У гэты дзень 60-гадовы юбілей адзначае і мовазнаўца, грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка. Свабода пагутарыла зь ім пра стан і пэрспэктывы моўных каштоўнасьцяў і нацыянальнай ідэнтычнасьці ў віры падзеяў.
— Шмат дзесяцігодзьдзяў спачатку савецкая дзяржава, а потым і цяперашняя беларуская выпрабоўвае тытульную нацыю на жывучасьць: школы «аптымізуюць» на карысьць расейскамоўных, у краіне няма ніводнага ўнівэрсытэту з поўным цыклем адукацыі па-беларуску; беларускае мовы не паболела ў дзяржаўных установах і афіцыйнай тэлевізіі. Але пры гэтым моўны супраціў застаецца. Гены не здаюцца?
— Афіцыйная прапаганда два з паловай дзесяцігодзьдзі намагаецца ўбіць людзям у галовы перакананьне, што ў Беларусі няма моўнай праблемы. Маўляў, пытаньне неістотнае, яго пэдалюе невялікая група, якая нічога, акрамя як размаўляць па-беларуску, і ня ўмее.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінцук Вячорка: У Беларусі адна дзяржаўная мова — расейскаяАле ж замацаваньне новай улады ў 1995 годзе пачалося менавіта з моўнага пытаньня, якое ўпісалі ў праславуты рэфэрэндум і пазбавілі беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай. Хоць гэтага і ня мусіла здарыцца ў прынцыпе, бо пытаньні, зьвязаныя з ідэнтычнасьцю беларускага народу, ня могуць вырашацца на рэфэрэндумах. Гэта і ёсьць адказ: моўная праблема стратэгічна важная для будаўніцтва незалежнай дзяржавы, якая вызваляецца ад каляніяльнай залежнасьці. І ад яе разьвязаньня залежыць, вызваліцца ці не.
Улада ў прапагандысцкіх дыскурсах усё ж вымушана пэрыядычна вяртацца да моўнай тэмы. Закрыць яе не ўдалося, бо ў грамадзтве ўсё адно ішлі працэсы — ня «дзякуючы», а «насуперак» антыбеларускай моўнай палітыцы. Праблема не спэцыфічна беларуская, падобная сытуацыя ў той жа Ірляндыі (хоць у астатняй Эўропе такога, бадай, і няма), але там ёсьць дэмакратычныя мэханізмы. Тым больш цешыць патэнцыял моўнага адраджэньня ў беларускім народзе, які ўжо чвэрць стагодзьдзя трымаюць у несвабодзе.
Мяне апошнімі днямі станоўча ўразілі два быццам лякальныя моманты. Цікаўлюся ў офісе тэлекамунікацыйнай кампаніі ў маладога супрацоўніка, чаму няма блянкаў заяваў па-беларуску. Ён сумеўся, пераадрасаваў да кіраўніцтва, але зазначыў: за апошні год у некалькі разоў паболела кліентаў, якія размаўлялі зь ім па-беларуску. А ў легендарнай Новай Баравой, у школе вёскі Копішча, прайшоў набор дзетак у першыя клясы для вучобы па-беларуску — адзін камплект ёсьць, можа, будзе і другі.
Гэта выбар адукаваных, упэўненых у сабе, свабодалюбных беларусаў. Каштоўнасьці немагчыма навязаць. Калі каштоўнасьці слушныя, яны рана ці позна перамогуць, бо да іх аб’ектыўна прыйдуць добрыя людзі. Беларусы, якія хочуць самарэалізацыі і свабоды, такім чынам вяртаюцца і да беларускае мовы (бывае, што праз пакаленьне, а то і два).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінцука Вячорку ўзнагародзіў чэскі Інстытут дасьледаваньня таталітарных рэжымаў. ВІДЭА— Сапраўды, паказальным стаў мінулы год, калі мова разам з нацыянальнай сымболікай зрабілася адным з элемэнтаў самаідэнтыфікацыі вольных беларусаў. У наступную хвалю рэпрэсіяў неабыякавыя людзі наўпрост заклікалі гаварыць па-беларуску, бо на фоне татальнага гвалту гэта ці не адзіная легальная праява грамадзянскай пазыцыі.
— Так і ёсьць. Але зазначу: беларуская мова — не зусім сьцяг ці палітычны інструмэнт. Гэта найперш спосаб існаваньня і выжываньня ў вяках беларускае нацыі. Экзыстэнцыйная каштоўнасьць, якую зьберагалі нашыя продкі і якую мы мусім захаваць для наступных пакаленьняў. Такая адказнасьць перасягае дачасныя беды, зьвязаныя з дыктатурай, несвабодай, яна застанецца на нас і пасьля вяртаньня да нармальнасьці. Бо калі зьнікнуць беларусы як нацыя, дык за свабоду каго тады змагаемся? Зьнікае мэта барацьбы, дый суб’ект таксама.
