На папярэднім паседжаньні суд вывучаў пісьмовыя матэрыялы справы. Адвакат Дзядка Яўген Маслаў хадайнічаў аб агучваньні цалкам дакумэнтаў, якія раней толькі назвалі. У выніку была зачытаная мэдычная даведка аб аглядзе Мікалая Дзядка ў СІЗА на Валадарскага. Туды ён трапіў у лістападзе пасьля затрыманьня ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Дзядок расказаў на судзе, як яго катавалі пры затрыманьніПаводле гэтай даведкі, мэдык убачыў у Дзядка больш за 10 абдзірын і кровападцёкаў: на твары, грудзях, руках і нагах, але найбольшыя зь іх — даўжынёй да 28 сантымэтраў — на сьпіне і ягадзіцах.
«Сьляды зялёныя ў сярэдзіне і жоўтыя па краях, на скуры засохлыя струпы», — запісаў мэдык, які аглядаў Мікалая Дзядка.
Таксама была агучаная пастанова сьледчага СК аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы па скарзе Мікалая Дзядка аб пабіцьці пры затрыманьні.
Паводле Дзядка, яго білі пры затрыманьні, хоць ён не аказваў ніякага супраціву, а потым білі і зьдзекаваліся ў будынку ГУБАЗіКа ў Менску. У пастанове згадваюцца тлумачэньні супрацоўніка Бакланава, які прысутнічаў пра затрыманьні Дзядка. Той сьцьвярджаў, што Мікалая Дзядка затрымлівалі супрацоўнікі «сілавой падтрымкі», якіх ён асабіста ня ведае, але, на ягоную думку, тыя дзейнічалі ў межах закону, бо «з боку Дзядка была пагроза аказаньня супраціву». У выніку сьледчы пастанавіў не заводзіць справу аб празьмерным ужываньні сілы пры затрыманьні Мікалая Дзядка.
Суд агледзеў рэчавыя доказы, сярод іх відэазапісы, дыскі з праслухоўваньнем Мікалая, файлы зь ягонымі пастамі як блогера і артыкуламі як журналіста.
«Сыстэма пачынае распадацца», — сьцьвярджаў Мікалай Дзядок. Між тым да бутэлек з гаручай вадкасьцю, якія, паводле сьледзтва, Мікалай Дзядок трымаў, каб скарыстаць падчас тэрактаў, чарга так і не дайшла. Мікалай Дзядок сьцьвярджаў на сьледзтве, што бутэлькі яму насамрэч не належаць.
«Іх мне сілай засоўвалі ў рот і прыкладалі да маіх рук», — так ён сьцьвярджаў у скарзе пракурору.
«Віны не прызнаю»
Мікалай Дзядок даў у судзе паказаньні і адразу заявіў, што не прызнае віны. Паводле Дзядка, ён не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, вёў свой блог адкрыта і не хаваўся на «кансьпіратыўнай» кватэры, а проста пераехаў часова ў Сасновы, бо ў Менску яго б прэвэнтыўна затрымалі. Сказаў, што не наведваў маршы пратэсту, быў толькі на адным, у дзень свайго нараджэньня.
«Я не блякаваў работы транспарту, ня чуў ні ад кога незадаволенасьці ў мой адрас, — сказаў Дзядок. — На шэсьці панавала абстаноўка душэўнага адзінства і сяброўства, якога ніколі раней не сустракаў».
Асобна Дзядок спыніўся на тым, як яго затрымлівалі 11 лістапада 2020 году ў Сасновым.
Паводле Мікалая Дзядка, да яго ў кватэру праз балькон і дзьверы ўварваліся 7 чалавек у масках. «Выбілі іх за 5–6 сэкундаў». Падсудны мяркуе, што гэты былі супрацоўнікі САХРу і ГУБАЗіКу.
Паводле Дзядка, адны супрацоўнікі адразу пачалі яго біць, іншыя аглядалі памяшканьне.
«Білі за спробы варушыцца. Пагражалі. Білі кулакамі ў твар. Запатрабавалі пароль ад кампутара і пачалі душыць падушкай і абяцалі абас…ць». Мікалай сказаў, што праз хвіліну ўспомніў пароль і назваў.
На кватэру былі запрошаныя сьведкі зь ліку суседзяў. Але перад гэтым яго папярэдзілі, што калі пры сьведках будзе крычаць і скардзіцца, то потым будуць біць усю дарогу да Менску. Пры гэтым білі па рэбрах, прыгадаў Дзядок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё прыцягнута за вушы». Ідзе суд над Мікалаем ДзядкомПаводле Дзядка, «кактэйль Молатава» яму падкінулі супрацоўнікі ГУБАЗіКу.
«Калі мяне прывялі на кухню, там на стале ўжо стаяла бутэлька з жоўтай вадкасьцю. Побач былі сьведкі, яны пацьвердзілі, што бачылі, як бутэлькі вымалі з шафы. Супрацоўнік ГУБАЗІКу Тарасік і пры сьведках працягваў мяне біць употай», — сьцьвярджаў Мікалай Дзядок.
Падсудны заўважыў, што частка рэчаў, забраных у яго з кватэры, потым прапалі. Так, у вопісе не аказалася ягонай камэры Canon, гадзіньніка і адной тысячы рублёў. «Думаю, іх укралі супрацоўнікі», — заявіў Дзядок.
