Ці захопіць Пуцін Украіну? Погляд гісторыка

Уладзімір Пуцін

У чым мае і ў чым ня мае рацыі Пуцін у сваім артыкуле пра адзіны народ — расейцаў, украінцаў і беларусаў? Якія палітычныя высновы вынікаюць з артыкулу прэзыдэнта Расеі? Чаму расейскія палітычныя эліты няздольныя прыняць рэальнасьць ужо 30-гадовага існаваньня незалежнай ад Расеі Ўкраіны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае ўкраінскі гісторык, супрацоўнік інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Георгій Касьянаў.

Касьянаў

  • У сваёй лёгіцы, у лёгіцы прэзыдэнта Расеі, Пуцін мае рацыю.
  • Артыкул Пуціна — кампэндыюм савецкага падручніка гісторыі СССР і прамоваў самога прэзыдэнта РФ, пачынаючы з 2008 году.
  • Некаторыя з тэзаў артыкулу былі артыкуляваныя на Бухарэсцкім саміце NATO, калі ён патрабаваў, каб Украіну не прымалі ў альянс.

Георгі Касьянаў

  • З тае пары ён неаднойчы заяўляў, што Ўкраіна атрымала шэраг расейскіх тэрыторыяў ад бальшавікоў.
  • Другая важная для яго тэма — што расейцы і ўкраінцы гэта адзін народ.
  • І трэцяя ключавая тэмы — што ёсьць нейкія вонкавыя сілы, якія свараць Украіну з Расеяй.
  • Пуцін не гісторык, ён палітык да мозгу касьцей, палітык краіны, у якой ёсьць вялікі сусед — Украіна, і які хоча бачыць гэтага суседа часткай больш шырокай прасторы.
  • Часам ад Пуціна чакаюць, што ён будзе гаварыць, як украінскі патрыёт. А ён не ўкраінскі патрыёт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па што Лукашэнка паехаў да Пуціна? Дыскусія экспэртаў
  • Адны і тыя ж факты могуць інтэрпрэтавацца па-рознаму, Пуцін інтэрпрэтуе іх так, як яму трэба.
  • Для расейскіх элітаў — палітычных, культурных — ідэя аб тым, што ўкраінцы — гэта асобны народ, у прынцыпе непрымальная.
  • Калі ўкраінцы, пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя, прад’явілі прэтэнзію на нейкую асобнасьць, гэта ўспрымалася ў штыхі.
  • Пуцін паўтарае тэзу, якая нарадзілася ў ХІХ стагодзьдзі: што ідэя асобнасьці ўкраінцаў ад расейцаў — гэта вонкавая інтрыга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная праблема беларусаў не Лукашэнка, а Пуцін, — Віталь Портнікаў
  • У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя гэта лічылася польскай інтрыгай, у канцы ХІХ — на пачатку ХХ стагодзьдзя — аўстрыйскай і нямецкай.
  • З пачатку нулявых гадоў расейскія эліты вярнуліся да дзьвюх ідэяў: ідэі асаблівага шляху Расеі і ідэі культурнага ірэдэнтызму, паводле якой Расея прэтэндуе на суайчыньнікаў за мяжой і прасоўвае ідэю этнічнай нацыі.
  • Пры гэтым унутры Расеі расейскі этнічны нацыяналізм ня надта вітаецца. А навонкі прапаноўваецца канцэпт «русского мира».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве расказалі, які народ быў адзіным, а таксама пра жаданьне Ўкраіны ўзмацніць сваю ролю ў Цэнтральнай Эўропе
  • Пуцін праводзіць непарыўную дзяржаўную лінію ад сучаснай Расеі да старажытнай Русі.
  • Гісторыкам зразумела, што ў старажытныя часы ідэнтычнасьць не была этнічнай і нацыянальнай.
  • Гэта вынаходка ХІХ стагодзьдзя. У сялян нават да ХІХ стагодзьдзя ідэнтычнасьць была толькі лякальная.
  • У старажытнасьці была вельмі стракатая мапа ідэнтычнасьці, Пуцін сам сабе супярэчыць, калі кажа, што тады адны хіліліся да Літвы, другія — да Маскоўскага княства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Пуціну тэзіс пра адзін народ з украінцамі і чаму гэта ня так. Думкі ўкраінскіх гісторыкаў і этнографаў
  • Артыкул Пуціна — прыклад таго, як сучасныя паняцьці трансьлююцца, пераносяцца на папярэднія стагодзьдзі, калі такіх паняцьцяў, такога разуменьня сьвету проста не існавала.
  • Я думаю, Пуцін разумее, што ўкраінская мова — гэта мова высокай культуры, мова, якая «склейвае» нацыю.
  • У артыкуле ёсьць супярэчнасьці, выкліканыя супярэчнасьцямі паміж палітычнымі задачамі і рэальнасьцю, якую трэба неяк прызнаваць.
  • Увесь гэты артыкул прыйшоў з СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў патлумачыў словы Пуціна пра «адзіны народ» і «братэрскі народ» адносна расейцаў, украінцаў і беларусаў
  • Пуцін кажа, што Расея вярнула Крым, і ў гэтым гістарычная справядлівасьць.
  • Ці зьяўляецца гэты артыкул пралёгам для актыўных дзеяньняў, я ня ведаю. У расейцаў маса праблемаў з Крымам і з самаабвешчанымі рэспублікамі ў Данбасе. Яшчэ нейкія тэрыторыі далучаць — гэта непадʼёмная задача.
  • Любы прэзыдэнт Украіны, якім бы прарасейскім ці праамэрыканскім ён ні быў, так ці інакш будзе спрабаваць дэманстраваць субʼектнасьць.

Што было раней

  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін апублікаваў артыкул аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў на расейскай і ўкраінскай мовах.
  • Яго асноўныя тэзісы:
  • Расейцы і ўкраінцы — адзін народ, адзінае цэлае.
  • Сьцяна, якая ўзьнікла ў апошнія гады паміж двума народамі — вынік і ўласных памылак, зробленых у розныя пэрыяды, і мэтанакіраванай працы тых сілаў, якія заўсёды імкнуліся да падрыву адзінства.
  • Уяўленьні пра асобны ад расейскага ўкраінскі народ узьніклі ў асяродзьдзі польскай эліты і некаторай часткі маларасейскай інтэлігенцыі, а з канца XIX стагодзьдзя аўстра-вугорскія ўлады падхапілі гэтую тэму.
  • «Тым, хто сёньня аддаў Украіну пад поўнае вонкавае кіраваньне, нялішне нагадаць, што ў 1918 годзе падобнае рашэньне аказалася фатальным для кіроўнага ў Кіеве рэжыму».
  • Савецкая нацыянальная палітыка — замест трыадзінага народу зь вялікаросаў, маларосаў і беларусаў — замацавала на дзяржаўным узроўні палажэньне аб трох асобных славянскіх, народах.
  • Сучасная Ўкраіна — спараджэньне савецкай эпохі.