Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Партыі БНФ Кастусёў: у СІЗА КДБ паветра няма наагул


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Сёньня адвакат Інэса Аленская наведала палітыка Рыгора Кастусёва ў шпітальнай камэры ў СІЗА-1, куды старшыню Партыі БНФ тэрмінова перавялі з СІЗА КДБ 2 ліпеня

Кастусёў праз абаронцу перадаў інфармацыю пра тое, чаму трапіў у шпіталь. Дыягназ невядомы ні самому хвораму, ні ягонай сям’і, ні адвакату. Палітык кажа пра праблемы з сэрцам, ацёкі і зблытаную сьвядомасьць.

«Цяпер ён сябе адчувае лепш. Сказаў, што нарэшце надыхаўся паветрам з моманту затрыманьня, таму што ў СІЗА КДБ паветра няма наогул, там ён задыхаўся, як рыба», — паведаміла Аленская агенцтву БелаПАН.

Кастусёў расказаў адвакату, што пастаянная сьпякота ў камэры паслужыла прычынай сардэчнага прыступу. Ён адпраўляў сваёй абаронцы тры лісты пра пагаршэньне здароўя, але адвакатка ніводнага не атрымала.

«Гарачыня і духата ў камэры стала такая, што ўсе мокла. З вэнтыляцыі — толькі маленькае акенца пад стольлю. Пігулка, якая выдавалася Рыгору Андрэевічу лекарам для прыёму раніцай, за ноч проста рассыпалася ад вільгаці. На падлозе — балота, коўдры мокрыя, на сьценах кандэнсат. Ён ня мог спаць, кожную ноч рабілася дрэнна. Уставаў, абліваўся вадой і толькі тады сэрца трошкі супакойвалася. Кожны дзень вельмі чакаў шпацыру, які быў гадзіну-паўтары, каб хаця б падыхаць паветрам», — паведаміла Аленская.

У перадачы вэнтылятараў адміністрацыя СІЗА КДБ зьняволеным у гэтай камэры адмаўляла ў адказ на заявы, якія рэгулярна падаваў Віктар Бабарыка, якія сядзеў разам з Кастусёвым. Ён таксама падаваў заявы з просьбай дазволіць атрымаць ад сваякоў вэнтылятар і тэлевізар, але таксама атрымліваў адмову.

Ад духаты ў Кастусёва падымаўся ціск, было кепска з сэрцам, моцна ацякалі ногі. Лекар даваў лекі, але 30 чэрвеня ацёкі наогул перасталі спадаць, і Рыгору Кастусёву зрабілі ЭКГ. Паводле Інэсы Аленскай, пацыенту не паведамілі пра вынікі дасьледаваньня.

Ноччу з 30 чэрвеня на 1 ліпеня палітык пачаў задыхацца і ня мог спаць. 2 ліпеня да Кастусёва прыйшоў сьледчы, спытаўся пра яго здароўе, убачыў страшныя ацёкі, і ў той самы дзень Кастусёва даставілі ў мэдычную ўстанову для абсьледаваньня сэрца. Пасьля гэтай працэдуры палітык быў шпіталізаваны ў рэспубліканскі шпіталь у СІЗА-1 на лячэньне, дзе ён да цяперашняга часу ўтрымліваецца ў камэры шпітальнага тыпу.

Адвакатка паведаміла, што пагаршэньне здароўя ў палітыка пачалося яшчэ ў красавіку. 17 начэй з моманту затрыманьня ён быў вымушаны спаць на падлозе. Для Кастусёва, які прыбыў чацьвёртым у камэру на тры чалавекі, ложка не знайшлося, пры гэтым адміністрацыя забараняла зьняволеным мяняцца месцамі. У выніку Кастусёў прастудзіўся.

64-гадовага Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ.

17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая плянавала замах на яго і яго дзяцей, і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША.

Затрыманым Рыгору Кастусёву, Юрасю Зянковічу, Аляксандру Фядуту выстаўленыя абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго самага дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны супольна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі паводле адпрацаванага сцэнара „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы.
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой адрас няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масіўнай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG