Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўвайшлі ў новы сьпіс «ворагаў свабоды прэсы», падрыхтаваны міжнароднай няўрадавай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў» (RSF). У пералік таксама ўпершыню ўключаны прэм’ер-міністар адной з краін Эўразьвязу — кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан.
Агулам у рэестры 37 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія аказваюць найбольш жорсткі ціск на журналістаў у сваіх краінах.
Кіраўнік нямецкага аддзяленьня «Рэпартэраў бязь межаў» Крысьціян Мір паведаміў, што новыя фігуранты сьпісу зьявіліся ва ўсіх рэгіёнах сьвету. Нягледзячы на розныя мэтады рэпрэсій, усе яны служаць адной мэце — любой цаной прадухіліць крытычнае асьвятленьне падзей. Большасьць вінаватых у рэпрэсіях застаецца без пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён шчыры патрыёт Беларусі». Хто такі Андрэй Аляксандраў, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржавеПуцін і Лукашэнка траплялі і ў папярэднія рэдакцыі пераліку «ворагаў свабоды прэсы» цягам каля 20 гадоў. Адзначаецца, што з моманту ўступленьня Пуціна на пасаду ў Расеі забілі мінімум 37 рэпартэраў, і амаль ніводнае з гэтых злачынстваў не раскрылі.
Сытуацыя для незалежных СМІ ў Расеі значна пагоршылася пасьля пратэстаў у падтрымку апазыцыянэра Аляксея Навальнага і за некалькі месяцаў да выбараў у расейскую Дзярждуму, што адбудуцца 19 верасьня. Экспэрты нагадваюць, што некалькі навінавых парталаў, якія крытыкуюць Крэмль, у апошнія тыдні былі вымушаныя прыпыніць працу альбо змагацца за фінансавае выжываньне. Адным з галоўных ворагаў свабоды СМІ называюць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, які раней заклікаў душыць любое іншадумства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд прыняў да разгляду пазоў Радыё Свабода супраць расейскіх уладаўГаворачы пра Беларусь, у RSF канстатавалі, што Аляксандр Лукашэнка жорстка душыць любы «свабодны распаўсюд інфармацыі». З пачатку пратэстаў мінулым летам затрымалі «больш за 500 журналістаў, некаторыя зь іх зазналі жорсткае абыходжаньне ў турме». 25 супрацоўнікаў беларускіх СМІ дагэтуль застаюцца пад вартай, а ў работнікаў замежных выданьняў практычна няма магчымасьці легальна працаваць у Беларусі.
Таксама «Рэпартэры бязь межаў» згадалі ў пераліку фактаў рэпрэсій прымусовую пасадку самалёта Атэны — Вільня для арышту блогера Рамана Пратасевіча, перасьлед карэспандэнта Deutsche Welle Аляксандра Буракова і арышты кіраўнікоў Tut.by з блякаваньнем сайту парталу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканская экспэртная камісія назвала Tut.by «схаваным каардынатарам» пратэстаўТаксама арганізацыя зьвярнулася і да асобы Віктара Орбана, які з моманту ўступленьня на пасаду прэм’ера Вугоршчыны разам са сваёй партыяй ФІДЭС паступова паставілі пад кантроль нацыянальныя СМІ. Пасьля закрыцьця цэлага шэрагу выданьняў матэрыялы з крытыкай ураду і расьсьледаваньні цяпер публікуюцца толькі ў абмежаванай ступені і ў невялікіх онлайн-СМІ. А праўрадавыя выданьні неаднаразова публікавалі «чорныя сьпісы» непажаданых уладам журналістаў.
У пералік уключылі таксама прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару, саудаўскага прынца Мухамэда бэн Сальмана Аль Сауда, кіраўніка Кітаю Сі Цзіньпіна, сырыйскага лідэра Башара Асада. Акрамя таго, у рэестар упершыню трапіла кіраўніца адміністрацыі Ганконгу Кэры Лам.
Справаздача публікуецца з 2001 году зь нерэгулярнай пэрыядычнасьцю. Да гэтага яна выходзіла, у прыватнасьці, 2 лістапада 2016 году і была прымеркавана да заснаванага ААН Міжнароднага дня спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» выключыла газэту «Новы час» з падпіскі на другое паўгодзьдзе, выданьне ня трапіць да палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ заклікала Беларусь перагледзець празьмерна абмежавальны закон аб СМІ