«Мая каманда сёньня зьвязалася з Эўракамісіяй, і інфармацыя аб ініцыятыве прыпыніць выдачу віз беларусам не пацьвердзілася, — напісала ў сваім ТГ-канале Ціханоўская. — Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце зь міжнароднымі партнэрамі, і яны ведаюць нашу пазыцыю: ізаляцыю трэба ўзмацняць у дачыненьні да рэжыму, а народу Беларусі — дапамагаць. Людзям патрэбныя праграмы падтрымкі, рэабілітацыі і спрашчэньні ў атрыманьні візаў — бо ўсе дзьверы, якія закрывае рэжым, мы, беларусы, зараз стараемся адчыніць».
Ціханоўская такім чынам пракамэнтавала выказваньне эўракамісаркі па ўнутраных справах Ільвы Югансан, якая, выступаючы 12 ліпеня ў Эўрапарлямэнце, ня выключыла магчымасьці, што праз сытуацыю на літоўска-беларускай мяжы Эўразьвяз прыпыніць выдаваньне візаў беларусам.
Ціханоўская зьвярнулася ў сваім Твітэры да Ільвы Югансан і Эўрапарлямэнту, падкрэсьліваючы, што «санкцыі павінны тычыцца рэжыму, а не людзей». Прапанову прыпыніць выдачу візаў беларусам яна назвала «недальнабачнай».
Тым часам кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што ЭЗ разглядае магчымасьць далейшых захадаў супраць Беларусі, паведамляе брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.
- 29 чэрвеня прэсавая прадстаўніца замежнапалітычнай службы ЭЗ Набіла Масралі заявіла, што ЭЗ робіць усё магчымае, каб празь дзеяньні рэжыму Лукашэнкі не апынуўся ў ізаляцыі беларускі народ. «Рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі [анансаванае Менскам. — РС] не азначае аўтаматычнага прыпыненьня дзеяньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю», — сказала яна.
- Дзякуючы спрашчэньню візавага рэжыму была зьменшаная цана шэнгенскай візы для беларусаў — з 80 да 35 эўра. З выказваньня Масралі вынікае, што яна застанецца такой і пасьля магчымага прыпыненьня Беларусьсю дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі.