Закон пра рынак зямлі, ухвалены Вярхоўнай Радай Украіны ў сакавіку і падпісаны прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім у красавіку 2020 году, набыў юрыдычную моц ад 1 ліпеня.
Паводле закону, рынак зямлі будзе адкрывацца ў два этапы. На першым сельскагаспадарчую зямлю (ня больш за 100 гектараў) змогуць купляць толькі фізычныя асобы – грамадзяне Ўкраіны, а на другім (ён пачнецца 1 студзеня 2024 году) зямлю змогуць набываць ужо і юрыдычныя асобы. Пры гэтым плошча зямель для куплі-продажу павялічыцца да 10 тысяч гектараў.
Закон прадугледжвае магчымасьць атрыманьня крэдытаў фэрмэрскімі і сельскімі гаспадаркамі пад заклад зямлі.
Разам з тым закон забараняе продаж зямлі іншаземцам, у тым ліку грамадзянам Расеі. Паводле заканадаўства, пытаньне продажу зямлі асобам без грамадзянства Ўкраіны і іншаземцам можа вырашацца толькі на агульнадзяржаўным рэфэрэндуме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дазволілі гандляваць зямлёй, іншаземцам прадаваць ня будуцьХто супраць
Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, 77% украінцаў выказаліся за ўхваленьне рашэньня аб адкрыцьці рынку зямлі толькі праз рэфэрэндум. Пры гэтым 64% з тых, хто прыйшоў бы на рэфэрэндум, прагаласавалі б супраць куплі-продажу зямлі сельскагаспадарчага прызначэньня. Такія вынікі апытаньня абнародавала сёлета ў красавіку сацыялягічная група «Рэйтынг».
З палітычных сілаў найбольшымі крытыкамі зямельнай рэформы выступаюць партыя Віктара Медзьведчука «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына». Абедзьве гэтыя сілы спадзяюцца, што пасьля зьмены ўлады зямельная рэформа будзе скасаваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве сілавікі разагналі пратэсты каля Рады супраць продажу зямліРазам з тым больш за 100 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўжо зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд Украіны з заявай аб неабходнасьці прызнаць закон пра рынак зямлі такім, што парушае Асноўны закон.
Але праца Канстытуцыйнага суду пакуль заблякаваная — у кастрычніку 2020 году Ўладзімір Зяленскі накіраваў у Вярхоўную Раду праект закону аб спыненьні паўнамоцтваў усяго складу Канстытуцыйнага суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Украіны закідалі дымавымі шашкамі і прывезьлі шыны. Тлумачым, што адбываецца