Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крэмль ня раіць Лукашэнку беларусізаваць СМІ і сфэру адукацыі»



Праблемы сучаснага стану нацыянальнай ідэнтычнасьці і стаўленьня да яе ўладаў абмяркоўваюць галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў і грамадзкі дзяяч, мовазнавец Вінцук Вячорка. Вядзе гутарку Сяргей Навумчык.

«Глядзець не на вусны Лукашэнкі, а на ягоныя рукі»

Навумчык: У нашай размове я хацеў бы адштурхнуцца ад, напэўна, галоўнай падзеі ў Беларусі на мінулым тыдні — прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў. У апошнія месяцы даводзіцца чуць, што кіраўніцтва Беларусі павярнулася да праблемаў нацыянальнай ідэнтычнасьці. З усяго таго, што сказаў Лукашэнка за больш як пяць гадзінаў — ці пачулі вы нешта, што магло б пацьвердзіць слушнасьць тых, хто кажа пра паварот Лукашэнкі да незалежнасьці як каштоўнасьці, увогуле да нацыянальных каштоўнасьцяў?

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Вячорка: Найперш я не зусім пагадзіўся б з ацэнкаю гэтай падзеі, шараговай ужо шмат гадоў, як асноўнай падзеі тыдня. Так, гаварыць гэты чалавек умее, язык у яго падвешаны добра, і фызычна ён можа трымаць у напружаньні ажно да поўнай фізіялягічнай зьнямогі сабраных у сваю залю слухачоў. Але папраўдзе мы мусім глядзець не на ягоныя вусны, а ўважліва глядзець на ягоныя рукі. Гэта значыць сачыць не за тым, што ён кажа, а за тым, што ён і падначаленыя яму — робяць. На жаль, вельмі часта заходнія аналітыкі і людзі, якія прымаюць рашэньні, выхаваныя ў заходнім каноне, што «слова палітыка — закон», што «слова ніколі не разыходзіцца са справай», вельмі ахвотна ловяць усе такія «мэсэджы», вельмі доўга аналізуюць іх пасьля, не даючы сабе клопату супаставіць іх з рэальнасьцю.

А рэальнасьць такая, што сёньня ў плыні навінаў побач з расьцяганым на цытаты ягоным бясконцым сьпічам ідзе інфармацыя, што судзяць аднаго за другім арганізатараў і ўдзельнікаў абсалютна сьветлай, важнай, людзкай падзеі — ушанаваньня памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы, мястэчку каля Белавескай пушчы. Калі б сапраўды адбывалася нейкая так званая «мяккая беларусізацыя» і калі б цяперашні кіраўнік дзяржавы папускаўся б прынамсі да той ступені, каб не перашкаджаць грамадзкасьці рабіць беларускія захады, — то ніхто б гэтых людзей не чапаў. А на добры лад, і дзяржава была б суарганізатарам ці першым арганізатарам падобных акцыяў, пагатоў што імя Каліноўскіх, імя Кастуся Каліноўскага нават у так любімы Лукашэнкам савецкі час было цалкам цэнзурным і ягоны партрэт у быў у падручніку «Гісторыя БССР», хай сабе з адпаведнай клясавай трактоўкай, не зусім праўдзівай, зрэшты.

І вярнуся да тых пасылаў, якія Лукашэнка выдаваў. Зьвяртаўся ён да правінцыйных расейскіх рамесьнікаў афіцыйнай прэсы, але ж усё роўна меў на ўвазе і спажыўца ўласна беларускага, і спажыўца замежнага. Дык мяне вельмі разанула вельмі своеасабліва зразуметае апісаньне тэрміну для ідэнтычнасьці. «Белорусы — это те же русскіе», «Как мы раньше говорілі, мы все — русскіе люді», — так у розных інтэрпрэтацыях некалькі разоў паўтарыў гэты чалавек, але гаворачы пра кароткі пэрыяд рэальнай пабудовы беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці, заснаванай на традыцыйных нацыянальных, дый агульначалавечых, каштоўнасьцях, у пачатку 90-ых гадоў, — ён назваў тых, хто займаўся гэтай пабудовай, грэблівым словам «нацмены».

