Гэтак лічаць Улад Кобец, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру International Strategic Action Network for Security, і Дэйвід Крэймэр, дасьледчык інстытуту Маккейна і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага.
«Захад не павінен вяртацца да ранейшага ўзору»
«Падобна, што санкцыі прымусілі рэжым у Менску вызваліць з турмы беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, які быў захоплены падчас рэйсу Ryanair, і замест гэтага зьмясьціць яго пад хатні арышт, — пішуць Кобец і Крэймэр у апошнім выпуску Foreign Policy. — Яны не свабодныя, але вызваленьне з сумнавядомых турмаў Беларусі — гэта першы крок».
Аўтары робяць выснову:
«Вызваленьне Пратасевіча не адбылося б бязь ціску з боку заходніх санкцый, асабліва санкцый ЭЗ. Цяпер Захад не павінен вяртацца да ранейшага ўзору зьмякчэньня санкцый пасьля вызваленьня зьняволеных — не ў апошнюю чаргу таму, што ў турмах Лукашэнкі па-ранейшаму больш за 500 палітычных вязьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны пастанавіў далучыцца да санкцый Эўразьвязу супраць ЛукашэнкіПадобную выснову робіць Фрэнсіс Шын, малады амэрыканскі дасьледнік міжнародных зьнешнепалітычных стасункаў.
«Затрыманьне беларускага дысыдэнта Рамана Пратасевіча пасьля вымушанай пасадкі рэйсу Атэны — Вільня ў Менску выклікала глябальнае асуджэньне беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Гэта таксама ўяўляе трывожную тэндэнцыю транснацыянальных рэпрэсій з боку аўтарытарных дзяржаў ва ўсім сьвеце», — піша Фрэнсіс Шын у выданьні New Eastern Europe.
«Цалкам верагодна, што гэтая штораз часьцейшая зьява толькі ўзмоцніцца, калі дзяржавы Эўразьвязу і іх дэмакратычныя партнэры ня будуць цьвёрда выступаць супраць гэтых дзеяньняў. Такім чынам, Злучаныя Штаты павінны працаваць з ЭЗ, каб выпрацаваць больш моцныя санкцыі на дадатак да цяперашніх супраць рэжыму Лукашэнкі. Для таго, каб заняць цьвёрдую пазыцыю супраць транснацыянальных рэпрэсій, яны павінны ўключаць санкцыі, зьвязаныя зь Беларусьсю, супраць Расеі», — адзначае амэрыканскі дасьледнік.
Мігранты на літоўска-беларускай мяжы
Выданьні Newsweek і Politico пішуць пра міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы і прыводзяць словы Лукашэнкі, якія ён прамовіў на ўрадавым пасяджэньні 6 ліпеня:
«Калі нехта думае, што мы цяпер закрыем мяжу з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Ўкраінай і ператворымся ў адстойнік уцекачоў з Аўганістану, Ірану, Іраку, Лібіі, Сырыі, Тунісу, то ён проста памыляецца як мінімум. Мы ніколі ня будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць, яны ідуць у культурную, цёплую, утульную Эўропу», — заявіў тады Лукашэнка, паводле агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За мінулы дзень літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 53 мігрантаў зь БеларусіАбодва выданьні адзначаюць, што ў сувязі зь міграцыйным крызісам Літва абвясьціла рэжым экстрэмальнай сытуацыі.
«Адмова Беларусі супрацоўнічаць з ЭЗ у спыненьні нелегальнай міграцыі зьяўляецца помстай за тое, што ЭЗ уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі за арышт журналіста ў траўні пасьля перанакіраваньня яго рэйсу ў Беларусь», — адзначае Newsweek.
CNN пра Юрася Зянковіча
Сайт тэлеканалу CNN апублікаваў вялікі і падрабязны артыкул пра Юрася Зянковіча, беларускага юрыста з амэрыканскім грамадзянствам, які быў затрыманы ў Маскве, перавезены ў Беларусь і разам з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Абвінавачаным пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Партыі БНФ Кастусёў: у СІЗА КДБ паветра няма наагулАртыкул цытуе жонку Зянковіча, Алену Дзенісавец, якая кажа, што абвінавачаньні супраць яе мужа недарэчныя і што нават калі ён прызнаўся, дык зрабіў гэта, каб ратаваць сваё жыцьцё.
«Амбасада ЗША ў Менску заяўляе, што ня можа абмяркоўваць справу — і, паколькі Зянковіч мае падвойнае грамадзянства, консульскія службовыя асобы ня маюць аўтаматычнага права яго бачыць», — адзначае CNN.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.