Затрыманьне ў Маладэчне
Пра затрыманьне праваабаронцы «Вясны» з Маладэчна Алеся Капуцкага паведамілі ягоныя калегі.
14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны».
Восем праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намесьнік старшыні «Вясны»
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (грамадзянка Расеі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны» (Горадня)
Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Ўладзімера Лабковіча Ніну Лабковіч. Яна дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band.
Напярэдадні Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай у зьвязку з атакай сілавікоў на грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Сярод іншага, праваабаронцы заявілі, што ня спыняць сваёй дзейнасьці.
Ператрус у Лідзе
Прайшоў ператрус дома ў швачкі зь Ліды Тацяны Грыцук. Сілавікі яе вазілі на допыт, пазьней адпусьцілі. Яна праходзіць як сьведка ў крымінальнай справе, артыкул невядомы. Пра гэта паведамляе лідзкі бард Сяргей Чарняк.
Ператрус у ТБМ
Вобшук адбыўся таксама ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Сілавікі забралю аргтэхніку, паведаміла ў Фэйсбуку Алена Анісім.
Затрымалі праваабаронцу Юлю Гарачку
Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку яе маці, Натальля Гарачка. «Маю дачку, праваабаронцу, Юлю Гарачка схапілі і трымаюць ў ІЧУ!!!! Пакуль што нічога не вядома», — напісала яна.
Ператрус у старшыні ТБШ
Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка паведаміў, што ў яго дома быў ператрус, забралі дакумэнты арганізацыі і тэхніку.
У Гомлі супрацоўнікі міліцыі апыталі старшыню мясцовага ТБМ
У Гомлі супрацоўнікі АБЭЗ (аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю) апыталі старшыню гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алесю Аўласевіч. Пытаньні міліцыянтаў тычыліся працы офіса ТБМ, але ён з мінулага году не працуе.
Як распавяла Алеся Аўласевіч, міліцыянты цікавіліся – зь якой пары яны здымалі для офісу памяшканьне на гомельскай вуліцы Працоўнай, якую дзейнасьць там праводзілі. «Мы праз ковід адмовіліся ад арэнды офісу яшчэ мінулай зімой. Таму натуральна ніякую дзейнасьць не праводзілі там. А што праводзілі раней – то ўсё ў межах нашага статусу – папулярызавалі беларускую мову, праводзілі заняткі для дзяцей. Пыталіся пра нейкага нашага суседа, індывідуальнага прадпрымальніка, які арандаваў офіс побач. Але мы яго ня ведаем», – зазначыла Алеся Аўласевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабарончыя арганізацыі прызналі 12 новых палітвязьняў, сярод іх сябры «Вясны» і грамадзкія актывісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка праваабаронцы Стэфановіча расказала пра ператрус і затрыманьне. ВІДЭА