36-гадовы Мікалай Давідчык нарадзіўся ў Лідзе. Вучыўся, працаваў і жыў у Маскве. Адтуль адміністраваў шэраг беларускіх тэлеграм-чатаў, меў нік «Горды лідчанін». На патрабаваньне беларускіх уладаў быў арыштаваны, трапіў у СІЗА. Цяпер у Польшчы.
«Жыў у Маскве ў спадзяваньні вярнуцца некалі ў нармальную краіну»
«Я нарадзіўся, вучыўся і жыў у Лідзе. Калі скончыў школу, на сямейнай радзе вырашылі, каб я ехаў вучыцца ў Маскву. Бо ў Беларусі пэрспэктыў было мала. Адвучыўся на інжынэра-эколяга. Застаўся ў Маскве, працаваў, ажаніўся. Шэсьць-сем разоў на год прыяжджаў у Беларусь да бацькоў. Пашпарта не мяняў прынцыпова — была надзея, што ўлада зьменіцца і вярнуся ў нармальную краіну. Краем вока сачыў за беларускімі навінамі.
Увесну 2020 году ўбачыў ролік, як Сяргей Ціханоўскі прыяжджаў у Ліду, размаўляў зь мясцовымі жыхарамі на звычайныя побытавыя тэмы. Пасьля той сустрэчы жыхароў Ліды пачалі затрымліваць. Мяне гэта так абурыла! Асабліва калі затрымалі бацьку чацьвярых дзяцей Паўла Анціпкіна. Я сам маю малога сына, у мяне абвостраныя бацькоўскія пачуцьці. Таму вырашыў зьвязацца зь яго сям’ёй, дапамагчы нечым.
У сацыяльных сетках наткнуўся на тэлеграм-канал „Лида для жизни“. Пачаў стасавацца зь людзьмі. Мяне запрасілі ў закрыты чат. Тады там у асноўным шчыравалі валянтэры, абмяркоўвалі, як, каму і чым дапамагчы. Я працаваў раней у Greenpeace Расеі, мне блізкае валянтэрства.
Потым я далучыўся да каманды адміністратараў „Лиды для жизни“ і аднайменнага Youtube-каналу. Калі беларускіх адмінаў пачалі жорстка перасьледаваць, на мяне перакінулі валоданьне чатам — бо я быў не ў Беларусі, у параўнальнай бясьпецы.
Зь цягам часу чат разрастаўся, там было ўсё больш падпісчыкаў. Калі працягваліся ганеньні на адмінаў, я прыкрываў іх і браў на сябе некаторыя каналы і чаты Горадзенскай вобласьці».
«Каб я ня верыў у перамогу, я б у гэта ня лез»
«З жахам назіраў, што адбывалася 9 жніўня і пасьля. Проста валасы былі дуба. Калі ў Лідзе адпусьцілі затрыманых і быў вялікі марш, каля 15 тысяч выйшла, здаецца, быў вялікі пазытыў. Усе радаваліся і думалі: „Перамога на парозе!“. Мэта адмінаў была — не дапусьціць правакацый, экстрэмізму, затрыманьняў. Самае галоўнае, пра што мы пісалі і абмяркоўвалі ўвесь час, — бясьпека людзей.
Тады я пазнаёміўся віртуальна зь Вітольдам Ашуркам. Ён быў добры, прыстойны, вельмі адказны і сур’ёзны чалавек, патрыёт. Я абяцаў яму, што пап’ём разам гарбаты пасьля перамогі. На жаль, мы так і ня ўбачыліся.
Кожнае затрыманьне чалавека было для нас асабістай трагедыяй. Вітольд быў на маршах, сачыў, каб усё было мірна. Я ў чатах „адсякаў“ экстрэмістаў. Мы клапаціліся пра бясьпеку людзей. Я думаю, мірныя маршы не задавальнялі нашу міліцыю, ім хацелася нейкага экстрэмізму, каб апраўдаць рэпрэсіі.
Вітольда ведалі ў Бярозаўцы і Лідзе. Яго паважалі, я думаю, нават міліцыянты. Яны ведалі, што ён ніякі не экстрэміст. Ён ніколі не хаваўся, заўсёды дзейнічаў адкрыта. Думаю, што загад на яго затрыманьне ішоў „зьверху“.
