«Словы былі не патрэбныя. Той момант, калі проста ідзі і глядзі»
Галоўныя героі фільму — беларускія акторы Павел Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка і Марына Якубовіч. «Кураж» паказалі ў Вільні 10 ліпеня. На прэм’еру адмыслова прыляцеў рэжысэр Аляксей Палуян. Ён кажа, што для яго віленскі паказ быў вельмі эмацыйны, і, каб бачыць рэакцыю публікі, ён увесь паказ правёў на нагах.
«Я разумеў, што сярод гледачоў большасьць людзей, якія перажылі гэта, прайшлі турму, былі нават людзі, у якіх зараз родныя ў палоне, жанчына, якая трымала партрэт свайго сына... Яна кожныя, можа, дзесяць хвілін адыходзіла і курыла, гэта значыць, што чалавек вельмі нэрваваўся. Гэта была ня проста літоўская прэм’ера, а прэм’ера перад беларусамі, якім ня трэба тлумачыць, што адбылося. Гэта была асаблівая прэм’ера перад людзьмі, якія з табой стаялі на адным фронце. Словы былі не патрэбныя, той момант, калі проста ідзі і глядзі», — кажа Аляксей Палуян.
«Гвалту дастаткова, каб зразумець гэтую катастрофу»
Некаторыя гледачы адзначаюць, што ў фільме амаль няма жорсткіх сцэн, і, маўляў, гэта не да канца адлюстроўвае сытуацыю ў Беларусі. Аляксей цалкам з гэтым нязгодны. Ён лічыць, што сцэны гвалту даюць толькі інфармацыю, якую і так людзі маюць праз СМІ і тэлеграм-каналы. Для яго было важней перадаць атмасфэру, зрабіць гэта кранальна і эмацыйна.
«Па-першае, беларус ня можа глядзець на гвалт. Па-другое, гвалту дастаткова, каб зразумець гэтую катастрофу. Пра гвалт можна расказаць празь іншую дэталь, і гэта дойдзе нашмат глыбей. Сцэна перад Акрэсьціна, дзе маці плача і гаворыць пра свайго сына, — гэта нашмат мацней, чым у мяне быў бы кадар, дзе хлопцу адрывае нагу гранатай», — кажа рэжысэр.
У гэтым, на думку Палуяна, і ёсьць розьніца паміж журналісцкім рэпартажам і кіно, якое прымушае перажыць і думаць: «Што б я рабіў?».
«Бо калі ёсьць сцэна з гранатай, ты разумееш, што ты б уцякаў ці ня выйшаў бы туды. А ў сцэне з жанчынай ты ставіш сябе на месца маці і думаеш: „А што б я зрабіў, калі б мой сын быў невядома дзе?“. Кіно — гэта пра працэсы, пра атмасфэру, пра тое, каб сказаць: „Пражыві. Што б ты зрабіў?“».
«Людзі голымі рукамі змагаліся супраць тырана, зачыненыя ў клетцы з гэтым монстрам»
Цяпер «Кураж» паказваюць у 26 гарадах Нямеччыны, кажа рэжысэр Палуян.
«Я нават ня мог сабе ўявіць, што беларускі фільм атрымае такі шырокі пракат, — расказвае ён. — Толькі ў Бэрліне фільм ідзе ў 4 ці 5 кінатэатрах. У Мюнхэне — у трох. У Аўстрыі будзе пяць гарадоў. Гэта дае такое адчуваньне, што зь беларускім народам салідарны ўвесь цывілізаваны сьвет».
На прагляды за мяжой прыходзяць найбольш беларусы, кажа рэжысэр, і гэта зразумела, бо амаль усе яны не былі ў жніўні на радзіме.
«Яны атрымалі інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, ім хочацца перажыць. Яны, можа, не настолькі траўмаваныя, як беларусы, якія толькі зараз зьехалі і знаходзяцца ў Літве, але ўсё роўна яны кажуць: „Мы ўпершыню, пабачыўшы гэты фільм, зразумелі і адчулі, што адбывалася ў жніўні“. І яны плачуць таксама. Таму паказы адбываюцца вельмі эмацыйна, усе яны суправаджаюцца сьлязьмі. Можа, гэта нават і ёсьць самая галоўная крытыка на фільм, бо ідзе вялікае суперажываньне».
Аляксей расказвае пра рэакцыю гледачоў у Нямеччыне, дзе ён сам жыве. Кажа, што калі ён толькі прыехаў у краіну, шмат яго знаёмых называлі Беларусь — Weissrussland. Але цяпер усё зьмянілася.
«Цяпер мае сябры называюць краіну правільна, ведаюць, што адбываецца, некаторыя зь іх працавалі над фільмам. Ёсьць сталае пакаленьне, якое прыходзіць і кажа: «Мы ня ведалі, што такое было, мы падобнае перажылі ў ГДР». Людзі расказваюць свае гісторыі. Пасьля паказу да мяне падышоў літоўскі калега-апэратар і кажа: «Я ведаў, што гэта будзе моцны фільм, але каб настолькі асабіста эмацыйна і што настолькі ўсё жудасна, я ня ведаў».
Рэжысэр лічыць, што такая рэакцыя паказвае, наколькі фільм уплывае на людзей, дае ім магчымасьць перажыць тое, што перажываюць беларусы.
«І я думаю, што гэта зьмяніла ўяўленьне замежнікаў пра Беларусь. Фільм зьмяніў і нашае ўяўленьне пра сябе, мы ў сябе паверылі, хоць страх настолькі зьеў душы некаторых з нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігі, спэктаклі, фільмы. Што ўжо можна паглядзець і прачытаць пра беларускую рэвалюцыюАляксея Палуяна пасьля выхаду фільму запрашаюць выступаць ва ўнівэрсытэты.
«Гэта цыкль лекцый на тэму „Рэвалюцыя цярпеньня“. Вельмі трапная назва, на мой погляд. Празь фільм мы гутарылі са студэнтамі, прафэсарамі Бэрлінскага і Гумбальцкага ўнівэрсытэтаў. Ёсьць разуменьне, што адбываецца нейкі незвычайны працэс, такога прыкладу ў гісторыі сучаснай Эўропы няма, каб людзі голымі рукамі супраць тырана змагаліся, зачыненыя ў клетцы з гэтым монстрам».
21 ліпеня «Кураж» пакажуць у Штутгарце, дзе жыла Марыя Калесьнікава.
«Я зразумеў, што трэба зрабіць вечар імя Марыі Калесьнікавай. Гэта будзе ў аўтарскім кінатэатры, будуць запрошаныя музыкі, сястра Марыі. Гэта будзе вельмі эмацыйны вечар», — спадзяецца Аляксей Палуян.
Далей працягнуцца паказы ў Бэрліне, на іх Аляксей запрашае шмат палітыкаў. Рэжысэр падкрэсьлівае, што гэта важна, бо праз «Кураж» па-іншаму ўспрымаецца маштаб чалавечай катастрофы.
«Мне так хочацца, каб гэты фільм паглядзелі зараз у Эўрапарлямэнце людзі, якія прымаюць рашэньні. На гадавіну пратэстаў я б вельмі хацеў паказаць гэты фільм у Беларусі, але я не магу гэта зрабіць. Бясьпека маёй каманды на першым месцы, я не магу іх падвесьці, дзякуючы ім існуе гэты фільм і беларусы бачаць унікальную хроніку».
Далей фільм пакажуць у Ляйпцыгу, Варшаве, Уроцлаве, Познані, Гдыні і Быдгашчы. Ён вернецца ў кастрычніку ў Літву на фэстываль «Nepatogus kinas» і пасьля будзе паказаны ў іншых літоўскіх гарадах. Вядуцца перамовы пра паказ фільму ў Францыі, Вялікай Брытаніі, Украіне, Грузіі, — паведамляе рэжысэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў«Каб рэжым ведаў, што мы гэтых людзей ніколі не забудзем»
На кожным паказе «Куража» праходзіць адмысловая акцыя з партрэтамі палітвязьняў, якія людзі ўздымаюць над галавой перад пачаткам фільму і глядзяць яго быццам разам зь вязьнямі.
«Для мяне было важна, каб гэтыя людзі былі не забытыя. Гэтая ідэя азначае, што глядач можа пазнаёміцца з чалавекам. Ёсьць больш за сто партрэтаў, дзе няма фатаздымкаў на сайце „Вясны“, і я ўсё роўна сказаў: „Не, мы друкуем іх, там павінны стаяць іх імёны, біяграфія, хобі і адрас іх турмы“. Я прыдумаў гэта ў траўні перад Бэрлінале», — тлумачыць Аляксей Палуян.
Аляксей расказвае, як даведаўся, што колькасьць месцаў на паказе ў Бэрлінале была роўная колькасьці палітзьняволеных на той момант у Беларусі — 460. Лепшай нагоды не магло б быць, кажа ён.
На паказе ў Бэрліне была Сьвятлана Ціханоўская. Яна трымала ў руках партрэт свайго мужа Сяргея.
«Быў такі шчымлівы момант, здаецца, на сцэне каля Акрэсьціна, калі яна глядзела на гэты партрэт, і я ўбачыў, што ў яе вачах былі сьлёзы. Вочы напоўненыя жалем, такое адчуваньне, што яшчэ крыху, і чалавек расплачацца. І тады я зразумеў, што ўсе гледачы падтрымалі акцыю, гэта было настолькі моцна, бяз слоў, — кажа Аляксей. — Мне цяпер важна, каб гэтыя фатаздымкі атрымалі сваякі палітзьняволеных, а калі ёсьць магчымасьць, нават даслаць іх у турмы, каб людзі пабачылі, што ў гэтым горадзе людзі пражылі вечар, думаючы пра гэтага чалавека. Каб рэжым ведаў, што мы гэтых людзей ніколі не забудзем».
«Беларус беларусу беларус»
Рэжысэр кажа, што «Кураж» моцна паўплываў на яго самога. Мяркуе, што пакуль гэта самая галоўная праца яго жыцьця.
«Гэта спроба зразумець самога сябе: хто я такі, беларус? Мне падаецца, мы самі сябе ня ведаем, ня ведаем наш патэнцыял беларускі, нашыя межы, чаго мы рэальна вартыя. Я думаю, гэты фільм моцна б’е па нашым нацыянальным эгаізьме, таму што ён паказвае, што зьдзек, які зараз адбываецца над беларускім народам і нацыяй, ідзе вельмі далёка, выходзіць за межы 27 гадоў. Але гэты фільм таксама — партрэт маладой нацыі, якая прабудзілася ад сну і сказала „НЕ“», — лічыць рэжысэр фільму «Кураж» Аляксей Палуян.
Рэжысэр кажа, што сам цяпер плаціць вялікую цану за кіно: ён ня можа вярнуцца ў Беларусь, пабачыць сваіх бацькоў, і ніхто ня ведае, на колькі гэта зацягнецца.
«Ніхто, акрамя нас, нас ня выратуе. Я называю падзеі, якія зараз адбываюцца, — «рэвалюцыя маралі». Гэта калі ніякія не палітыкі, ніякія не эканамічныя інтарэсы, разборкі, а беларусы сказалі: «Не, такога ня можа быць, каб свой, каб беларус беларуса гвалтаваў. Гэтага ня можа быць, бо беларус беларусу беларус».
Амаль за год зьмянілася вельмі шмат ня толькі ў самой Беларусі, але і ў жыцьці галоўных герояў — Марыны Якубовіч, Паўла Гарадніцкага і Дзяніса Тарасенкі, якім праз рэпрэсіі давялося пакінуць краіну. Калі Аляксей зьяжджаў у верасьні зь Беларусі, ён вельмі турбаваўся, ці будзе фільм адпавядаць рэчаіснасьці.
«Калі пачаўся працэс мантажу, я зразумеў, што фіналу ня будзе ў фільме, таму ён такі адрэзаны, няскончаны, быццам бы аловак зламаўся ў аўтара, бо яго ня можа быць».
Беларусы пражываюць цяпер толькі пачатак доўгага шляху да свабоды, мяркуе рэжысэр.
«Мне падаецца, што будзе заплачана вельмі вялікая цана. Я ўпэўнены, што будзе яшчэ эскаляцыя, бо немагчыма так народ злаваць. Я вельмі баюся радыкалізму, баюся, каб народ зараз не дайшоў да такой стадыі, што ён пачне брацца за зброю, бо толькі гэтага ўсе чакаюць — і рэжым, і ўсходні наш сусед».
Аляксей кажа, што дзякуючы таму, што на маршы выйшлі жанчыны, удалося працягнуць здымаць фільм, бо брутальны кірунак пратэстаў зьмяніўся, і іх з апэратарам не затрымалі.
«Я мог уявіць, што Паша, Марына і Дзяніс зьедуць, але гэта не стаяла так у галаве. Але яны паўгода жылі ў гэтай рэальнасьці. Зараз фільм глядзіш і разумееш, што гэта так даўно было, быццам у іншым жыцьці, а прайшло менш за год».
«Калі не змагаесься за свабоду, не адчуваеш яе каштоўнасьці»
Цяпер Аляксей Палуян працуе над сцэнарам дэбютнага мастацкага поўнамэтражнага фільму.
«Гэта фільм пра працэсы, якія нашыя бацькі ня скончылі ў 90-х, калі атрымалі незалежнасьць. Фільм будзе пра маладую пару, якая зьяжджае ва Ўсходнюю Нямеччыну дзеля лепшага жыцьця, а пасьля вяртаецца і ў іх нараджаецца дзіця ў незалежнай краіне, але тады яны не змагаліся за свабоду, а калі не змагаесься за яе, не адчуваеш яе каштоўнасьці. Ты ўяўляеш потым, што мы згубілі ў 94-м, калі да ўлады прыйшлі Шарыкавы з «Сабачага сэрца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная праблема беларусаў не Лукашэнка, а Пуцін, — Віталь Портнікаў