За апошні дзень літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 134 чалавекі, якія незаконна перасеклі мяжу краіны зь беларускага боку, паведаміла Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы.
У ноч з 3 на 4 ліпеня быў пастаўлены рэкорд за год — 160 уцекачоў.
Усяго з пачатку году на мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 1232 чалавекі, якія пераважна былі без дакумэнтаў і называліся грамадзянамі Іраку і іншых азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаў. За ўвесь мінулы год у Літве затрымалі 81 мігранта з тэрыторыі Беларусі.
На мінулым тыдні дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў, што неабходна выставіць Беларусі рахунак за мігрантаў празь міжнародны суд. Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы іншаземцаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.
Наплыў мігрантаў зь беларускага боку працягваецца, нягледзячы на тое, што ад 2 ліпеня ў патруляваньні літоўскай мяжы мясцовым памежнікам дапамагаюць афіцэры Эўрапейскага агенцтва памежнай аховы Frontex. Акрамя іх, да памежных участкаў з тэрыторыяй Беларусі прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрэлы ў паветра і сьлезацечны газ: Літва намагаецца стрымаць на мяжы плынь мігрантаў зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З прычыны патоку мігрантаў зь Беларусі ў Літве прапануюць увесьці рэжым экстрэмальнай сытуацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На відэа трапіў эпізод, як група мігрантаў пералазіць цераз плот зь Беларусі ў Літву