацыі і слыху. У 2018 годзе аналягічныя сымптомы зьявіліся ў супрацоўнікаў консульства ў Кітаі, у канцы красавіка 2021 году тэлеканал CNN паведаміў, што два падобныя выпадкі былі зафіксаваныя на тэрыторыі ЗША.
Высокапастаўленыя чыноўнікі як у адміністрацыі былога прэзыдэнта Дональда Трампа, так і ў адміністрацыі Байдэна ўпэўненыя, што амэрыканцы маглі быць атакаваныя Расеяй. Часопіс Politico ў траўні паведамляў, што арганізатарамі можа выступаць расейская вайсковая выведка ГРУ, аднак дакладных доказаў гэтага пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША западозрылі ГРУ ў акустычных атаках на амэрыканскіх дыпляматаўАмэрыканскія ўлады падазраюць, што «гаванскі сындром» можа быць вынікам узьдзеяньня на чыноўнікаў гукавых або мікрахвалевых хваляў. Паводле стану на пачатак лета было вядома аб 130 чыноўніках, якія пацярпелі ад сындрому, у гэты лік не ўваходзяць засакрэчаныя зьвесткі аб магчымых пацярпелых з ЦРУ.
Вена — адзін з цэнтраў сусьветнага шпіянажу з прычыны прысутнасьці ў горадзе офісаў шэрагу міжнародных арганізацый. Амэрыканская амбасада і пад’езды да яе добра ахоўваюцца, адзначае New Yorker, аднак супрацоўнікі жывуць за межамі яе тэрыторыі, дзе могуць быць больш уразьлівыя для ўзьдзеяньняў збоку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акустычныя атакі», ад якіх пацярпелі амэрыканскія дыпляматы, прыпісалі мікрахвалевай энэргіі