Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра заявіла сёньня, што прынятыя нядаўна ў Беларусі законы сурʼёзным чынам супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, у прыватнасьці, у дачыненьні да свабоды выказваньня і свабоды СМІ, у тым ліку абавязаньням дзяржавы, прынятым у рамках АБСЭ.
24 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб зьменах у закон аб СМІ. Паводле закону, акрамя іншага:
- забараняецца трансьляцыя недазволеных уладамі масавых мерапрыемстваў
- забараняецца публікаваць вынікі апытаньняў грамадзкай думкі аб грамадзка-палітычнай сытуацыі, праведзеных без афіцыйнай акрэдытацыі
- забараняецца даваць гіпэрспасылкі на афіцыйна не дазволеныя матэрыялы
- пракурорам даецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, якія парушылі закон
- выпуск СМІ можа спыніць ня толькі суд, але і Міністэрства інфармацыі.
Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра заклікала ўлады Беларусі адмяніць «гэтыя празьмерна абмежавальныя палажэньні і правесьці комплексную рэформу нацыянальнага заканадаўства, каб прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі і абавязаньнямі Рэспублікі Беларусь у рамках АБСЭ».