Путчысты ў Мʼянме вызвалілі больш за 2 тысячы вязьняў і забаранілі журналістам выкарыстоўваць слова «хунта», паведаміла DW.
Прадстаўнікі вайсковай хунты, якая захапіла ўладу ў Мʼянме, паведамілі ў сераду, 30 чэрвеня, што з турмаў вызвалілі 2296 чалавек, якіх затрымалі падчас пратэстаў у краіне. Сярод вызваленых ёсьць і журналісты.
Вызваленых сустракалі сотні людзей, якія спадзяваліся знайсьці сярод іх сваіх блізкіх.
«Сёньняшнія падзеі павінны выклікаць уражаньне, што рэпрэсіі з боку хунты сьцішваюцца. Гэта ня так», — пракамэнтавала вызваленьне праваабарончая арганізацыя AAPP, якая дапамагае зьняволеным.
У той жа дзень прадстаўнікі хунты апублікавалі ў падкантрольных СМІ папярэджаньне пра недапушчальнасьць выкарыстоўваньня выразаў «хунта» і «вайсковы путч» для апісаньня сытуацыі ў Мʼянме. Іншаземным агенцтвам і СМІ, якія працягнуць так пісаць, пагражаюць адказнасьцю.
У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўнг Сан Су Чы, лідэра «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе. Вайскоўцы абвінавачваюць яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях.
Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі і маюць намер правесьці праз год новыя выбары. У краіне пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў.
З пачатку перавароту ў пратэстах загінула больш за 800 чалавек, звыш 6 тысяч затрымалі.
19 чэрвеня Беларусь стала адзінай краінай у сьвеце, якая прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН, у якой заклікалася спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму і вызваліць палітычных зьняволеных, у тым ліку былую дзярждарадцу Мʼянмы Аўнг Сан Су Чы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А Беларусь супраць. ААН заклікала спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму і вызваліць палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У М’янме пачаўся працэс над Аўн Сан Су Чы