«Відэа мы запішам з болем ці без»
Мікалай Дзядок патлумачыў, адкуль узяўся відэазапіс, на якім ён прызнае віну ў падрыхтоўцы тэрактаў. Паводле падсуднага, яго прымусілі прызнацца ў гэтым на камэру пагрозамі, біцьцём і пярцовым газам.
«Гэтае відэа мы запішам, з болем ці без», — папярэджвалі яго супрацоўнікі. Спачатку ён не пагаджаўся, тады яго завялі ў кладоўку і пусьцілі туды газ, тады ён пагадзіўся.
«Але потым рабілі другі дубль. Малады супрацоўнік зноў распыліў газ 4 разы, проста ў вочы. Вярнулі ў кватэру і сказалі, што калі правільна скажу, дадуць умыцца. Палохалі электрашокерам», — згадаў Мікалай Дзядок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Міколы Дзядка параўнала яго затрыманьне з катаваньнямі ў ЧачэнііКаля 1 гадзіны ночы з пасёлку Сасновы Мікалая Дзядка адвезьлі ў ГУБАЗіК. Ён быў у капюшоне. Яго паставілі на калені, выпытвалі пароль ад цьвёрдага дыска кампутара. Усе супрацоўнікі былі ў масках, але ён сьцьвярджае, што добра пазнаваў супрацоўніка па прозьвішчы Тарасік. Той пагражаў згвалціць яго дручком. Яго білі, пакуль ня даў пароль, але і потым білі, бо кампутарнік недакладна ўвёў пароль. У тым ліку білі па руцэ і пальцах.
«Адбілі мне пальцы. Я крычаў. Туды прыйшоў міліцыянт, мяркую, паставы. Спытаў, што тут адбываецца. Тады Тарасік паслаў яго матам», — успамінаў Мікалай Дзядок.
Паводле Дзядка, супрацоўнік Тарасік наступаў яму на твар, пакуль іншыя яго білі.
«Потым Тарасік сказаў, што стаміўся, і са словамі „Старасьць ня радасьць“ сеў за свой стол. І сказаў, што неўзабаве прыйдзе новая зьмена, і мяне зноў будуць біць», — прыгадаў Мікалай Дзядок.
Што адбылося з «кактэйлем Молатава»?
Паводле Мікалая Дзядка, супрацоўнік Тарасік пачаў засоўваць яму ў рот бутэлькі з жоўтай вадкасьцю і потым хаваў гэтыя бутэлькі ў пакеты. «Думаю, каб потым экспэртыза паказала, што я ўжываў нешта з гэтых бутэлек», — сказаў Дзядок.
Мікалай Дзядок згадаў, як яго паставілі каля чырвона-зялёнага сьцяга і прымусілі выбачацца. «Тарасік патрабаваў, каб я сказаў, што я чмо і гандон. Я адмовіўся. І яшчэ хацеў, каб я заплакаў на відэа. Але я не заплакаў. Потым гэтае відэа паказалі на БТ», — расказаў падсудны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катаваньні, зь якімі мы звыклісяПерад адпраўкай у СІЗА Мікалая Дзядка, паводле яго, папярэджвалі, каб нічога не расказваў пра тое, што зь ім адбывалася пры затрыманьні ў ГУБАЗІКу.
«Казалі, што калі раскажу, дык з калёніі ня выйду, Будзе 411-ы артыкул і зробяць пеўнем. Тарасік сказаў, што калі адкрыю дзе рот, дык асабіста ўтопіць мяне ў парашы. „Ня выйдзеш з турмы“, папярэджваў», — успомніў Мікалай Дзядок.
«Грамадзяне маюць права на супраціў гвалту»
Пасьля гэтага расповеду Мікалай нагадаў, што яшчэ да падзей 2020 году ў ААН была зарэгістраваная ягоная скарга на парушэньні ягоных правоў і бесчалавечнае абыходжаньне ў турме. Паводле Дзядка, ягоны арышт у лістападзе мінулага году і тое, як зь ім абыходзіліся, асабліва ў ГУБАЗіКу, — помста за іншадумства і змаганьне за іншы лад жыцьця ў краіне.
Падчас допыту ў судзе Мікалай Дзядок паўтарыў, што не заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, але лічыць, што грамадзяне маюць права на абарону сваіх правоў і супраціў гвалту і беззаконьню з боку карнікаў. Такімі Мікалай Дзядок лічыць супрацоўнікаў спэцслужбаў, МУС і пракуратуры, якія, на ягоную думку, «падтрымліваюць злачынны рэжым». Паводле Дзядка, менавіта беспадстаўны гвалт з боку сілавікоў стаў прычынай пратэстаў, якія часам набывалі формы рэальнага супраціву.
«Не прызнаю сябе вінаватым. Мая дзейнасьць насіла і будзе насіць асьветніцкі характар», — скончыў сваю прамову ў судзе Мікалай Дзядок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта катаваньні». Маці зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына пра сардэчны прыступ сына. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец Папоў, якога судзяць разам зь Ціханоўскім, просіць Пуціна пазбавіць яго грамадзянства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа грунтуецца на помсьце». Асуджаная за адмову здаваць кватэру Касьянчык і былы адвакат пра рашэньне суду