Калі яго затрымалі, прычым з прымяненьнем неапраўданай сілы, то на наступную нядзелю марш прайшоў безь яго і быў апошнім. У Ліду навезьлі міліцыянтаў з усяе вобласьці. Людзей пачалі жорстка затрымліваць.
Але ў мяне вера ў перамогу дагэтуль. Каб я ня верыў, то ня ўлез бы ў гэта, тым больш маючы жонку, малое дзіця.
Дарэчы, шмат інфармацыі мне скідалі ці дзейсныя, ці былыя міліцыянты зь Ліды. Бо шмат каго не задавальняла тая сытуацыя, якая склалася ў краіне.
У маіх бацькоў у Лідзе яшчэ ўвосень прайшоў ператрус. А ў студзені 2021-га я даведаўся, што супраць мяне распачалі крымінальную справу. Падумаў: ну ладна, працуем далей.
Я думаў пра магчымае затрыманьне, але ў маіх думках была такая частка ідыятызму, што ня будуць расейскія спэцслужбы ўвязвацца ў гэтае».
«Супрацоўнікі ФСБ дзівіліся таму, што робяць іх „калегі“ ў Беларусі»
«17 сакавіка я ішоў на працу а 8 раніцы. Адышоў некалькі мэтраў ад дому, і мяне спынілі людзі ў цывільным з пытаньнем: «Мікалай?». Я рыхтаваўся да беларускай рэальнасьці — мяшок на галаву, вядро ў куце камэры, біцьцё і гвалт. Калі я ўбачыў пасьведчаньні супрацоўнікаў ФСБ — удыхнуў і выдыхнуў, супакоіўся. Я беларускія органы інакш як карнікамі не магу назваць. Там слова «права» адсутнічае цалкам.
Супрацоўнікі ФСБ спачатку паставіліся да мяне строга. Відаць, іх нацкавалі беларускія калегі, што я такі страшны злачынца і экстрэміст. Але калі яны ўбачылі, што я нармальны чалавек, то ставіліся карэктна і ветліва. Калі ехалі, то яны дзівіліся з таго трэшу, які чыняць нашы «органы», і нават жартавалі са мной: «Ну што, паедзем здымаць цябе на фоне беларускага герба і сьцяга». Такія прызнаньні для іх былі дзікімі.
Яшчэ больш я супакоіўся, калі мяне прывезьлі ў будынак расейскай паліцыі. Там мяне дапытваў, як я потым ужо зразумеў, нехта зь Беларусі. Ён не прадставіўся — але гэта было ў стылі беларускіх органаў. Яго цікавіў мой тэлефон і тэлеграм. Але відаць, што ён сам мала разьбіраўся ва ўсім гэтым. Ён таксама ставіўся карэктна да мяне. Відаць, яны паслалі ў Расею не «красаўца».
Я сам яму ўсё паказаў. Разблякаваў тэлефон, тэлеграм.
«Паліцыя, пракуратура, суд ставіліся да мяне па-чалавечы»
«Зь міліцыі мяне павезьлі ў пракуратуру. Пракурорка чытала мае «абвінавачаньні» і не разумела, у чым я вінаваты. Абвінавачаньні былі бяз доказаў, абсурдныя. Беларускія органы перадалі ў Расею мае пасты з тэлеграм. Нават такія, дзе я пісаў: «Добрай раніцы, жыхары Ліды!» ці заклікаў байкатаваць цыгарэты і гарэлку. Гэта былі ня доказы, а проста рулёны туалетнай паперы. Я падпісаў, што азнаёміўся.
Яшчэ ў паліцыі я шмат размаўляў з расейскімі супрацоўнікамі, і яны дзівіліся таму, што робяць іх «калегі» ў Беларусі. Яны казалі: «Што яны твораць? Яны што, несьмяротныя?».
Потым я трапіў у ІЧУ, назаўтра суд пастанавіў арыштаваць мяне на сорак дзён, і я паехаў у СІЗА.
На судзе я спрабаваў расказаць, за што насамрэч мяне шукаюць. Казаў судзьдзі, што вы мяне слухаеце, а ў Беларусі мяне ніхто ня стаў бы слухаць. Ён кажа, што разумее, але тут гаворка пра іншае — пра магчымую экстрадыцыю.
На ўсіх этапах — у паліцыі, пракуратуры, судзе да мяне было нармальнае, карэктнае стаўленьне, чалавечае. Канваіры мне казалі: «Коля, хадзем». Пыталіся, ці ня ціснуць кайданкі, мо аслабіць іх. Пасьля беларускіх жахаў, якія мы ўсе бачылі, гэта было вельмі добрае стаўленьне. Мне перадалі рэчы ад жонкі, дазволілі ўбачыцца зь ёй, прапаноўвалі гарбату, ваду. Калі чакаў этапу ў СІЗА, канваіры сказалі: «Коля, ты можаш паспаць, бо этап будзе праз чатыры гадзіны».
Мне вельмі пашанцавала з адвакатам, Марыяй Красавай. Яна рэальна змагалася за мяне на ўсіх этапах.
«Мае паўтара месяца ў расейскім СІЗА ня роўныя нават гадзіне ў беларускай турме»
Мяне арыштавалі, але я ня быў вырваны з жыцьця. Да мяне прыходзіў у СІЗА адвакат, мы маглі размаўляць колькі трэба.
Праз сыстэму «ФСВП-ліст» (Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў, — РС) мне прыходзілі лісты. Гэта добрая сыстэма — пішаш ліст на электронны адрас, ФСВП раздрукоўвае яго і аддае зьняволенаму. Можна і здымкі дасылаць, і малюнкі. Праз два дні, пасьля цэнзара, ліст ужо ў арыштанта. Ён піша адказ, супрацоўнікі ФСВП яго скануюць і дасылаюць на электронную скрыню. Такім чынам я атрымліваў лісты зь Беларусі, Даніі, Фінляндыі. Атрымліваў за тыдзень па 7–10 лістоў. З нашым сьцягам, са словамі «Жыве Беларусь!». Гэта мяне моцна падтрымлівала, натхняла! Я адчуваў, што я не адзін, што ня выкінуты з жыцьця.
Кармілі ў СІЗА больш-менш. Я не пераборлівы ў ежы. Я ў турме адчуваў, што мне тут лепш, чым многім беларусам на свабодзе. Мне далі бялізну, ставіліся ветліва, вадзілі ў душ. Калі я злачынцам, якія па 25 гадоў адседзелі, расказваў пра беларускія турмы, яны проста ў шоку былі і казалі, што гэта «беспредел». Казалі, што Беларусь жыве не па законах і не па «паняцьцях». «Зэкі» казалі, што тое, што ў нас адбываецца, — фашызм. І сварыліся трохпавярховымі матамі.
Я быў амаль шчасьлівы, што трапіў у расейскае СІЗА, бо рыхтаваў сябе да беларускай турмы, да жорсткасьці і гвалту. Ну а тут быў такі паганы піянэрскі лягер.
Мае паўтара месяца ў расейскай турме ня роўныя нават гадзіне, праведзенай у беларускай».
«У СІЗА пыталіся: „У Беларусі наогул ёсьць злачынцы?“»
«У мяне захоўваўся страх трапіць у беларускую турму. Бо гэта рэальна палон, калі ты ня ведаеш, што звонку, і цябе зьнішчаюць унутры. Ты ўжо ніхто. У расейскім СІЗА я сустракаў беларусаў. „Дзякуючы“ агульным базам іх злавілі ў Расеі, бо яны былі ў вышуку — за крадзеж гарэлкі, за крадзеж ровара, за ўхіленьне ад войска. І яны — у міжнародным вышуку! Груба кажучы, ты скраў дзьве бутэлькі гарэлкі, і цябе пасадзілі на шэсьць месяцаў у расейскае СІЗА, кормяць на 1100 расейскіх рублёў у суткі — дык ты ўжо ў плюсе аказаўся!
У СІЗА супрацоўнікі пыталіся, хто за што трапіў. Там былі ўзбэкі, малдаване, у іх былі сур’ёзныя злачынствы. А нашы беларусы — то за гарэлку, то за ровар. Супрацоўнік турмы сьмяяўся з нас і казаў: „У Беларусі ёсьць наогул злачынцы?“.
Яшчэ такі момант. Узбэкі хацелі як мага хутчэй трапіць на радзіму. А нашы беларусы, якія траплялі ў расейскае СІЗА, пісалі скаргі ў пракуратуру, ва ўсе органы — каб толькі застацца ў расейскай турме і ня трапіць у беларускую. Бо па расейскім заканадаўстве, калі чалавек чакае дэпартацыі, яго ня могуць трымаць больш за шэсьць месяцаў. І вось людзі цягнуць гэты час, шэсьць месяцаў, і потым вызваляюцца».
«Ніхто ня вышле чалавека, у якога жонка і дзіця — грамадзяне Расеі»
«Мяне моцна абараняла адвакатка, падключыліся грамадзкія і міжнародныя арганізацыі. Але думаю, што галоўны плюс у маім становішчы быў у тым, што мае жонка і дзіця — грамадзяне Расеі. Генэральная пракуратура Расеі ў тых паперках, што даслалі зь Беларусі, ня ўбачыла доказаў злачынства. Таму што там не было беспасярэдняй сувязі нейкага ніка „Горды лідчанін“ са мной, не было фота, відэа.
І па выніку мяне праз паўтара месяца ў турме вызвалілі. Але гэта яшчэ ня ўсё.
Як толькі я выйшаў зь СІЗА, мяне на выхадзе чакаў паліцыянт. Ён патлумачыў, што мне трэба праехаць у аддзел, падпісаць нейкія паперы. Я думаю, што ён працаваў па замове беларускіх органаў. Бо ў паліцыі ён мне пачаў дурыць галаву, што я нелегальна знаходжуся на тэрыторыі Расеі, што я нібыта нелегальна прыехаў сюды ў 2014 годзе — калі ляцеў з жонкай з адпачынку з Кубы. Я кажу, што я абсалютна легальна жыву тут. Ён мне пачаў паказваць нейкія дадзеныя, што ў мяне рэгістрацыя невядома дзе. Я не памяркоўны, каб сядзець і маўчаць. Запатрабаваў адваката. Яна адразу прыехала, нават са сваімі дзецьмі, бо іх не было на каго пакінуць. Мы перагаварылі, мяне пакінулі на ноч у паліцыі, і назаўтра быў суд.
Судзьдзя глядзеў на тыя паперы круглымі вачыма — нібыта я парушыў міграцыйнае заканадаўства і мяне трэба выслаць у Беларусь. І ён сказаў: „Запомніце: ніхто ніколі ня вышле чалавека, у якога жонка і дзіця — грамадзяне Расеі“. І мяне вызвалілі».
«Каля сутак пабыў з жонкай і сынам і пакінуў Расею»
«Мне перадавалі словы ад адной маёй настаўніцы зь Ліды. Яна сказала пра мой арышт: „Шкада, але нехта мусіць нешта рабіць“. Мне многія пісалі зь Ліды, перадавалі прывітаньні, нават людзі, пра якіх я даўно забыўся.
Мне і маёй сям’і аказвалі падтрымку беларусы. Быў створаны чат на дапамогу нам. І бачу, як там пішуць запыт на дапамогу — і празь пяць хвілін людзі кідаюць шмат варыянтаў і прапаноў! Я быў проста ў шоку! Як добра і згуртавана працуюць нашы дыяспары па ўсім сьвеце!
Я толькі каля сутак пасьля турмы пабыў з жонкай і сынам і мусіў выяжджаць, бо мне сказалі, што так проста мяне не пакінуць у спакоі беларускія „органы“. Самае цікавае, што я перабраўся ў Беларусь і нейкі час знаходзіўся там у адных неабыякавых людзей у Гомельскай вобласьці. А потым перайшоў ва Ўкраіну. У нас такія „добрыя“ беларускія памежнікі, што ня толькі грамадзяне Іраку могуць хадзіць туды-сюды празь мяжу.
Цяпер я ў Польшчы. І чакаю, што да мяне прыедуць жонка і пяцігадовы сын. І буду далей працягваць весьці Youtube-канал, запісваць ролікі пра рэальныя справы ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плыў з самамі і бабром». Студэнт, асуджаны за «карагодную справу», пераплыў Буг і ўцёк у Польшчу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма ніякага страху і панікі, уцякаць не зьбіраюся». Анжаліка Агурбаш — пра крымінальную справу за абразу Лукашэнкі