Мы добра ведаем, што ў сталінскія часы гэтае слова абазначала нацыянальныя меншасьці, ня вартыя сваёй дзяржаўнасьці, ну а потым яно стала грэблівым, абразьлівым абазначэньнем нейкіх чужынцаў. І ў гэтым сэнсе кіраўнік дзяржавы, які меў бы быць кіраўніком для ўсіх беларусаў, папраўдзе беларусаў мэтадычна расколвае, аслабляе нацыянальную еднасьць, так неабходную ў абліччы вельмі сур’ёзных палітычных, эканамічных і ўсякіх іншых выклікаў, перад якімі сёньня стаіць нашая нацыя і пакуль яшчэ не канчаткова разбураная ім беларуская дзяржава.

«У „сэнаце“ ўжо быў прадстаўнік ТБМ — і толку?»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Вы лічыце, што так ці інакш, але Лукашэнка вымушаны адклікацца на патрабаваньне грамадзтва?

Вячорка: Безумоўна, на ўладу дзейнічае найперш вонкавапалітычная сытуацыя. Загульваньні з Крамлём, якія калісьці, на пачатку Лукашэнкавай кар’еры, мелі на мэце ягоны «пераскок» на крамлёўскі трон, цяпер неактуальныя зь вядомых прычынаў, бо той афіцэр КДБ усё ж спрытнейшы за тутэйшага кіраўніка дзяржавы. Але застаецца актуальнай мадэль, якая дазваляе выкарыстоўваць пэўныя рэсурсы, паводле савецкага ўзору.

І застаецца актуальным тое, што Лукашэнка аблытаны залежнасьцю (мэнтальнай, эканамічнай, вайсковай, спэцслужбаўскай) ад усходняга суседа. Але зь іншага боку (дарэчы, і са згоды ўсходняга суседа, на маё глыбокае перакананьне) ён пасылае сыгналы Захаду з тым, каб можна было мець з гэтага Захаду і фінансавую падтрымку, і адкрыць перад сабой пэўныя магчымасьці кантактаў. Калі-нікалі ўсходні сусед яму гэта дазваляе, каб зэканоміць: няхай лепш МВФ дасьць Лукашэнку нейкія крэдыты, чым калі будзе выломваць іх з калена Пуцін, які вядзе прынамсі дзьве вайны.

З другога боку, і сам Лукашэнка калі-нікалі хоча дэманстраваць, асабліва перад Захадам, гэткую «шматвэктарнасьць», так званую «палітыку арэляў», на якую ў тым ліку і нашыя аналітыкі купляюцца. Цяпер Захад, уражаны адраджэньнем расейскага імпэрскага мядзьведзя, роспачна шукае хоць нейкія магчымасьці адцягнуць суседзяў гэтага мядзьведзя ад татальнага ўваходу ў расейскую імпэрскую арбіту. Натуральна, там уважліва аналізуюць розныя працэсы, у тым ліку зьвязаныя з нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасьцю: ці іх падтрымлівае альбо прынамсі не пярэчыць ім цяперашняе менскае кіраўніцтва. І прачытваюць яны, на жаль, такія сыгналы вельмі часта перабольшана.

Ну і трэба сказаць, што ў Лукашэнкі працуюць прафэсіяналы ў гэтых штабах. Яны, напрыклад, выкарысталі сытуацыю пэўнай залежнасьці ад савецкіх стэрэатыпаў цяперашняга кіраўніцтва ТБМ і правялі, уключылі ў склад псэўдапарлямэнту прадстаўнічку ТБМ Алену Анісім. Каб можна было гэтым фактам: а) пацьвярджаць перад Захадам, што быццам нейкі плюралізм у «палаце прадстаўнікоў» зьявіўся; і б) з другога боку, зьнясільваць беларускі грамадзкі імпульс: маўляў, нашто нам самім варушыцца, змагацца за свае моўныя правы, калі ажно цэлая намесьніца старшыні ТБМ у так званым парлямэнце ёсьць? Ну і што? Датуль у так званым «сэнаце» быў таксама прадстаўнік Таварыства беларускай мовы, такі спадар Марзалюк. І толку? Усё гэта толькі паказуха на экспарт, ну і яшчэ, можа быць, для супакаеньня нацыянальна сьведамай, нацыянальна зарыентаванай інтэлігенцыі.


