Сучасная «Наша ніва» аднавілася ў 1991-м. Успамінаем гісторыю найстарэйшага выданьня Беларусі.
8 ліпеня сілавікі прыйшлі ў офіс «Нашай нівы», затрымалі галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, ператрусы праходзяць таксама дома ў бухгальтаркі Вольгі Раковіч, у рэдактара Андрэя Скурко, не выходзіць на сувязь і шэф-рэдактар выданьня Андрэй Дынько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы», чатырох супрацоўнікаў рэдакцыі затрымалі1906 год. Інтэлектуальны асяродак
На пачатку XX стагодзьдзя «Наша ніва» выходзіла раз на тыдзень. Газэта спрыяла выпрацоўваньню нормаў беларускай літаратурнай мовы і стала асяродкам інтэлектуальнага жыцьця. Тут друкаваліся Якуб Колас, Янка Купала, Антон Луцкевіч, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі. Выданьне асьвятляла палітычныя, эканамічныя, культурныя праблемы.
Газэта мела больш за тры тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў, якія дасылалі інфармацыю ў рэдакцыю. Характэрнай асаблівасьцю газэты была моцная інтэрактыўная сувязь з чытачамі.
Падпісчыкі газэты вырасьлі ў цэнтральныя асобы нацыянальнага палітычнага і інтэлектуальнага жыцьця, як Цішка Гартны (сапраўднае імя — Зьміцер Жылуновіч), у будучыні адзін з кіраўнікоў БССР, ці Браніслаў Тарашкевіч, палітычны лідэр заходніх беларусаў і аўтар першай беларускай граматыкі.
Выдаўцом і рэдактарам газэты доўгі час быў земляўласьнік з-пад Менску (фальварак Мігаўка) Аляксандар Уласаў. Адным з ідэолягаў выданьня — мянчук Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музэю і фундатар шматлікіх палітычных і культурных праектаў.
Побач зь ім працаваў ягоны брат, ідэоляг Беларускай сацыялістычнай грамады і прэм’ер-міністар будучай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Антон Луцкевіч.
Адстойваньне беларускіх інтарэсаў правакавала нападкі з боку каляніяльнае цэнзуры цягам усяго існаваньня газэты. Нават у арганізаванай у 1907 годзе дыскусіі аб аграрным пытаньні, у тым ліку ў артыкуле «Зямельная справа ў Новай Зэляндыі», была знойдзеная «крамола» і «непавага да ўраду».
Рэдактара Аляксандра Ўласава судзілі, садзілі ў турму. Некалькі разоў наклад газэты канфіскоўвалі, рэдакцыя плаціла штрафы.
З «Нашай нівай» супрацоўнічаў клясык літаратуры Якуб Колас. Вядомыя кожнаму школьніку творцы Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля таксама былі адкрытыя менавіта «Нашай нівай». А нацыянальны паэт Янка Купала ў лютым 1914 году стаў яе рэдактарам. Ён рэдагаваў газэту да восені 1915 году, калі «Наша ніва» спыніла свой выхад у сувязі з акупацыяй Вільні немцамі і спыненьнем нармальнага жыцьця ў прыфрантавой Беларусі.
1920 год. Спроба аднавіць выданьне
У 1920 годзе ў Вільні была спроба аднавіць газэту «Наша ніва», усяго выйшла 9 нумароў. Газэта асьвятляла падзеі, зьвязаныя з акупацыяй Беларусі польскімі войскамі і падрыхтоўкай яе падзелу між суседнімі дзяржавамі. Шмат увагі ўдзяляла палітычнай будучыні Беларусі, неадʼемнасьці права беларусаў на ўласную сувэрэнную дзяржаву. Пісала пра стварэньне Сярэдняй Літвы. Газэту забараніла выдаваць польская вайсковая цэнзура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» — правакацыйны канал, кантраляваны спэцслужбаміАднаўленьне пасьля распаду СССР
У траўні 1991 году «Наша ніва» аднавіла свой выхад у Вільні. Выданьне ўзначаліў Сяргей Дубавец. На старонках выданьня значнае месца занялі дыскусіі на ўнівэрсальныя тэмы, пачалі друкавацца пераклады. У цэнтры ўвагі апынулася гісторыя Беларусі, спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёну.
