Гендырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус прывёў зьвесткі, што колькасьць новых выпадкаў COVID-19 на ўсёй плянэце расьце чацьвёрты тыдзень запар, пасьля дзесяці тыдняў зьніжэньня зноў стала павялічвацца колькасьць сьмерцяў ад вірусу.
«Варыянт „дэльта“ прысутнічае цяпер у 111 краінах, і мы чакаем, што неўзабаве ён стане дамінантным штамам ва ўсім сьвеце, калі яшчэ ня стаў. Мы бачым, як краіны зьмякчаюць абмежаваньні на міжнародныя паездкі, але нацыянальная палітыка ўліку статусу падарожнікаў застаецца нескаардынаванай», — сказаў кіраўнік САЗ.
Гебрэесус таксама паскардзіўся на «шакавальную дыспрапорцыю ў глябальным разьмеркаваньні вакцын», ад чаго большая частка насельніцтва Зямлі застаецца ўразьлівай да інфэкцыі.
«Я заклікаў да масавай вакцынацыі як мінімум 10% насельніцтва кожнай краіны да верасьня, як мінімум 40% да канца 2021 году і як мінімум 70% да сярэдзіны наступнага году. Дзеля дасягненьня гэтых мэтаў нам трэба 11 мільярдаў дозаў вакцыны», — паведаміў кіраўнік САЗ.
Эўракамісія паведамляла пра пачатак трэцяй хвалі пашырэньня каранавірусу ў Эўропе яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.
Ва ўсім сьвеце выяўлена больш за 187 мільёнаў хворых на COVID-19, больш за 4 мільёны чалавек памерлі. У Беларусі афіцыйная статыстыка крытыкуецца незалежнымі экспэртамі ў мэдыцыне, якія заяўляюць, што лічбы рэальнай сьмяротнасьці і захворваньняў папраўдзе значна перавышаюць дадзеныя, якія публікуюць улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскую вакцыну Sinovac пачнуць зьмешваць з эўрапейскай — для большай эфэктыўнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мальта стане першай краінай у Эўропе, якая будзе пускаць толькі прышчэпленых ад COVID-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу будуць бясплатна хаваць памерлых ад каранавірусу