«Мова працягвае існаваць на маргінэсе»

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Булгакаў: Я пачну з таго, што было б дзіўна, каб жа нейкія сэнсацыйныя заявы стратэгічнай важнасьці Лукашэнка агучваў перад расейскай аўдыторыяй. Пры тым, што яны нібыта тычацца ўласнай, беларускай аўдыторыі. Таму самі спадзяваньні на нейкі прарыў, на перагляд курсу, на нейкі рух насуперак таму, што было зроблена, — яны хутчэй інсьпіруюцца сапраўды пэўнымі аналітычнымі коламі. Можна гадаць пра іх афіліяцыю і ідэалягічную, так бы мовіць, ідэнтычнасьць, але гэтыя чаканьні, спадзяваньні — гэта як у пэўных хрысьціянскіх сэктах чакаюць наступнага прышэсьця Хрыста, чакаюць людзі часам падзеньня нейкіх нябёсных целаў на плянэту Зямля. Так, ёсьць пэўныя супольнасьці, пэўныя інтэлектуальныя лідэры, якія год за годам, сэзон за сэзонам агучваюць думку, што, маўляў, палітыка, якая мела месца ў дачыненьні да культуры, будзе на самым версе радыкальна перагледжаная.

Але падчас таго, што было прамоўлена Лукашэнкам, я не пачуў нават знаку таго, што такая рэвізія можа мець месца. Больш за тое, Лукашэнка досыць цынічна адзначыў: пашырэньне ўжываньня беларускай мовы будзе азначаць падрыў беларускай эканомікі. І гэта лішні раз гаворыць пра паталёгію палітычнай сыстэмы ў Беларусі, калі краіна атрымлівае энэргетычныя субсыдыі, папросту эканамічныя прэфэрэнцыі наўзамен за падаўленьне ўласнай нацыянальнай культуры. Такая сытуацыя ў Эўропе цяжкая да ўяўленьня, але паміж былымі імпэрскімі калёніямі і мэтраполіямі падобныя адносіны мы маглі назіраць — скажам, паміж якой-небудзь эўрапейскай мэтраполіяй і афрыканскай калёніяй. І Лукашэнка недвузначна сьцьвердзіў, што ён не дапусьціць абніжэньня жыцьцёвага ўзроўню беларусаў, і, адпаведна, беларуская мова будзе мець такія ж самыя правы і сфэры ўжытку, як і раней.

Гэта значыць, з аднаго боку, яна нібыта прысутнічае недзе на маргінэсе, з другога боку, як ўжываньне маркіруюць такія акрэсьленьні, як экзотыка і этнаграфізм. Гэта значыць, яна не становіцца здабыткам людзей, яна існуе ў пэўных ізаляваных кантэкстах, у пэўных групах. І калі зьвяртацца да акрэсьленьня, якое зачапіла Вінцука Вячорку, я маю на ўвазе — «нацмен», то Лукашэнка лішні раз паказвае, што людзі, якія дамагаюцца перагляду культурных статусаў, культурных гіерархіяў, культурных ідэнтычнасьцяў, — гэта меншасьць. Меншасьць, у дачыненьні да якой можна ўжываць абразьлівыя эпытэты. Гэты эпітэт досыць неадэкватны, ён гаворыць пра сапраўды нейкае іншае нацыянальнае паходжаньне. Хоць у Беларусі, безумоўна, няма ніякіх лініяў падзелу ў пляне нацыянальнага паходжаньня, а гаворка ідзе пра суіснаваньне, больш за тое, пра падаўленьне ўсярэдзіне аднаго палітычнага грамадзтва розных культурных традыцыяў.