У 1996 годзе рэдакцыя пераехала ў Менск. У 1998 годзе «Наша ніва» выйграла суд у Вышэйшым гаспадарчым судзе за права друкавацца клясычным правапісам. Ад 2000 году адбываецца трансфармацыя «Нашай нівы» ў грамадзка-палітычнае выданьне культурнага характару.
Галоўным рэдактарам выданьня (2000–2006 год) стаў Андрэй Дынько. Ад 2002 году аб’ём газэты павялічыўся з 12 да 16 старонак штотыднёва, ад 2005 году — да 24-х. На сваім піку наклад газэты сягаў 8000 асобнікаў.
У 2005 годзе ўлады забаранілі распаўсюд газэты празь «Белпошту» і «Белсаюздрук». Газэта выжыла дзякуючы стварэньню ўласнай сыстэмы распаўсюду. Яна перайшла ў «кішэнны» фармат і павялічыла колькасьць старонак да 48. Пры гэтым наклад зьнізіўся да 2200 асобнікаў.
Але газэта ператварыла праблему ў шанец і ўзяла курс на разьвіцьцё інтэрнэт-сайту nn.by. Ад 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Нашай нівы» эвалюцыянавала ў фармат інтэрнэт-плятформы, прыстасоўваючы тэхналёгію выданьня да эпохі электронных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» правялі ператрус, сілавікі выбілі вочка дзьвярэйЗ 2006 году да рэдактарства ў газэце далучыўся Андрэй Скурко (2006–2017). Андрэй Дынько стаў рэдактарам сайта nn.by. А Алесь Кудрыцкі стварыў сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка зрабіўся Зьміцер Панкавец.
З 2017 году галоўны рэдактар «Нашай нівы» — Ягор Марціновіч.
Хроніка перасьледу
Праблемы з уладамі ў «Нашай нівы» ўзьнікалі яшчэ на пачатку XX стагодзьдзя, тады судзілі рэдактара Аляксандра Ўласава, газэту штрафавалі. У 1920 годзе адноўленую газэту закрылі польскія ўлады.
У 2005 годзе ўлады забаранілі распаўсюд газэты празь «Белпошту» і «Белсаюздрук». У 2006 годзе падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў быў затрыманы і асуджаны на «суткі» тагачасны рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько.
У 2010 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сілавікі зрабілі ператрус у рэдакцыі «Нашай нівы», канфіскавалі тэхніку.
Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча затрымлівалі ў ноч на 11 жніўня, пасьля вызвалілі 12 жніўня, таксама яго затрымлівалі 27 сакавіка сёлета. Летась у верасьні Ягора Марціновіча затрымлівалі як падазраванага ў крымінальнай справе аб паклёпе за матэрыял пра «дыджэя перамен» Сакалоўскага. Журналіст быў у няволі тры дні. У жніўні летась сайт «Нашай нівы» заблякавалі. У лістападзе ўлады разблякавалі яго.
Па стане на 14:10 8 ліпеня пра перасьлед «Нашай нівы» вядома наступнае:
Сілавікі знаходзяцца ў офісе СМІ. Таксама зь ператрусам прыйшлі да супрацоўнікаў бухгальтэрыі.
Затрымалі галоўнага рэдактара выданьня Ягора Марціновіча, у яго дома прайшоў ператрус. Таксама ператрус ідзе дома ў рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Скурко. Няма сувязі з шэф-рэдактарам выданьня Андрэем Дынько, імаверна, яго таксама затрымалі.
У 12:20 стала вядома, што ў офісе бухгальтэрыі «Нашай нівы» скончыўся ператрус, забралі дакумэнты, а галоўную бухгальтарку Вольгу Раковіч павезьлі дамоў на ператрус.
Ператрус у офісе бухгальтэрыі «Нашай нівы» праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарату МУС.
Рэпартэрку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую і фатографа Шуру Піліповіч-Сушчыц адпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»