Якія сацыяльна-дэмаграфічныя асаблівасьці маюць прыхільнікі Бабарыкі? Чаму ён застаецца папулярным, нягледзячы на працяглае зьняволеньне і цяжкія абвінавачаньні? Як ставяцца да яго прыхільнікі Лукашэнкі? Якое бачаньне будучыні Беларусі прапаноўвае Бабарыка?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказваюць дырэктар па дасьледаваньнях Цэнтру новых ідэяў, кіраўнік праграмы па Беларусі брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
Астапеня
- Людзі, якія аддаюць перавагу Бабарыку, гэта пераважна тыя, хто падтрымлівае пратэст.
- Характарыстыкі яго электарату падобныя да характарыстык прыхільнікаў пратэсту: гэта пераважна жыхары Менску і буйных гарадоў, яны часьцей маюць вышэйшую адукацыю, ім у большай ступені, чым апытаным у цэлым, уласьцівыя лібэральныя эканамічныя погляды, яны часьцей працуюць на прыватных прадпрыемствах.
- Гэта тое пакаленьне, якое прыходзіць, ужо прыйшло ў Беларусі.
- Гадоў 10 назад такога электарату было проста менш, чым ёсьць цяпер.
- Паводле апытаньняў, Бабарыка мае падтрымку і сярод абыякавых да палітыкі, і нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі.
- Частка «бастыёну Лукашэнкі» гатовая прагаласаваць за Бабарыку, калі б Лукашэнка сышоў з кіроўнай пасады.
- Ёсьць разуменьне, што з усіх палітыкаў, прынамсі, альтэрнатыўных, ён найлепш разумее, як працуе эканоміка.
- Ён успрымаецца як чалавек, які здольны кіраваць дзяржавай. Выбар на яго карысьць — гэта выбар ня толькі этычны, але і прагматычны.
- Як ні парадаксальна, на яго рэйтынг працуе і штучна створаны яму вобраз, што ён прамаскоўскі, газпрамаўскі.
- Для многіх гэта сьведчаньне таго, што ён можа дамаўляцца, можа дамаўляцца і з Захадам, і з Расеяй.
- Паводле нашых дасьледаваньняў, беларусы хочуць добрых адносін і з Захадам, і з Расеяй. А хто можа гэта гарантаваць? Той, хто здольны дамаўляцца і з аднымі, і з другімі.
- Калі Лукашэнка прыяжджаў у СІЗА КДБ, усім было зразумела, што ён прыяжджаў найперш да Бабарыкі.
- І прысуд у 14 гадоў зьняволеньня — гэта таксама своеасаблівае прызнаньне.
- У Бабарыкі даволі нізкі антырэйтынг — каля 20%, ён у яго ніжэйшы, чым у іншых апазыцыйных палітыкаў, нягледзячы на яго вельмі вялікую пазнавальнасьць.
- Варта сказаць, што ён не зрабіў вялікіх памылак.
- Трапіўшы ў турму, ён проста ня меў магчымасьці рабіць складаныя выбары, якія іншыя палітыкі, якія на волі, цяпер абавязаныя рабіць.
- Напрыклад, Бабарыку не давялося выказаць сваё стаўленьне да пытаньня эканамічных санкцыяў адносна Беларусі.
- Яму не давялося рабіць выбар паміж бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным сьцягамі.
- Ён ніяк не дыскрэдытаваў свой вобраз палітыка, здольнага дамаўляцца, ён ні ў якіх звадах ня ўдзельнічаў.
- Часткова праз гэта ў яго нізкі антырэйтынг.
- Мы ўваходзім у вельмі цёмныя часы. І вобраз мужнага, моцнага чалавека можа ўспрымацца як той, хто, выйшаўшы з турмы, можа нешта зрабіць.
- Бабарыка мужнасьцю не саступае Статкевічу і Севярынцу.
- Ён мае шанец застацца буйным палітыкам, калібру прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра.
- Пытаньне праграмы для пэўных мэтавых аўдыторыяў было вельмі важным.
- Для грамадзтва ў цэлым была важная проста магчымасьць уплываць, стварэньне сыстэмы, калі твой голас ня скрадуць.
- Але для мэтавых аўдыторыяў было і ёсьць важным, што ж будзе — выйграюць яны ці прайграюць у выніку палітычнай і эканамічнай трансфармацыі.
- Найперш гэта чыноўнікі. І Ігар Ляшчэня агучыў памкненьні гэтай аўдыторыі.
- Бізнэсоўцы ў некаторай ступені зьяўляюцца такой мэтавай групай, для якой пытаньне праграмы неабыякавае.
- Расея таксама зьяўляецца такой выразнай аўдыторыяй, якая хацела б пачуць, а што будзе, калі не Лукашэнка.
