Пра аспэкты, зьвязаныя з конкурсам, піша журналістка «Настоящего времени» Вольга Жарнасек.
Патрабаваньні да прэтэндэнтак у першыя прыгажуні краіны дастаткова жорсткія. Дзяўчаты павінны быць не старэйшыя за 24 гадоў, незамужнія і ня мець дзяцей. Не дапускаюцца пірсінг і татуіроўкі, рост — ня менш за 174 сантымэтры.
Але ў гэтым годзе дадалася яшчэ адна важная ўмова: ляяльнае стаўленьне да ўлады.
Падрабязнасьці адбору «Міс Беларусь — 2021» сталі вядомыя з інтэрвію Алены Лобач, кіраўніка дырэкцыі спэцпраектаў АНТ — дзяржаўнага тэлеканалу і аднаго з арганізатараў конкурсу. Яна расказала, што дзяўчат зараз правяраюць «асабліва старанна». Каб пазьбегнуць сюрпрызаў, арганізатары глядзяць нават іх сторыс у інстаграме.
Лейтматывам фіналу конкурсу, які пройдзе 10 верасьня ў Менску, стане мінулае, сучаснасьць і будучыня краіны. «Праз вобраз Беларусі мы раскрыем у тым ліку вобраз сапраўдных беларусак, — заявіла Алена Лобач у інтэрвію дзяржаўным мэдыя. — Ня тых, хто жыве імгненнымі эмоцыямі і выходзіць у пратэставыя шыхты са сьпісанымі пошласьцямі плякатамі ў руках».
Рэгіянальныя разнарадкі і кастынг пад наглядам сілавікоў
Пра конкурс «Міс Беларусь — 2021» незалежныя СМІ пачалі пісаць яшчэ ўвесну, на этапе рэгіянальных адбораў. Прычына — рэкордна нізкая колькасьць ахвотных удзельнічаць. Напрыклад, у Берасьці на гарадзкі кастынг прыйшла толькі адна дзяўчына. Для параўнаньня: у мінулым годзе ў гэтым жа конкурсе прынялі ўдзел каля 20 прэтэндэнтак.
У Горадні кастынг увогуле праходзіў за зачыненымі дзьвярыма і зь міліцыяй на ўваходзе. На гарадзкі адбор прыйшлі 23 дзяўчыны. Арганізатары не пусьцілі ў залю журналістаў недзяржаўных СМІ і забаранілі ім размаўляць з канкурсанткамі. Апошні раз кастынг у горадзе праходзіў у 2018 годзе. Тады на конкурс заявіліся 80 прэтэндэнтак, 30 прайшлі ў наступны тур.
У адказ на тое, што адбываецца, беларускія чыноўнікі па традыцыі запусьцілі адміністрацыйны рэсурс. У канцы красавіка тэлеграм-канал «Белые халаты» апублікаваў фота дакумэнта, разасланага па адміністрацыях раёнаў Менску. У ім гаворыцца, што Нацыянальнай школе прыгажосьці тэрмінова неабходныя ўдзельніцы для конкурсу «Міс Беларусь». Ад кожнага раёну сталіцы трэба падаць пяць дзяўчат пэўных парамэтраў.
PR-адмыслоўка Ганна Мірончык лічыць, што разнарадкі з рэгіёнаў не дапамогуць арганізатарам вярнуць павагу да некалі папулярнага ў краіне конкурсу.
Паводле яе слоў, для многіх амбітных дзяўчат удзел у «Міс Беларусі» быў надзеяй на хуткі старт. Але пасьля жнівеньскіх падзей гэта стала няважным: быць датычнай да праўладнага праекту цяпер небясьпечна для добрага імя. Многія лічаць за лепшае не рызыкаваць.
«Атрымліваецца пярэкрут гісторыі пра цара Мідаса — вось таму „Міс Беларусь“, як і „Дажынкі“, і „Славянскі базар“, зь цікавага мерапрыемства нацыянальнага маштабу ператварыўся ў конкурс для тых, хто больш нідзе не спатрэбіўся. Якія ўжо тут чэргі на кастынг...» — рэзюмуе адмыслоўка.
Зь «міс» — у службу пратаколу Лукашэнкі
Зрэшты, казаць, што конкурс «Міс Беларусь» ня быў палітызаваны да пратэстаў мінулага году, не зусім дакладна.
«Пастаянна, практычна на кожным фінале конкурсу прысутнічае Аляксандар Лукашэнка, — кажа кіраўніца Фэмгрупы Каардынацыйнай рады Беларусі Юлія Міцкевіч. — І затым дзяўчаты, якія перамагалі ў гэтым конкурсе, былі ў яго — як бы гэта мякчэй сказаць — асяродзьдзі і нават рабілі кар’еру».
Фэмгрупа заклікала байкатаваць «Міс Беларусь». У заяве беларускіх фэміністак гаворыцца, што конкурсы прыгажосьці зьневажальныя паводле азначэньня, а ў беларускай сытуацыі гэтае азначэньне робіцца выразам шырокамаштабнага дзяржаўнага гвалту.
«Мне вельмі цяжка ўявіць, як цяжка можа быць дзяўчатам адмовіцца ад прапаноў зь ім [Лукашэнкам] кудысьці паехаць ці пайсьці, — кажа Юлія Міцкевіч. — Усёй паднаготнай таго, што адбываецца з гэтымі дзяўчатамі пасьля і на якіх умовах яны апынаюцца ў асяродзьдзі гэтага чалавека, мы ня ведаем. Мы можам толькі здагадвацца».
У сумесным расьсьледаваньні расейскага выданьня «Проект» і тэлеканалу «Белсат» гаворыцца, што былыя ўдзельніцы конкурсаў прыгажосьці часта робяцца супрацоўніцамі службы пратаколу прэзыдэнта. Гэта дзяўчаты, якія суправаджаюць Аляксандра Лукашэнку на публічных мерапрыемствах.
Напрыклад, летам 2019 году Лукашэнка ў кампаніі эталённых прыгажунь зьбіраў ураджай кавуноў у сябе на дачы. Сярод ягоных спадарожніц журналісты заўважылі пераможцу студэнцкага конкурсу «Каралева Вясна — 2013» Дарʼю Шманай. З 2014 году яна рэгулярна зьяўлялася побач з Аляксандрам Лукашэнкам.
Яшчэ адна былая «міс» з атачэньня Лукашэнкі — Марыя Васілевіч. У 2018 годзе яна выйграла нацыянальны конкурс прыгажосьці; прэзыдэнт прысутнічаў на прысуджэньні тытулу. З тых часоў дзяўчыну часта бачылі ў яго кампаніі, у тым ліку на чэмпіянаце сьвету па футболе ў Расеі тры гады таму. Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, ён асабіста рыхтаваў дзяўчыну да ўдзелу ў конкурсе «Міс сьвету» — там яна заваявала тытул міс Эўропы.
У 2019 годзе Васілевіч таксама стала самым маладым дэпутатам парлямэнту Беларусі, ня маючы ніякага палітычнага вопыту. Брытанскае выданьне The Times тады напісала, што, верагодна, у 22-гадовай Марыі Васілевіч ёсьць рамантычная сувязь з Лукашэнкам. Дзяўчына ў адказ заявіла, што гэта хлусьлівыя факты.
На самым пачатку пратэстаў Васілевіч наведала пацярпелых дэманстрантаў у менскай лякарні хуткай дапамогі. Паводле слоў дэпутаткі, яна прынесла ім прабачэньні за атрыманыя траўмы.
Але вельмі хутка яе пазыцыя зьмянілася. Цяпер Васілевіч працуе над заканадаўствам аб пазбаўленьні беларусаў грамадзянства за тэрарыстычную дзейнасьць, экстрэмізм і цяжкую шкоду інтарэсам дзяржавы. Гэтыя абвінавачаньні прадʼяўляюць удзельнікам акцый пратэсту ў Беларусі.
«Міс Беларусь здаровага чалавека»
Зрэшты, ня ўсе першыя прыгажуні краіны падтрымліваюць рэжым.
Пераможцу конкурсу 2008 году Вольгу Хіжынкову ў Сеціве называюць «міс Беларусь здаровага чалавека» і адной з галоўных асобаў беларускага пратэсту.
За ўдзел у мірных дэманстрацыях яна правяла пад арыштам 42 дні — на той момант гэта быў адзін з рэкордных тэрмінаў. Хіжынкову арыштавалі 8 лістапада мінулага году на нядзельнай акцыі «Марш народаўладзьдзя» ў Менску. Яшчэ да арышту міс Беларусь — 2008 адкрыта выказвалася супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У верасьні яе звольнілі з Нацыянальнай школы прыгажосьці за грамадзянскую пазыцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Менска адказала на скаргу праваабаронцаў на катаваньні Вольгі Хіжынковай у турмеДзяўчына лічыць, што з улікам цяжкай эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне дзівіць сам факт правядзеньня конкурсу ў гэтым годзе. У інтэрвію Tut.by яна расказала, што тытул «міс Беларусь» цяпер носіць хутчэй дэкаратыўны характар — разьлічваць можна толькі на працу ў службе пратаколу Лукашэнкі, на дзяржтэлебачаньні або ў Нацыянальнай школе прыгажосьці.
«Цяперашнія рэаліі і зусім пагражаюць рэнамэ ўдзельніц сурʼёзнымі рэпутацыйнымі стратамі, — лічыць Вольга Хіжынкова. — Буйныя беларускія брэнды хутчэй зробяць сваім тварам мадэль з нэўтральным бэкграўндам, чым удзельніцу «Міс Беларусь».
Сама Хіжынкова на працягу 10 гадоў (да 2018 году) супрацоўнічала зь беларускім брэндам калготак Conte. Пакуль дзяўчына адбывала арышт, дзяржаўныя крамы пачалі заклейваць цэньнікамі яе твар на прадукцыі. Сам брэнд ніяк ня выказаўся ў падтрымку сваёй шматгадовай амбасадаркі.