Улады заблякавалі сайт аднаго з самых папулярных незалежных мэдыя Беларусі «Наша ніва», у рэдакцыі і ў журналістаў выданьня прайшлі ператрусы.
Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні — рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўнай бухгальтаркі«Нашай нівы» Вольгі Раковіч. Ва ўсіх чацьвярых дома адбыліся ператрусы, а потым іх павезьлі на допыты.
Усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Ператрусы таксама вяліся ў сувязі са справай паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Па стане на 20:35 пра перасьлед «Нашай нівы» вядома наступнае:
- Ператрус прайшоў дома ў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько і Вольгі Раковіч. Іх павезьлі да допыт. Потым іх затрымалі на 72 гадзіны і даставяць у ізалятар. Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябэт, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разьлікам на трое сутак.
- Сьледчы камітэт пракамэнтаваў «хуткую» для Ягора Марціновіча: «Падчас допыту адзін з затрыманых, Ягор Марціновіч, паведаміў аб дрэнным самаадчуваньні. Сьледчым выкліканая брыгада хуткай мэдыцынскай дапамогі. Пасьля наданьня мэддапамогі скаргаў ад яго не паступіла і сьледчыя дзеяньні працягваліся. Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі сталіцы летась. Сьледчымі дасьледуецца інфармацыя аб дачыненьні 4 грамадзян, у тым ліку Ягора Марціновіча, да дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Цяпер з удзелам затрыманых праводзяцца сьледчыя дзеяньні».
- Усе трое праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае адказнасьць за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях». Пакараньне ў гэтай частцы артыкулу — ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да 3 гадоў.
- Ператрусы таксама адбыліся ў рэдакцыі выданьня і ў офісе бухгальтэрыі.
- Ператрусы праводзілі супрацоўнікі розных упраўленьняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у Сьледчым камітэце.
- Да галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча ў Сьледчым камітэце прыехала хуткая дапамога, паведамляе ТГ-канал выданьня.
- Жонка Ягора Адар'я Гуштын напісала з гэтай нагоды ў Фэйсбуку:
«Я ня ведаю, што зь ім зрабіў ГУБОП, таму што яшчэ раніцай гэта быў здаровы чалавек. Але і на ператрусе ў рэдакцыі, і на ператрусе дома ён выглядаў дрэнна, паводзіў сябе нехарактэрна».
- Ягора Марціновіча пасьля ператрусу двое сілавікоў вывелі з дому з рукамі, скаванымі за сьпінай.
Што было раней:
- Сілавікі знаходзяцца ў офісе «Нашай Нівы». Таксама зь ператрусам прыйшлі да супрацоўнікаў бухгальтэрыі.
- Затрымалі галоўнага рэдактара выданьня Ягора Марціновіча, у яго дома прайшоў ператрус. З сабакам Альмай, якога выгульваў Марціновіч перад затрыманьнем, усё ў парадку. Таксама ператрус ідзе дома ў Андрэя Скурко. Няма сувязі з Андрэем Дынько, ня выключана, што ён таксама затрыманы.
- У 12:20 стала вядома, што ў офісе бухгальтэрыі «Нашай Нівы» скончыўся ператрус, забралі дакумэнты, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч павезьлі дамоў на вобшук.
- Ператрус у офісе бухгальтэрыі «Нашай Нівы» праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарату МУС.
- Рэпартэрка «Нашай Нівы» Натальля Лубнеўская і фатографка Шура Піліповіч-Сушчыц адпушчаныя пад падпіску аб невыдаваньні.
Пасьля 10-й гадзіны раніцы як у Беларусі, так і за мяжой перастаў адкрывацца сайт «Нашай Нівы».
Міністэрства інфармацыі паведаміла пра абмежаваньне доступу да сайту «Нашай Нівы»:
«На падставе апавяшчэньня Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, распаўсюд якой забаронены пунктам 1 артыкула 38 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“, Міністэрствам інфармацыі прынята рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.by».
Тэлеграм-канал «Нашай Нівы» працуе, ён паведамляе:
«Сайт „Нашай Нівы“ NN.by у гэты момант недасяжны. Мы ня можам зьвязацца зь некаторымі супрацоўнікамі рэдакцыі, у тым ліку з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Мы дапускаем, што ў гэты момант ён можа быць затрыманы, паколькі чытачы паведамляюць, што ў будынку, дзе ён знаходзіўся, бачылі супрацоўнікаў ГУБАЗіКу».
Паводле тг-каналу «Мотолько помоги», у рэдакцыю прыйшоў ГУБАЗіК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: неадкладна спыніць зьнішчэньне незалежных мэдыяўЖурналісты выданьня не выходзяць на сувязь, у самой рэдакцыі ператрус, паведамляе Tut.by. Няма сувязі і з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Ягоная жонка Адар'я Гуштын пацьвердзіла, што Марціновіч прапаў: «Я ня ведаю, дзе затрымлівалі Ягора, але і сабакі дома няма». Пазьней сабака знайшоўся, яго прывялі ў кватэру перад ператрусам.
Як піша тг-канал «Нашай Нівы», найхутчэй, галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча затрымалі ня ў офісе, яго машына стаіць каля дома на праспэкце Дзяржынскага. Выглядае, што ён выйшаў на прагулку з сабакам, дзе яго і забралі.
Дома ў Андрэя Скурко ідзе ператрус, паведамляе тэлеграм-канал выданьня.
Акрамя таго, зь невядомых прычын прыпынілі сваю працу ByFly і мабільны інтэрнэт ад МТС.
Дзе яшчэ праходзяць ператрусы
Пра візыт сілавікоў таксама паведамілі супрацоўнікі «Брестской газеты», якія не знаходзяцца ў рэдакцыі.
Па словах відавочцаў, чатыры ці пяць чалавек грукалі ў дзьверы рэдакцыі і гразіліся выламаць іх, калі ім не адчыняць, піша тг-канал газэты. На гэты момант іншай інфармацыі няма.
У Воршы ператрус адбыўся ў рэдактара мясцовага незалежнага сайту orsha.eu Ігара Казьмерчака, яго самога затрымалі.
Да фатографа выданьня Дзяніса Дубкова прыйшлі зь ператрусам супрацоўнікі ДФР. У Ігара забралі тэлефон і ноўтбук. Пасьля ператрусу яго затрымалі. У якім статусе супрацоўнікі выданьня — невядома.
У рэдакцыю баранавіцкага недзяржаўнага выданьня Intex-Press прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі КДБ. Пра гэта паведамляе сам Intex-Press.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі «Брестской газеты», Orsha.eu і баранавіцкага выданьня Intex-Press таксама прыйшлі сілавікіАтака на «Нашу Ніву». Камэнтуе намесьнік галоўнага рэдактара выданьня
Што стала прычынай атакі на незалежныя выданьні — «Нашу Ніву», orsha.eu, «Брестскую газету», Intex-Press? Ці зьявіцца «Наша Ніва» ў выгнаньні, як гэта адбылося з Tut. by? Ці сыдзе беларуская аўдыторыя ў Telegram? На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч.
Перасьлед «Нашай Нівы» і журналістаў выданьня
19 траўня дадому да галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча прыходзілі сілавікі. Пра гэта яму паведамілі суседзі. Дома нікога не было. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай Нівай».
Яшчэ ў красавіку Эканамічны суд Менску аштрафаваў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічынь (8700 рублёў) фармальна за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць» за друк 20 асобнікаў газэты на прынтэры. Суд даў штраф, хоць падатковая інспэкцыя так і не знайшла доказаў, што прадпрыемства «Суродзічы», якое надрукавала газэту, атрымала хоць які даход ад друку.
Акрамя таго, шэраг буйных кнігарняў, у тым ліку «Акадэмкніга», адмовіліся прадаваць часопіс «Наша гісторыя», які выпускае рэдакцыя «Нашай Нівы».
Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у інтэрвію Свабодзе паведамляў, што пасьля падзей жніўня 2020 году ніхто з супрацоўнікаў рэдакцыі ня звольніўся. Пры гэтым усе 20 супрацоўнікаў пабывалі на допытах у Сьледчым камітэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020 год быў рэкордным па рэпрэсіях да незалежных СМІ Беларусі і па даверы да іх,— вынікі дасьледаваньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты