Актывісты на Кубе паведамляюць пра тысячы затрыманых пратэстоўцаў

Затрыманьне аднаго з удзельнікаў пратэстаў на Кубе, 11 ліпеня 2021

Паводле падлікаў кубінскіх актывістаў, паліцыя затрымала ўжо больш за 5000 чалавек у сувязі з пратэстамі ў краіне. Нямеччына і ЗША заклікаюць вызваліць мірных дэманстрантаў, інфармуе DW.

На Кубе працягваюцца затрыманьні ўдзельнікаў масавых пратэстаў супраць ураду краіны — першых за некалькі дзесяцігодзьдзяў. Усяго затрымалі ўжо больш за 5000 чалавек, паведамляе ў сераду, 14 ліпеня, мясцовы інтэрнэт-партал 14ymedio.com, які сабраў зьвесткі з розных крыніц.

Сярод затрыманых звыш 120 актывістаў і журналістаў. У сацыяльных сетках зьяўляюцца відэакадры ўварваньня паліцыянтаў у дамы людзей і жорсткіх затрыманьняў з ужываньнем зброі.

Кубінскія ўлады пацьвердзілі сьмерць аднаго дэманстранта, заявіўшы, што ён спрабаваў напасьці на паліцэйскі пастарунак. Пры гэтым журналісты і звычайныя людзі ў сацсетках пішуць пра значна большую колькасьць загінулых і пацярпелых падчас сутычак зь сіламі правапарадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кубе адбываюцца блякаваньні інтэрнэту, пратэсты працягнуліся ў прыгарадзе Гаваны

Неўзабаве пасьля пачатку пратэстаў 11 ліпеня ў краіне пачалі блякаваць інтэрнэт. З таго часу ў сацсетках зьяўляліся паведамленьні пра асобныя больш дробныя акцыі. Паводле дадзеных агенцтва AFP, 14 ліпеня ў жыхароў Кубы зноў зьявіўся доступ у інтэрнэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кубе затрымалі каля 100 пратэстоўцаў, улады назвалі дэманстрацыі справай «наймітаў, якіх фінансуюць ЗША»

11 ліпеня на вуліцы кубінскіх гарадоў выйшлі тысячы людзей, пратэстуючы супраць эканамічных праблем і адсутнасьці свабодаў. Адной з прычын пратэстаў стаў недахоп лекавых сродкаў і прадуктаў харчаваньня.

Эканамічныя цяжкасьці Кубы зьвязаныя як з санкцыямі ЗША супраць Гаваны, так і з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі, якая ўдарыла па турызьме — адной з галоўных крыніцаў даходу эканомікі краіны. Улады Кубы абвінавачваюць Злучаныя Штаты ў спробе справакаваць хваляваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кубе ўспыхнулі антыўрадавыя пратэсты. Апошні раз такое было 30 гадоў таму