Апошнія пяць з паловай месяцаў я пражыла ў лягеры ўцекачоў у Латвіі. Даволі прадказальна мае папярэднія ўяўленьні пра лягер цалкам зруйнаваліся, — я не таго загадзя баялася і ня тых радасьцяў чакала. Жыцьцё тут аказалася поўным сюрпрызаў. Але найвялікшым зь іх стала тое, што сьвет уцекачоў — гэта нейкая іншая плянэта, якая жыве паводле сваіх правілаў.
Я ж чаго чакала? Што праблемы будуць збольшага зьвязаны з розьніцай культур. Што будзе цяжка ўжывацца зь людзьмі, у якіх кардынальна іншыя побытавыя і харчовыя звычкі, якія вельмі гучна размаўляюць альбо маюць іншыя стандарты гігіены. Але ўсё гэта аказалася нязначнай драбязой. І моўная мешаніна — таксама не праблема, нават калі гугл-перакладчык ня ведае мову чалавека, зь якім я хачу паразмаўляць.
Сапраўды істотным аказалася тое, што ў сьвеце ўцекачоў быццам бы існуе свой няпісаны звод законаў і этычных нормаў, якія арыентуюцца не на міжнароднае і дзяржаўнае заканадаўства, а на просты гуманізм. Тут не прынята асуджаць за парушэньне нейкага дзяржаўнага закону, калі гэтае парушэньне на нашкодзіла людзям. Тых, каму давялося перасекчы мяжу нелегальна, збольшага шкадуюць і дакладна ня ставяцца да іх горш, чым да тых, хто ўсё рабіў паводле заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мужчынскім адзеньні, з пакункам сьмецьця». Гісторыі беларусак, якія ўцяклі за мяжу з пашпартам і безТых, хто ўцякае зь лягеру (а ўцёкі здараюцца рэгулярна) таксама не асуджаюць — за іх хвалююцца. Хоць бы ня трапіліся паліцыі, хоць бы на іх шляху не былі рабаўнікі, садысты і забойцы, хоць бы ў новай краіне ўсё атрымалася. А тое, што людзі, уцякаючы, парушаюць міграцыйнае заканадаўства, увогуле няважна. Тут усе разумеюць, што ніхто не трапляе ў лягер «ад добрага жыцьця», і калі чалавек ня робіць нешта агіднае канкрэтным людзям, яго ці яе не асуджаюць.
Але рамантызаваць гэтае месца я таксама не хачу — тут шмат людзей з посттраўматычным стрэсавым разладам, і далёка ня ўсе зьвяртаюцца па прафэсійную дапамогу ці хоць бы займаюцца нейкай саматэрапіяй.
Ёсьць агрэсіўныя людзі, ёсьць інтрыгі, ёсьць міні-кампаніі, якія сябруюць супраць іншых міні-кампаній. Ёсьць пэўны недавер адно да аднаго, і таму перад тымі ж уцёкамі чалавек звычайна расказвае пра сваю задуму літаральна пары чалавек, якім давярае, альбо не расказвае ўвогуле нікому. Але крыўдзіцца за такі недавер таксама не прынята, бо свабода тут цэніцца вышэй за ўсё. І калі чалавек вырашыў, што лішнія расповеды пагражаюць ягонай ці ейнай свабодзе, гэта нармальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На відэа трапіў эпізод, як група мігрантаў пералазіць цераз плот зь Беларусі ў ЛітвуТакое разуменьне, як мне здаецца, тлумачыцца перш за ўсё тым, што лягер уцекачоў — гэта месца вялізнай канцэнтрацыі болю. А сьледам за болем прыходзіць спакой. Я разумею, што ў іншых краінах, дзе лягеры перапоўненыя, усё можа быць інакш, але ў Латвіі цяпер вось так. Нягледзячы на ўсе інтрыгі і адкрытыя канфлікты ў гэтым лягеры ёсьць нейкі непахісны спакой. Канфлікты — яны на паверхні, а спакой — недзе вельмі глыбока, і таму ён застаецца, нягледзячы ні на што.
Як бы патасна гэта ні гучала, але ў людзей, якія трапляюць у лягер уцекачоў, звычайна ёсьць вельмі выразнае ўяўленьне пра сапраўды сур’ёзныя праблемы. Магчыма, таму тут і працуе свой этычны кодэкс, галоўная задача якога — абараніць людзей ад няшчасьцяў. А дзяржаўныя межы і міграцыйнае заканадаўства — гэта інструмэнт, які таксама мусіць нас абараняць, а ня нейкая сьвятыня, важнейшая за жыцьці людзей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.