Эўракамісар па ўнутраных справах Ільва Югансан не выключае, што Эўразьвяз прыпыніць выдаваць візы беларусам праз сытуацыю на літоўска-беларукай мяжы, паведамляе Рыкард Юзьвяк, брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода.
Яна паведаміла гэта 12 ліпеня на пазачарговым сумесным пасяджэньні камітэтаў Эўрапарлямэнту па замежных справах і па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах.
«Я адказваю і за візавую палітыку і магу сказаць, што гатовая разгледзець магчымасьць дзеяньняў па прыпыненьні візавага рэжыму датычна Беларусі ў гэтай сытуацыі. Зразумела, мы павінныя забясьпечыць падтрыманьне кантактаў з шараговымі беларусамі, але гэтае пытаньне можна разгледзець», — сказала Ільва Югансан.
Падобным чынам выказаўся і кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль, які 12 ліпеня заявіў, што ЭЗ разглядае магчымасьць далейшых захадаў супраць Беларусі.
Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, персягнула 1600 чалавек, што ў 22 разы больш у параўнаньні зь мінулым годам. Большасьць іх прыбылі зь Іраку, Конга і Камэруна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: ЭЗ не плянуе спыняць выдачу візаў беларусамПраўда, Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўлады Эўразьвязу ня маюць намеру пазбавіць беларусаў магчымасьці атрымліваць візы.
«Мая каманда сёньня зьвязалася з Эўракамісіяй, і інфармацыя аб ініцыятыве прыпыніць выдачу віз беларусам не пацьвердзілася, — напісала ў сваім ТГ-канале Ціханоўская. — Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце зь міжнароднымі партнэрамі, і яны ведаюць нашу пазыцыю: ізаляцыю трэба ўзмацняць у дачыненьні да рэжыму, а народу Беларусі — дапамагаць. Людзям патрэбныя праграмы падтрымкі, рэабілітацыі і спрашчэньні ў атрыманьні візаў — бо ўсе дзьверы, якія закрывае рэжым, мы, беларусы, зараз стараемся адчыніць».
Што было раней
У адказ на санкцыі Эўразьвязу МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:
- Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».
- Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
- Беларусь забараніла ўезд у краіну асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.
- МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.
- Цана шэнгенскай візы для беларусаў ня зьменіцца. Пра гэта заявіла прэсавая прадстаўніца замежнапалітычнай службы ЭЗ Набіла Масралі. Паводле яе, ЭЗ робіць усё магчымае, каб празь дзеяньні рэжыму Лукашэнкі не апынуўся ў ізаляцыі беларускі народ.