Літва пачала будаваць агароджу на мяжы зь Беларусьсю. Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 37 мігрантаў

Літоўскі памежны слуп. Архіўнае фота

Усяго з пачатку гэтага году літоўскія памежнікі затрымалі 1546 нерэгулярных мігрантаў зь Беларусі.

Літоўскія вайскоцы на мяжы зь Беларусьсю 9 ліпеня пачалі ўсталёўваць драцяную загародку для ўзмацненьня кантролю над патокамі мігрантаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс» са спасылкай на прадстаўніка па сувязях з грамадзкасьцю Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедруса Мішуціса.

«Памежнікі ня ўдзельнічаюць у будаўніцтве, толькі паказалі самы клопатны ўчастак», — сказаў Мішуціс.

Агулам заплянавана ўстанавіць 550 кілямэтраў калючага бар'еру (працягласьць мяжы Літвы зь Беларусьсю складае 678,8 км), таксама прынята рашэньне пачаць будаўніцтва плоту на мяжы зь Беларусьсю, сказала журналістам міністар унутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце, піша delfi.lt.

«Мы бачым, што мы маглі б зрабіць гэта даволі хутка, кошт такога плота складзе каля 41 млн эўра», — кажа Агнэ Білатайце.

Паводле інфармацыі памежнай службы Літвы з 8 на 9 ліпеня на мяжы зь Беларусьсю затрымалі 37 мігрантаў. Усяго з пачатку гэтага году літоўскія памежнікі затрымалі 1546 нерэгулярных мігрантаў.

За ўчора 22 мігранты затрымалі ў раёне Варэнаў, 13 — Сьвянцянаў, 2 — Лазьдзеяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За мінулы дзень літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 53 мігрантаў зь Беларусі


У мінулую пятніцу ўрад Літвы абвясьціў надзвычайную сытуацыю ў сувязі з рэзкім павелічэньнем нелегальнай міграцыі ў краіну.

Летась на літоўскай мяжы быў затрыманы 81 мігрант. У 2019 годзе – 46, у 2018-м – 104, а ў 2017-м – 72.

Усяго, паводоле Літвы, з 1 студзеня па 9 ліпеня на мяжы з Беларусьсю былі затрыманыя 1 546 мігрантаў, 680 з якіх апынуліся грамадзянамі Іраку, 200 – Конга, 118 – Камэруну, 82 – Гвінэі і 68 – Ірану. Больш за ўсё мігрантаў затрымалі ў чэрвені (473) і ліпені (885).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Літвы заявіла, што паток нелегальных мігрантаў зь Беларусі дасягнуў гістарычнага максымуму

Большая частка затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву. У сувязі з рэзкім павелічэньнем колькасьці такіх выпадкаў апошнім часам памежная служба Літва ўзмацніла бясьпеку мяжы зь Беларусьсю.