З другога боку, ёсьць фактары, якія патрабуюць далейшага абмеркаваньня і разгортваньня. Я хачу сказаць, што я схіляюся да думкі, што Лукашэнка перад абліччам расейскай агрэсіі ва Ўкраіне спалохаўся і гэты сполах меў вынікам пэўнае паслабленьне. Я тут не да канца згодны зь Вінцуком Вячоркам, што, маўляў, культурніцкія ініцыятывы, якія рэжым прынамсі дазваляе, што гэта, маўляў, адназначна рух зьнізу. Тут, ведаеце, на мой погляд, больш складаная мэханіка, бо, будзем шчырымі, у Беларусі дзяржава валодае непараўнальна большымі рэсурсамі — фінансавымі, адукацыйнымі, кадравымі, — чым так званая незалежная супольнасьць. І дзяржава, асабліва ў такім моцным кансалідаваным аўтарытарным выглядзе, вельмі часта спрабуе дыктаваць, навязваць свае густы і настроі.

І тут сапраўды адбываецца досыць складаная гульня, калі дзяржава вымушаная рабіць пэўныя саступкі ў тактычных пытаньнях, але стратэгічна нічога не зьмяняць. Гэта значыць, сам факт існаваньня незалежнай Беларусі, сам факт існаваньня такіх інстытуцыяў, як Нацыянальная акадэмія навук, ці, выбачайце, нават цяперашняя сыстэма школьнай адукацыі, якая, нягледзячы на ўсе свае заганы, мае беларускамоўныя школы... Карацей кажучы, ёсьць матэрыяльныя знакі таго, што Беларусь розьніцца ад нейкага савецкага кшталту 1983 ці 1971 гадоў. Безумоўна, сьвядомасьць людзей іншая, чым яна была 30 ці 40 гадоў назад. І каб гэтую сьвядомасьць нейкім чынам лішні раз не падштурхоўваць да палітычных канфліктаў, яе ўлагоджваюць, і існуюць вышыванкі, цішоткі і іншыя рэчы, якія, з аднаго боку, не нясуць ніякай палітычнай небясьпекі, а з другога — яны сапраўды для нацыянальна сьвядомай часткі беларускага грамадзтва ёсьць індыкатарамі сваёй пазыцыі.


«Людзей прывучаюць, што „наш“ — гэта „рускі“»

Навумчык: Калі казаць пра будучыню ў аспэкце нацыянальнай самаідэнтычнасьці — наколькі, на ваш погляд, яна важная для нацыі? Ці можна яшчэ нешта зрабіць, альбо кропка незвароту пройдзеная, і будучая Беларусь, хай сабе нават і дэмакратычная, як лічаць некаторыя, будзе расейскамоўная?

Вячорка: Наагул я аптымістычна гляджу на нашу сытуацыю. Перадусім нацыянальная ідэя ўсемагутная, бо яна слушная, ужо даруйце мне перафразаваньне чужога нам ідэалягічна і нацыянальна «клясыка».

Але тое, што да нацыянальнага ўсьведамленьня прыходзяць новыя пакаленьні, думаю, выклікае занепакоенасьць у крамлёўскіх аналітыкаў, якія шлюць дастаткова ясныя сыгналы лукашэнкаўцам: не чапаць статус-кво ў інфармацыйнай і адукацыйнай сфэрах. Бо гэта сфэры, якія папраўдзе гарантуюць і ўзнаўленьне нацыянальнай сьвядомасьці, і поўнафункцыянальнае бытаваньне мовы ў пакаленьнях.

Што такое інфармацыйная беларуская прастора цяпер? Маю на ўвазе ня кнігі, а тое, што мільёны глядзяць. Вось перада мной рэкляма тэлебачаньня, якую рассылае «БелТА». «Наше кино», «Наше любимое кино», «Наше новое кино» — гэта назвы каналаў! «Русское кино», «Русский иллюзион», «Наш футбол», «Россия. Культура». «Наш» — тут маецца на ўвазе «рускі». Вось гэтая незьлічоная колькасьць каналаў і ўжываньне слова «наш» для дэскрыпцыі іхняга зьместу — гэта ж і ёсьць поўнае ўцягваньне, усмоктваньне ў расейскую арбіту сярэдняга беларуса. Ён праз кінапрадукцыю, праз сэрыялы бясконцыя павінен засвойваць ісьціну, што ўсе гэтыя ФСБэшнікі, НКВДзісты і цяперашнія «героі Данбасу» — гэта і ёсьць «сапраўдныя», «нашыя» героі. І гэта — страшна.

