Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, пачатых летась у сувязі з пратэстамі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Паводле стану на 1 ліпеня 2021 году колькасьць палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях, установах адкрытага тыпу, СІЗА і пад хатнім арыштам, складае 526 чалавек. Зь іх 347 ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакараньня, у дачыненьні да 61 ідзе судовы разбор, яшчэ 118 чакаюць суду.
За чэрвень колькасць палітычных зьняволеных вырасла на 88 чалавек.
«Вясьне» вядома сама меней пра 125 асуджаных у «пратэставых» крымінальных справах за папярэдні месяц.
Геаграфія прысудаў у чэрвені:
- Менск — 21 чалавек;
- Менская вобласьць — 12 (Салігорск, Жодзіна, Маладэчна, Старыя Дарогі);
- Берасьцейская вобласьць — 40 (Берасьце, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрынь, Ганцавічы);
- Віцебская вобласьць — 6 (Віцебск, Лепель, Чашнікі);
- Гомельская вобласьць — 14 (Гомель, Жлобін, Сьветлагорск, Мазыр);
- Горадзенская вобласьць — 21 (Горадня, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Сьвіслач);
- Магілёўская вобласьць — 11 (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае).
Віды і памеры пакараньня ў «пратэставых» крымінальных справах
- 131 год 9 месяцаў пазбаўленьня волі для 44 чалавек;
- 71,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу («хімія») для 34 чалавек;
- 63 гады абмежаваньні волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы («хатняя хімія») для 38 чалавек;
- 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек;
- 500 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек.
Вядома ня менш як пра пяць грамадзян, судовч разбор у дачыненьні да якіх скончыўся рашэньнем аб прымусовым лячэньні (у трох выпадках крымінальныя справы зьвязаныя з паклёпам і абразай прэзыдэнта, у двух — са зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі).
За чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах суды ў 35,2% выпадкаў прызначылі пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі; 27,2% выпадкаў — абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу; 30,4% выпадкаў — абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Штраф як асноўны від пакараньня выкарыстоўваўся ў 3,2% выпадкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З вакна палаты бачыў свой дом на „плошчы Перамен“». Сьцяпан Латыпаў вярнуўся на «Валадарку»Такім чынам, пакараньне ў палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» ці арышту ўжывалася ў 96,8% выпадкаў.
Падрабязная справаздача праваабаронцаў за палітычны перасьлед у чэрвені — ТУТ.