Дома нікога не было. Жонка Ягора Марціновіча — журналістка Tut.by Адар’я Гуштын.
«Суседзі пішуць, што вакол нашай з Adaria Gushtyn кватэры сабраліся сілавікі і, магчыма, рыхтуюцца да штурму. Барабанілі ў дзьверы, суседцы заляпілі вочка ў дзьвярах», — напісаў Ягор Марціновіч у Фэйсбуку.
Як паведаміла пазьней «Наша Ніва», сілавікі правялі ператрус у кватэры. Забралі ўсю тэхніку. Ягор Марціновіч не затрыманы, але ня можа нічога камэнтаваць, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай Нівай».
Onliner зьвярнуўся ў прэс-службу КДК ДФР з нагоды сытуацыі зь Ягорам Марціновічам. У ведамстве адказалі толькі: «Без камэнтароў». У Сьледчым камітэце адказалі, што інфармацыі наконт гэтага ў іх няма. У прэс-службе МУС і ГУУС Менгарвыканкаму камэнтары атрымаць пакуль не ўдалося.
18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў. Па справе агулам затрымалі 10 чалавек.