У Літве абвясьцілі надзвычайную сытуацыю з прычыны патоку нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. За апошнія суткі літоўскія памежнікі затрымалі 116 чалавек. Большасьць з іх, па словах саміх затрыманых, — грамадзяне Іраку, Ірану і Сірыі.
– Я думаю, што гэтая перакідка мігрантаў — гэта добра задуманы працэс – кажа дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус. – Па-першае, я кажу і пра Ірак і Іран, можа, у прыватнасьці, там аўганцы могуць зьявіцца. Таксама рэйсы вядуцца з Турэччыны, там таксама вялікая навала розных мігрантаў. Гэта гандаль людзьмі, якія шукаюць зыходу з дрэннай сытуацыі. Мы ведаем, якая сытуацыя і ў Іраку, і, скажам, нават у Іране. Я не кажу пра беларусаў — беларусаў мы сустракаем як братоў і сясьцёр.
Я думаю, што мы зробім усё, што ў нашых сілах. Я выйшаў з ініцыятывай, што гэтае пытаньне павінна абмяркоўвацца на сэсіі Эўрапарлямэнту. Па гэтым пытаньні ўжо выказаўся і старшыня Эўрапарлямэнту Дэйвід Сасолі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На відэа трапіў эпізод, як група мігрантаў пералазіць цераз плот зь Беларусі ў ЛітвуГэта эўрапейскі ўзровень, а на літоўскім узроўні я выйшаў сёньня таксама з прапановай: мы павінны ўсе гэтыя рахункі, а гэта вялікія ўсё-ткі выдаткі — сустракаць мігрантаў, яны жыць дзесьці павінны, харчавацца, мэдычная дапамога і гэтак далей — вось гэтыя ўсе рахункі мы зьбяром і выставім Беларусі. І паглядзім, які міжнародны суд будзе з гэтым разьбірацца. У мяне няма ніякіх сумневаў, што мы будзем падымаць гэтае пытаньне на ўзроўні Аб’яднаных Нацый і ва ўстановах па міграцыі. Так што гэта будзе яшчэ адна ганебная пляма на мундуры Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрэлы ў паветра і сьлезацечны газ: Літва намагаецца стрымаць на мяжы плынь мігрантаў зь Беларусі- У Літве за мінулыя содні затрымалі 116 мігрантаў, якія перайшлі беларуска-літоўскую мяжу па-за пунктамі пропуску.
- Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў зь Беларусі ў Літве дасягнула 938 чалавек. Летась за ўвесь год затрымалі 81.
- Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы.
- Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.