У Расеі замежнікаў абавязалі здаваць адбіткі пальцаў і праходзіць мэдычнае абсьледаваньне. Грамадзянаў Беларусі гэта ня тычыцца

Маскоўскі аэрапорт Шарамецьева

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які абавязвае ўсіх замежнікаў пры ўезьдзе ў Расею на тэрмін больш як тры месяцы здаваць адбіткі пальцаў, а таксама прадстаўляць мэдычныя даведкі аб адсутнасьці небясьпечных захворваньняў.

Як паведамляе «Настоящее время», дакумэнт апублікаваны на інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Усе гэтыя працэдуры замежны грамадзянін павінен прайсьці на працягу 90 дзён з дня ўезду ў РФ. Тыя, хто прыехаў працаваць, павінны зрабіць гэта за 30 дзён.

Дактыляскапію і фотарэгістрацыю ў Расеі будуць праводзіць адзін раз, аднак мэдычныя аналізы на небясьпечныя інфэкцыйныя захворваньні, уключаючы ВІЧ, трэба праходзіць зноў пасьля таго, як скончацца 30 дзён ад тэрміну, які вызначыць Міністэрства аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль не рэкамэндуе наведваць Беларусь, а за паездку ў Расею — штрафуе

Патрабаваньне здаваць адбіткі пальцаў і фотарэгістрацыя не закране дзяцей да шасьці гадоў і грамадзян Беларусі, а таксама дыпляматаў і іх сем’яў.

Расейскія міграцыйныя органы, згодна зь дзейным заканадаўствам, патрабуюць мэдычныя даведкі ад замежнікаў толькі пры атрыманьні дазволу на часовае пражываньне ў Расеі, віду на жыхарства ў РФ або працоўнага патэнта. Ад мігрантаў патрабуюць даведку аб адсутнасьці ВІЧ-інфэкцыі і даведку аб адсутнасьці нарказалежнасьці і інфэкцыйных захворваньняў, для атрыманьня якіх трэба прайсьці мэдагляд у тэрапэўта, фтызіятра, дэрматавэнэроляга, псыхіятра, нарколяга, а таксама здаць аналіз крыві на ВІЧ-інфэкцыю і пранцы, клінічны аналіз крыві, аналіз мачы на наяўнасьць псыхатропных рэчываў і агульны аналіз мачы. Дадаткова да гэтага ад мігрантаў патрабуецца флюараграфічны здымак лёгкіх на наяўнасьць сухотаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў сэктаральныя санкцыі супраць расейскай эканомікі

МУС РФ на мінулым тыдні абвясьціла аб плянах увесьці для мігрантаў «пагадненьне аб ляяльнасьці» пры ўезьдзе ў Расею. Падпісваючы «пагадненьне аб ляяльнасьці», мігранты павінны пацьвердзіць сваю інфармаванасьць, сярод іншага, пра наступствы невыкананьня ўсталяваных правілаў і даць згоду не прычыняць шкоду Расеі. Таксама зь іх будзе ўзятае абавязаньне аплаціць выдаткі, зьвязаныя з магчымай высылкай за межы краіны, калі яны парушаць умовы пагадненьня.

  • Раней урад Расеі зацьвердзіў патрабаваньні да мінімальнага ўзроўню ведаў расейскай мовы, гісторыі і асноў расейскага заканадаўства для замежных рабочых, якія хочуць атрымаць дазвол на працу, міграцыйны патэнт або часовы від на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падазраюць Расею ў нападах з ужываньнем «накіраванай энэргіі»