Яшчэ ў красавіку Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе Нацбанку ўводзіць валютныя абмежаваньні і нават забараніць продаж і куплю валюты ў выпадку эканамічнай пагрозы. З 9 ліпеня Нацбанк уводзіць зьмены ў галіне валютнага рэгуляваньня. Глядзім, што гэта значыць.
Што за абмежаваньні
Усе магчымыя абмежаваньні Нацбанк прапісаў у адмысловай інструкцыі. Сярод іншага, інструкцыя ўсталёўвае шэраг банкаўскіх апэрацый, пры правядзеньні якіх банкі могуць браць узнагароду ў валюце.
Гэта:
- даваньне крэдытаў;
- разьліковае (або) касавае фізычных і (або) юрыдычных асоб, банкаў-карэспандэнтаў;
- валютна-абменныя апэрацыі, што выконваюцца на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа»;
- выдача банкаўскіх гарантый;
- давернае кіраваньне;
- факторынг.
Нацбанк і Саўмін змогуць пры патрэбе, да прыкладу, увесьці забарону на валютныя і валютна-абменныя апэрацыі; выдаваць спэцдазволы на валютныя апэрацыі; увесьці абавязковы продаж атрыманай юрасобамі-рэзыдэнтамі замежнай валюты; ініцыяваць абмежаваньні па адкрыцьці і вядзеньні рэзыдэнтамі рахункаў у замежных банках.
Абмежаваньні Нацбанк мог уводзіць і раней, напрыклад, у 2014 годзе ўлады ўводзілі збор у 30% на куплю валюты. Пра гэта кажа старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Магчымасьць уводзіць абмежаваньні дэ-факта была і раней, яна была прапісаная не ў законе, а ў іншых пастановах і ўказах. У 2011 годзе было немагчыма набыць валюту для прадпрыемстваў на біржы. Пры наяўнасьці праблем з валютай Нацбанк мог уводзіць абмежаваньні і карыстаўся гэтым. Цяпер усе магчымасьці прапісаныя ў адным законе», — кажа Вадзім Іосуб.
Калі Нацбанк можа ўводзіць абмежаваньні
Уводзіць абмежаваньні банкаўскі рэгулятар зможа пры зьніжэньні золатавалютных рэзэрваў ці пры ваганьні курсу беларускага рубля.
«Калі з тых ці іншых прычын ня будзе хапаць валюты, то магчымыя валютныя абмежаваньні. Але калі ў Беларусі ня будзе валюты, ня важна, што напісана ў пастанове. У людзей дэ-факта ня будзе магчымасьці набыць валюту, без аглядкі на закон, які гэта забараняе. Трэба зыходзіць з таго, ці будзе жорсткі дэфіцыт валюты ў Беларусі», — кажа Вадзім Іосуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа адбыцца сцэнар МММ». Былы дарадца Савету бясьпекі пра сытуацыю з дэпазытамі
Што яшчэ новага ў інструкцыі Нацбанку
З 9 ліпеня ўводзяць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дамоваў. Рэгістраваць іх трэба будзе на адмысловым партале, які запусьціў Нацбанк. Гэтае патрабаваньне тычыцца ўгодаў зь нерухомасьцю, каштоўных папераў, імпартных і экспартных кантрактаў.
Гэта закране ня ўсіх, а толькі ўгоды з нерэзыдэнтамі на суму, большую за 2000 базавых (для фізасобаў) або 4000 базавых (для юрыдычных асобаў).
Да прыкладу, калі вы прадалі кватэру замежніку, а сума перавысіла гэты ліміт, — дамову трэба рэгістраваць.
Таксама з 9 ліпеня можна адкрываць рахункі за мяжой для ІП і юрасобаў. Фізычныя асобы і цяпер могуць адкрываць рахункі ў банках за мяжой і пералічваць туды сродкі, апроч унёскаў і дэпазытаў. З 9 ліпеня ня трэба будзе атрымліваць дазвол у Нацбанку на правядзеньне валютных апэрацый, якія зьвязаныя з набыцьцём маёмасьці за мяжой.
Да таго ж, фізычным і юрыдычным асобам дазволяць самастойна праводзіць валютна-абменныя апэрацыі на Беларускай валютна-фондавай біржы. Як гэта можна будзе зрабіць, улады абяцаюць патлумачыць пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навацыі Нацбанку. Абмежаваньні для замежнай валюты і рахункі за мяжой