«Мы станем першай краінай у Эўропе, якая пойдзе на гэты крок», — газэта Times of Malta цытуе словы віцэ-прэм’ера і міністра аховы здароўя Мальты Крыса Фэрна.
Улады будуць прымаць мальтыйскія сэртыфікаты аб вакцынацыі, сэртыфікаты Эўразьвязу і брытанскія ковід-пашпарты.
Жыхарам Мальты без сэртыфікату вакцынацыі, якія захочуць падарожнічаць за мяжу, неабходна будзе атрымаць адпаведны дазвол уладаў. Па вяртаньні яны будуць абавязаныя прайсьці карантын.
З 3 па 9 ліпеня ў краіне было выяўлена 218 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам, у той час як за папярэднія сем дзён, з 26 чэрвеня па 2 ліпеня, іх было зафіксавана ўсяго 30.
За ўвесь час пандэміі на Мальце было зарэгістравана больш за 30,8 тысячы выпадкаў інфікаваньня, 420 чалавек памерлі.
Мальта мае найвышэйшы ўзровень вакцынацыі ад каранавірусу ў ЭЗ: дзьве дозы вакцыны атрымала 79% насельніцтва, 84% — як мінімум адну дозу.