Паводле памежнай службы Літвы, з 1 676 затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 805 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 195 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 77 — Гвінэі, 68 — Ірану.
Большая частка затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву. Літва значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Цяпер літоўскім памежнікам дапамагаюць ахоўваць мяжу сябры Зьвязу стралкоў Літвы, а таксама супрацоўнікі сыстэмы ўнутраных спраў. Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.
У мінулую пятніцу 9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз.
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў новыя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі «за распальваньне міграцыйнага крызісу».
Ён зьбіраецца абмеркаваць гэта з калегамі з Паўночных і Балтыйскіх краін.
«Выкарыстаньне міграцыі ў якасьці зброі супраць краін ЭЗ нават больш цынічнае, чым згон самалёта Ryanair. Я ўпэўнены, што нашы скандынаўскія і балтыйскія калегі пагодзяцца, што рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасьці зброі ў гібрыднай вайне, павінны атрымаць балючы і адзіны адказ з боку ЭЗ».
«Наша палітыка ў цэлым павінна ўтрымліваць аўтарытарныя рэжымы ад выкарыстаньня людзей у якасьці інструмэнту палітычнага шантажу ЭЗ», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША занепакоеныя патокам мігрантаў зь Беларусі ў Літву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транзытныя мігранты зь Беларусі ў Літву — супольны партрэт