«Беларускія школы павінны быць у пешай даступнасьці»


А што да адукацыйнай прасторы, то можна колькі хочаш цешыцца, што цяпер на гарадзкіх вуліцах стаяць білборды з прыгожымі беларускімі словамі ды з сардэчкамі. Але нават калі прыслухацца да вынікаў афіцыйнага перапісу 2009 году — маю да яго шмат мэтадычных і тэрміналягічных засьцярогаў — але нават паводле гэтага перапісу 2 227 000 грамадзянаў Беларусі сьцьвярджаюць, што гавораць па-беларуску штодня. Ня проста родная іх мова беларуская (дарэчы, колькасьць людзей, што прызнаюць беларускую мову роднай, абвалілася за дзесяць гадоў паміж перапісамі на 20-25%).

Скажам, у горадзе Маладэчне 27 515 такіх чалавек. Гэта 29% насельніцтва прыблізна статысячнага гораду. Значыць, нават гэтая ўлада (гэта ж ейны перапіс!) мусіла б у горадзе Маладэчне з 35 дзіцячых садкоў 11 апрыёры мець беларускіх! З 14 школаў Маладэчна чатыры павінны быць беларускамоўныя, і з шасьці гімназіяў прынамсі дзьве маюць быць беларускамоўныя. Апрыёры: ня людзі павінны абіваць парогі і адольваць хлусьню дырэктараў, якія кажуць «Вы у нас одни такие», а беларуская школа павінна быць у пешай даступнасьці да кожнага маладачанца!

На жаль, мы часта вядземся на такую хітрую палітыку ўладаў, якая быццам таксама сьведчыць пра «мяккую беларусізацыю»: «Вы, бацькі, нам зьбярыце заявы адпаведныя, і мы тады падумаем пра адкрыцьцё групы ў садку», як нядаўна ў Гомлі, альбо клясы ў школе, вакол чаго ў Магілёве безупынны сэрыял. Не. Калі ўжо яны паклікаюцца на швайцарскі, фінскі ці яшчэ нейкі досьвед, дык ён менавіта такі: гэтыя школы павінны быць загадзя. І 22% групаў усіх спэцыяльнасьцяў у беларускіх унівэрсытэтах таксама павінны быць беларускамоўныя. Тое, што я кажу цяпер, — безумоўна, той мінімум, які сама гэтая ўлада, сказаўшы «а», мела б рабіць у рамках казаньня «б». А наагул у нас павінна быць адзіная дзяржаўная мова —беларуская, і адпаведныя стопрацэнтныя магчымасьці для беларусаў мець любую адукацыю на беларускай мове. На іншых мовах — паводле сытуацыі.


«Трэба скасаваць перашкоды, створаныя цягам фармаваньня кансалідаванага рэжыму»


Навумчык: Мне прыгадалася, як на адной з прэсавых канфэрэнцыяў гадоў восем назад сумнавядомы палкоўнік Замяталін, былы віцэ-прэм’ер, сказаў, што беларускай мовы павінна быць 10% — і ніводным працэнтам болей. І што прапорцыя беларускай мовы да расейскай мусіць быць як 1:10, і ніяк інакш.

На ваш погляд, што асабіста для вас было б індыкатарам павароту цяперашняга кіраўніцтва Беларусі да нацыянальных каштоўнасьцяў (калі такі паварот цяперашняй улады ўвогуле магчымы)?