І вось што выявілася: хоць тэхналёгіі леташняй выбарчай кампаніі ад пачатку ігнаравалі моўнае пытаньне, далейшыя падзеі засьведчылі, што абноўленае, абуджанае грамадзтва сьпялейшае за тэхналёгіі, яно само прыходзіць да пэўных каштоўнасьцяў. Відаць, бачым таксама зьмену паняцьця «лідэрства»: новаабуджаная актыўная частка грамадзтва мае патрэбу не ў правадырах, а хутчэй у сьпікерах, выразьніках іхных інтарэсаў, якія дасьпяваюць да каштоўнасьцяў разам з усімі.
Сказанае датычыць і беларускай мовы. Да яе прыходзяць. Натуральна, далёка ня ўсе, а актыўныя, адукаваныя, самастойныя. І гэта лягічна: калі ты адмаўляеш тую мадэль несвабоды, якая за чвэрць стагодзьдзя замацавалася ў краіне, то недарэчна рабіць нейкае выключэньне, індульгенцыю для моўнай палітыкі ўладаў.
— Так званае «дзяржаўнае дзьвюмоўе» падавалася як спосаб абароны нібыта пакрыўджаных «рускамоўных», аднак на практыцы хутка выявілася, што яно ўзаконіла дыскрымінацыю беларускае мовы...
— Падобнага ў Эўропе няма нідзе. Гэта наша ганебнае know-how — калі кажуць: «вам никто не мешает разговаривать», але каб дамагчыся беларускае мовы ў крытычна важных для мовы функцыянальных сфэрах — садку і школе для сваіх дзяцей, ва ўнівэрсытэце, у войску, у банку — трэба змагацца, трэба мець сталёвыя нэрвы і гатоўнасьць шмат чым ахвяраваць, і часьцей за ўсё марна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінцук Вячорка: Кожны сам стварае беларускамоўную прастору вакол сябеЗвычайна прыводзяць у прыклад Бэльгію ці Швайцарыю, маўляў, чым кепска зь дзяржаўным шматмоўем. Але там кожная зь дзяржаўных моваў мае сваю тэрытарыяльную базу (а ў нас краіна больш-менш аднародная з этнамоўнага гледзішча) і дэталёвыя гарантыі рэальнага раўнапраўя.
Але ў нас пра гэта ня ведаюць! Моўнае пытаньне замяталася пад дыван або наагул прыціскалася гнётам, як агуркі ў бочцы, і таму людзі ня думаюць пра яго, не ўяўляюць, што такое моўная палітыка — стратэгія, тактыка захаваньня і адраджэньня мовы ў складаных варунках. За апошні год я шматкроць бачыў, як разумныя, сьвядомыя, адкрытыя людзі, якія паскорана спасьцігаюць навуку свабоды, не разумеюць, што азначае дзяржаўны статус беларускае мовы як адзінай.
Усё зводзіцца да асабістых рэфлексіяў: маўляў, ніхто не прымусіць мяне гаварыць па-беларуску, бо я проста не змагу. То бо пэўныя людзі проста ня ведаюць, што дзяржаўны статус мовы ніякім чынам не закранае прыватнага жыцьця і асабістых моўных паводзінаў. Як ня ведаюць, што Беларусь — адзіная на постсавецкай і наагул у цэнтральнаэўрапейскай прасторы, дзе мова тытульнай нацыі не адзіная дзяржаўная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: UNESCO: Беларуская мова на мяжы зьнікненьня, але шанец ёсьцьНя ведаюць, што ў 2009 годзе наша мова трапіла ў «чырвоную кнігу» UNESCO і знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Пакуль на першай ступені, праўда, некаторыя навукоўцы лічаць, што мы ўжо апусьціліся на другую, а ўсяго такіх пяць — да поўнага зьнікненьня з вуснаў і памяці. Гэта непасрэдны змрочны вынік „дзяржаўнага двумоўя“.
Таму цяпер важна тлумачыць, што азначае эксклюзіўная дзяржаўнасьць беларускае мовы. Не палохаць носьбітаў расейскае, што іх нехта будзе ўшчамляць ці, ня дай божа, цкаваць. Ёсьць розныя мадэлі на пераходны пэрыяд. Расейская можа звацца афіцыйнаю — чалавек, які хацеў бы на ёй стасавацца зь дзяржаўнымі органамі, будзе мець такое права. Аднак «па змоўчаньні» першай павінна быць беларуская.
Цяпер жа ня проста наадварот, а нават калі чалавек выяўляе жаданьне камунікаваць па-беларуску, яму адмаўляюць: маўляў, «у нас два государственных языка». Не зважаючы на абсурднасьць: дык жа калі ў вас, у дзяржавы, дзьве мовы, то проста перайдзіце на другую. А пра судовыя працэсы ды іншае і казаць няма чаго.
Летась рабіліся апытаньні пра дзяржаўнасьць мовы — з прыцэлам на палітычныя і юрыдычныя наступствы ў заканадаўстве будучай Беларусі. Але, па-першае, пытаньні мовы і ідэнтычнасьці не канстытуцыйныя, а экзыстэнцыйныя. Па-другое, зусім некарэктна пытаць такое ў людзей, якія не разумеюць зьместу дзяржаўнасьці мовы і не сутыкаліся з праблемай. Многія з тых, хто далучыўся да сацыяльна-палітычнага актывізму, — маладыя, яны ўвайшлі ў дарослае жыцьцё пасьля першай паловы 1990-х гадоў, а таму проста ня ведаюць, што зь дзяржаўнасьцю беларускай мовы як адзінай тады не было ніякіх праблемаў.
— Мова ў пэўным сэнсе падзяліла грамадзтва — дакладней, тое, у якую рэзэрвацыю яе загналі ўлады. Цяжка ўявіць, каб «сілавік», прапагандыст ці чыноўнік загаварылі па-беларуску — ужо нагода праверыць на «ляяльнасьць». Ці хіба зусім дапячэ, як у выпадку з экс-кіраўніком «прэзыдэнцкага пулу» Дзьмітрыем Семчанкам. Спачатку пацярпеў за пазыцыю супраць гвалту, а пасьля перайшоў у камунікацыях на родную мову, прынамсі ў сацсетках. І такіх прыкладаў абуджэньня моўнай сьвядомасьці шмат — ад мэдыкаў і юрыстаў да музыкаў і спартоўцаў.
— Тут галоўны чыньнік — не прыроднае валоданьне беларускай мовай, няхай сабе ў дыялектнай форме. З тых мэдыкаў ці праграмістаў, якія цяпер актыўна вяртаюцца да беларускае мовы, далёка ня ўсе родам зь вёскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік лукашэнкавага пулу журналістаў напісаў верш пра «здраджаную» мовуА з другога боку, не сакрэт, што многія так званыя сілавікі — якраз вясковыя хлопцы. Першай мовай у іх была беларуская. Аднак збудаваная рэжымам сыстэма гэтую беларускамоўнасьць начыста выбівае: быць беларускамоўным ганебна, небясьпечна, гэта стыгматызуе і г.д. І нават калісьці беларускамоўныя дзеячы (іх, праўда, няшмат), трапляючы ў «даверанае кола», пераключаюцца на-расейскую.
Згадаю іншы прыклад. Сьпікерам яшчэ дастаткова дэмакратычнага Вярхоўнага Савету 12 скліканьня абралі Мечыслава Грыба, генэрала міліцыі. І як дэпутат, і як новаабраны старшыня ён прамаўляў толькі па-расейску. Але празь некаторы час загаварыў па-беларуску: спачатку пратакольна, затым у інтэрвію і ня толькі. Тады дзяржаўная пасада яшчэ азначала публічную адказнасьць перад беларускім народам і яго гістарычнай будучыняй. Спадзяюся, дзяржаўныя дзеячы новай Беларусі прыйдуць да гэтага таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мечыслаў Грыб пра тое, як можна было не прапусьціць ЛукашэнкуЦяперашняе моўнае абуджэньне сьведчыць: як толькі зьменіцца агульная атмасфэра, свабодныя людзі з каштоўнасьцямі лёгка зробяць сьвядомы выбар. Нават калі для іх (на жаль, гэта ўжо масавая зьява) беларуская мова не была першай. Прыклад побач: і ва Ўкраіне адбывалася паступовае вяртаньне ўкраінскае мовы ў статусныя сфэры — адукацыя, палітыка, мэдыя, права. Па-першае, гэта становіцца нармальным і натуральным. Па-другое, робіцца справай гонару для адказных людзей.
— Будзем лічыць, што так супала, бо 7 ліпеня ў свой 60-гадовы юбілей Вінцук Вячорка стаў у адзін шэраг з выбітнымі нараджэнцамі гэтай зямлі, якія далі нагоду ўпершыню адзначыць Дзень беларускай культуры... Калі азірнуцца, то які час для беларускай мовы быў найбольш спрыяльным, а калі гэта зьмянілася цкаваньнем?
— У першую чаргу гэта Купалаў дзень (адсюль і ягоны псэўданім, хоць каляндарна сапраўднае Купальле — на сонцастаяньне) і дата народзінаў нашых іншых выдатных дзеячаў — Марка Шагала, Яна Чачота (праўда, наконт апошняга акурат ідзе дыскусія). Прапанова замацаваць 7 ліпеня як сьвята беларускае культуры вельмі добрая і пэрспэктыўная.
Што ж да майго досьведу, то самым каштоўным быў час ад другой паловы 1980-х да сярэдзіны 1990-х. Дзесьці ад 1984-га пайшло дынамічнае нацыянальна-моўнае адраджэньне самых розных пластоў беларускага народу, а галоўнае — тагачаснай моладзі. Зьявіліся беларускамоўныя рок-гурты, множыліся суполкі моладзі самых розных тэматычных кірункаў, але зьяднаныя ідэяй нацыянальна-моўнага адраджэньня.
Беларуская мова вярнулася на вуліцы гарадоў у новым статусе. На ёй бяз страху і комплексаў загаварылі маладыя людзі (ясна, далёка ня ўсе, але статус і ўспрыманьне беларускае мовы зьмяніліся). Урэшце, у 1988-м створаны шырокі нацыянальна-дэмакратычны рух БНФ, які фармуляваў прагненьні свабоды па-беларуску. І наданьне беларускай мове ў 1990 годзе статусу адзінай дзяржаўнай было вымушаным адказам яшчэ савецкай дзяржавы на гэтую магутную плынь.
Першая палова 1990-х — гранічна напружаны, але стратэгічна важны час пабудовы нацыянальнай дзяржаўнасьці, адначасова і вяртаньня беларускай мове ўсіх належных функцыяў. Мала ёсьць сфэраў бытаваньня беларускай мовы, да якіх я б не спрычыніўся тады — адукацыя, тэрміналёгія, уладкаваньне правапісу, папулярызацыя беларускае мовына радыё і ў газэтах. І я шчасьлівы, бо тое, што тады ўдалося пасеяць, цяпер дае плён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль ня раіць Лукашэнку беларусізаваць СМІ і сфэру адукацыі»Людзі, якія 30 гадоў таму былі школьнікамі, вучыліся па тых падручніках і краем вуха чулі тагачасныя мэдыя, цяпер выходзяць на грамадзкую арэну. Гэта яны складаюць хрыбет актыўнай часткі беларускага грамадзтва, абноўленай нацыі. Ім лёгка ўспомніць той грунт і набор каштоўнасьцяў, якія яны ўвабралі калісьці.
Што ж да прыкрых паваротаў гісторыі, дык спачатку многім небясьпека падавалася перабольшанай, здавалася, неўзабаве ўсё адкруціцца назад. Я пра 1994-95 гады, у прыватнасьці, ганебны рэфэрэндум, зь якога мы пачалі размову. Безумоўна, гэта быў чорны дзень у гісторыі нашай мовы.
Тым ня меней перакананы: беларуская сьвядомасьць неад’емная ад беларускае мовы, і яна ўрэшце верне свае правы...
Вінцук Вячорка — беларускі мовазнаўца, грамадзкі дзяяч, палітык. Адзін з укладальнікаў сучаснай рэдакцыі беларускага клясычнага правапісу (тарашкевіцы). Лідэр Партыі БНФ у 1999-2007 гадах.
Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 году ў Берасьці. Скончыў філялагічны факультэт БДУ, асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук.
Выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, працаваў у Беларускім гуманітарным ліцэі, у гістарычным часопісе «Спадчына». Аўтар дапаможнікаў, разам зь Пётрам Садоўскім уклаў першыя ў гісторыі праграму і чытанку для беларускамоўных дзіцячых садкоў.
У 1980 годзе стаў адным з заснавальнікаў «Майстроўні» — першай у новым часе нефармальнай моладзевай суполкі адраджэньня беларускай сьвядомасьці. Разам зь Сяргеем Дубаўцом і Сержуком Сокалавым-Воюшам выдаваў пазацэнзурны літаратурны і палітычны часопіс «Люстра дзён».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Школа нацыянальнага сталеньня»: У «Галіяфах» адкрылі фотавыставу да 30-годзьдзя «Талакі»Цягам 1986-1989 уваходзіў у знакамітую «Талаку», якая ўзгадавала шмат вядомых актывістаў апазыцыі і дзеячоў культуры. Уваходзіў у падпольную групу «Незалежнасьць», у Канфэдэрацыю беларускіх моладзевых суполак. Разам зь Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім выдаваў падпольны часопіс «Бурачок».
У 1988 годзе браў актыўны ўдзел ва ўтварэньні Беларускага Народнага Фронту, адзін з аўтараў тэксту фронтаўскай праграмы. Пасьля сыходу з пасады старшыні Партыі БНФ у 2007 годзе засяродзіўся на мовазнаўчай і асьветніцкай дзейнасьці.
Аўтар кніг «Бібліятэкі Свабоды» — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» і «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі».