Ва ўрадавым прэс-рэлізе адзначаецца пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з прычыны арышту актывістаў апазыцыі, перасьледу праваабаронцаў і спробаў прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ.
Паводле Эрыксэн Сёрэйдэ, сэктаральныя санкцыі дэманструюць рашучасьць Нарвэгіі і яе эўрапейскіх партнэраў жорстка рэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Рэжым павінен вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялёг з дэмакратычнымі сіламі, а не працягваць правальную палітыку, лічыць міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ шэсьць эўрапейскіх краінаў далучыліся да чацьвёртага пакету санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта балюча для кампаніі». Што з вытворчасьцю калійных угнаеньняў, супраць якой ЭЗ увёў санкцыі- Згодна з дакумэнтам, уводзіцца забарона на прамы або апасродкаваны продаж, пастаўку, перадачу і экспарт цэлага спэктру абсталяваньня, тэхналёгій і праграмнага забесьпячэньня.
- Абмежаваньні ўводзяцца на прадукцыю і тэхналёгіі двайнога прызначэньня, калі яны цалкам або часткова прызначаныя для выкарыстаньня ці могуць быць выкарыстаныя ў вайсковых мэтах.
- Забаронена прадаваць, пастаўляць, перадаваць і экспартаваць тавары для вытворчасьці тытунёвай прадукцыі.
- Уводзіцца забарона на імпарт і транспартаваньне нафтапрадуктаў, якія былі зробленыя ў Беларусі ці экспартаваныя з краіны.
- Забароненыя прамы або ўскосны імпарт, купля ці перадача хлёрыстага калію, мінэральных або хімічных угнаеньняў, якія зьмяшчаюць калій, азот, фосфар.
- Варта адзначыць, што, паводле рашэньня Рады ЭЗ, забароны, якія тычацца тавараў двайнога прызначэньня, нафтапрадуктаў, угнаеньняў і тытунёвай прадукцыі, не распаўсюджваюцца на выкананьне кантрактаў, падпісаных да 25 чэрвеня 2021 году.
- Забараняецца аказваць паслугі ў сфэры інвэстыцый, апэрацыяў з каштоўнымі паперамі, крэдытаў, страхаваньня, зьвязаныя зь дзяржаўнымі органамі.
6 ліпеня стала вядома, што Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Альбанія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, далучыліся да чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў (ухвалены 21 чэрвеня). У санкцыйны сьпіс трапілі 78 фізычных і восем юрыдычных асоб.
30 чэрвеня Святлана Ціханоўская ў размове з Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ заклікала Нарвэгію падтрымаць чацьвёрты і сэктаральны пакеты санкцый ЭЗ.
Сэктаральныя санкцыі, ухваленыя 24 чэрвеня, сталі адказам Эўразьвязу на парушэньні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, якія знаходзіліся на борце.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».