- Яны таксама не ў захапленьні ад Лукашэнкі, але яны ня маюць уяўленьня пра тое, што будзе пасьля яго.
- Таму яны прыходзяць да высновы — давайце пакінем Лукашэнку, ён больш ці менш вядомы.
- Так што значэньне праграмы вялікае. Але цяпер, як той казаў, не сэзон.
Карбалевіч
- Аляксандар Казулін, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч ня мелі высокага рэйтынгу, калі іх пасадзілі ў турму.
- І турма ім рэйтынгу не дадала.
- Тады не было такой моцнай і маштабнай палітызацыі грамадзтва, якую мы назіралі і назіраем летась і сёлета.
- Бабарыка, калі яго арыштавалі, меў вялікі рэйтынг, і ён ішоў на падʼём.
- Грамадзтва тады шукала альтэрнатыву і знайшло яе ў яго асобе.
- Ён стварыў сабе вобраз эфэктыўнага мэнэджара, што цяжка сказаць пра прадстаўнікоў тытульнай апазыцыі, якія раней спрабавалі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.
- Мяркую, што нават прыхільнікі Лукашэнкі шчыра ня вераць у сапраўднасьць абвінавачаньняў, якія прадʼяўляліся Бабарыку.
- Усё пралічыць немагчыма — і ў палітыцы, і ў бізнэсе.
- Таго, што здарылася ў Беларусі летам 2020 году, ніхто не пралічваў, ніхто не прадказваў рэвалюцыйны выбух такой моцы.
- Бабарыка, калі ішоў на выбары, казаў, што разумее, у якой краіне ён жыве.
- Але ён спадзяваўся, што сытуацыя памянялася, што падтрымка Лукашэнкі ў грамадзтве рэзка зьменшылася, што зьявіўся запыт на альтэрнатыву.
- І тут ён не памыліўся.
- Ён спадзяваўся, што пры моцнай падтрымцы альтэрнатывы дзяржаўны апарат пачне вагацца, а грамадзтва стане субʼектам палітычнага працэсу.
- З апошнім ён не памыліўся, наконт дзяржапарату памыліўся.
- Ён не разьлічваў на тое, што будзе арыштаваны ледзь не адразу пасьля пачатку кампаніі.
- Ён разьлічваў на тое, што будзе як падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў, калі моцных кандыдатаў дапускалі да выбараў.
- Лукашэнка рэзка зламаў звыклы сцэнар і нэўтралізаваў моцных кандыдатаў задоўга да галасаваньня.
- На гэта не разьлічвала і значная частка прыхільнікаў Бабарыкі, тыя, хто толькі летась прыйшлі ў палітыку. Для іх гэта таксама стала шокам.
- Летам 2020 году людзі абʼядналіся вакол альтэрнатыўных кандыдатаў не як увасабленьняў нейкіх праграмаў, а як вобразаў.
- Галоўны тэзіс быў — хто заўгодна, абы не Лукашэнка.
- У пратэставым руху абʼядналіся людзі з рознымі сьветапоглядамі, каштоўнасьцямі, геапалітычнымі арыентацыямі.
- І ў такіх умовах праграма была ня надта і патрэбная.
- Я ня думаю, што цяпер сытуацыя памянялася.
- Некаторыя, скажам, былы дыплямат Ігар Ляшчэня, кажуць, што трэба, каб апазыцыя сфармулявала, прапанавала праграму, прымальную для людзей, якія працуюць у дзяржапараце.
- У ранейшыя гады ў апазыцыі было шмат праграмаў, і яны былі някепскія.
- Але як гэта ўплывала на грамадзтва? Ніяк. Мала хто на іх зьвяртаў увагу.
- Калі зараз нейкая новая праграма зьявіцца, то наўрад ці яна будзе цудадзейным сродкам перацягваньня на бок апанэнтаў рэжыму людзей дзяржапарату.
Што было раней
- 6 ліпеня Вярхоўны суд агучыў вырак палітвязьню, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку — 14 год зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).
- Віктар Бабарыка мае выплаціць штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Паколькі вырак вынес суд найвышэйшай інстанцыі, Бабарыка ня мае права абскардзіць прысуд.
- Паводле чатырох апытаньняў, якія правёў у Беларусі брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House зь верасьня 2020 году па красавік 2021 году, Віктар Бабарыка — самы папулярны кандыдат у прэзыдэнты сярод гарадзкіх жыхароў Беларусі.
- Паводле красавіцкага 2021 году апытаньня Chatham House, 34% рэспандэнтаў лічаць, што Віктар Бабарыка быў бы годным прэзыдэнтам, 25% — найбольш годным.