Булгакаў: Адзначу, што ня ўсё так кепска. І калі Вінцук Вячорка казаў, што і тут праблемы, і там праблемы, — з аднаго боку, гэта так. А з другога, ёсьць статыстыка кнігавыданьня, якая паказвае, што колькасьць беларускамоўных кніжак з году ў год расьце. Калі пару гадоў таму ў нас у год выходзіла недзе 600 кніжак, дык мінулы год даў амаль 1200. Гэтыя лічбы, безумоўна, мала што гавораць без кантэксту, але параўнаем з тым, што дзеецца, напрыклад, у сапраўдных расейскіх нацменаў, і мы пераканаемся, што папраўдзе для разьвіцьця беларускай нацыі цяпер існуюць досыць салідныя інтэлектуальные перадумовы. Уявіце сабе, што па-беларуску ў год нават у нашай цяпер гіпэрскладанай культурнай сытуацыі выходзяць каля 1000 пазыцыяў, а ў Расеі на мовах нацыянальных меншасьцяў (а там, нагадаю, адразу за расейцамі ідуць татары, пасьля якуты, чачэнцы), на мовах самых прасунутых меншасьцяў выходзяць ад сілы 40-50 пазыцыяў. Уявіце сабе, наколькі вялікі разрыў і наколькі значны факт існаваньня незалежнай дзяржавы.

Незалежная дзяржава, нягледзячы на ўсе свае асаблівасьці, у такім беларускім посткаляніяльным варыянце, змушаная інвэставаць пэўныя грошы ў падручнікі, у мэтадычную, дыдактычную літаратуру. Яна, хочучы ці ня хочучы, гэта робіць. І міністэрства інфармацыі штогод выдае гранты, прычым досыць немалыя, як на беларускія меркі, у мільёны даляраў, на падтрымку беларускамоўных кніжных выданьняў. Ну і нагадаю, што ў Беларусі дагэтуль застаецца шэраг беларускамоўных штомесячных часопісаў — гэта такая своеасаблівая спадчына савецкага часу. Іх наклады радыкальна зьменшыліся, але яны дагэтуль ёсьць. Таму гэтая спроба параўнаньня паказвае рэальную ступень, на якой Беларусь цяпер знаходзіцца. Так, гэта значна менш, чым ва ўкраінцаў. Украінцы выдаюць штогод па-украінску каля 14 тысяч пазыцыяў, і гэта, безумоўна, той арыентыр, куды беларусам трэба імкнуцца. Але ў параўнаньні з тым, што маюць нацыянальныя меншасьці, самыя культурна прасунутыя, у Расейскай Фэдэрацыі, прычым іхная дзяржаўнасьць мае эфэмэрычныя рысы, гэта квазідзяржаўнасьць, гэта нейкія аўтаноміі, — гэта сапраўды салідны культурны капітал.

Таму, адказваючы на гэтае пытаньне, я б ішоў тут у фарватэры таго, што сказаў Вінцуек Вячорка: проста дзяржава мусіць нават ня столькі нешта фінансаваць, нешта падтрымліваць, колькі перастаць падаўляць. Напрыклад, скасаваць абсалютна вар’яцкія выдавецкія ліцэнзіі. У Беларусі ўвялі ліцэнзію на права продажу кніжак — дзе такое ёсьць? Альбо зь якімі праблемамі сутыкаюцца незалежныя музычныя гурты, «Свабодны тэатар». І, безумоўна, было б больш рэалістычна не патрабаваць, каб дзяржава давала на беларускія кніжкі ня пяць мільёнаў даляраў, а дваццаць пяць. А хаця б пачаць з таго, каб скасаваць перашкоды, створаныя цягам фармаваньня кансалідаванага рэжыму.

Вячорка: Хачу ўдакладніць храналёгію падзеяў у сувязі з тым, што спадар Булгакаў сказаў наконт адкрытых дзяржавай калідораў ды імпульсаў грамадзтва. Усё ж менавіта грамадзкія вычыны былі першыя. Першыя былі масавыя моўныя курсы, першыя былі артсядзібаўскія ініцыятывы — вулічныя, зьвязаныя з вышыванкамі і так далей. Першасным было зьяўленьне цікавасьці ў наймаладзейшага пакаленьня да беларускамоўнай рок-музыкі, першасны быў пераход на беларускую мову футбольных фанатаў (прычым, дарэчы, па ўсёй Беларусі, у розных рэгіёнах — што заходніх, што ўсходніх). І ў гэтым сэнсе я не лічу, што рэакцыя спалоханай новым агрэсіўным абліччам Расеі цяперашняй менскай улады нейкім чынам кшталтавала гэтую нацыянальную сьведамасьць моладзі. Не. Працэс пачаўся да таго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG