У Беларусі забаранілі трансьляцыю двух украінскіх тэлеканалаў — UA-TV і Kvartal TV

UA-TV

Адзін з каналаў часткова належыць дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь анулявала дазволы на трансьляцыю на тэрыторыі краіны двух украінскіх тэлеканалаў — UA-TV і Kvartal TV, паведамляе ведамства.

Мінінфарм паведамляе, што падставай для прыняцьця рашэньня стала парушэньне заканадаўства ў пляне спэцыялізацыі замежных СМІ. У прыватнасьці, у этэры ўкраінскіх тэлепраграм знайшлі рэкляму, «не заяўленую пры атрыманьні дазволаў на трансьляцыю».

UA-TV — украінскі тэлеканал для замежнага паказу. Трансьляцыя вядзецца пяцьцю мовамі: украінскай, расейскай, ангельскай, арабскай і крымскататарскай.

Kvartal TV — забаўляльны тэлеканал, які ўваходзіць у канглямэрат «1+1 Мэдыя». 12,5% акцый каналу належаць дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На тэлеканале паказваюць у тым ліку архіўныя запісы выступленьняў праекту «Квартал 95», лідэрам якога быў сам Зяленскі.

Раней Нацыянальная рада Ўкраіны ў пытаньнях тэлевізіі і радыёвяшчаньня на пасяджэньні выключыла тэлеканал «Беларусь 24» зь пераліку замежных праграмаў, зьмест якіх адпавядае патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб трансьмежавай тэлевізіі і заканадаўству Ўкраіны.

Падставай стала разьмяшчэньне ў эфіры беларускага каналу «аўдыёвізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Ўкраіны, фільмаў з удзелам актораў, уключаных у пералік асобаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, а таксама за распаўсюджваньне непраўдзівай інфармацыі пра ўкраінскую дзяржаву».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белтэлерадыёкампанію выключылі з Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі пазбавіў рэгістрацыі карпункт «Эўрарадыё» ў Менску