Генэральная асамблея ААН 18 чэрвеня прыняла рэзалюцыю з заклікам спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму і вызваліць палітычных зьняволеных, у тым ліку былую дзярждарадцу Мʼянмы Аўнг Сан Су Чы, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Спэцыяльны пасланьнік ААН у Мʼянме Крыстын Шранэр Бургенэр заявіла пра «рызыку буйнамаштабнай грамадзянскай вайны» ў краіне.
Рэзалюцыю падтрымалі 119 дзяржаў. 36 краін, у тым ліку Расея і Кітай, устрымаліся. Адзінай краінай, якая прагаласавала супраць, была Беларусь.
У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўнг Сан Су Чы, лідэра «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе. Вайскоўцы абвінавачваюць яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях.
Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі і маюць намер правесьці праз год новыя выбары. У краіне пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў.
З пачатку перавароту ў пратэстах загінула больш за 800 чалавек, больш за 6 тысяч затрымалі.