Інга Стромская, дачка зьняволенага Ўладзімера Гундара, які мае інваліднасьць, напісала ў сваім фэйсбуку наступнае:
«У апошнім лісьце да сваёй жонкі, датаваным 2021/06/23, ён прасіў біць ва ўсе званы!!! Гэткі ж ліст адправіў свайму адвакату. Тата адчуваў, што насоўваецца нешта жудаснае! Сёньня адвакат змагла трапіць да яго на спатканьне. Высьветлілася, што тату з 25.06 адправілі ў карцар на 10 дзён за адмову прамаўляць фразу „схільны да экстрэмізму...“ і г. д. па гэтай стандартнай фармулёўцы. У карцары тата абвясьціў галадоўку, у яго падвышаны ціск 160 на сёньняшні дзень. Як мы зразумелі, хутчэй за ўсё, неабходныя яму лекі не даюцца (а яму патрэбны пастаянна пігулкі ад ціску). Бяз гэтых пігулак у яго зноў можа здарыцца гіпэртанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ўзьнікае пагроза страціць другую нагу. Таксама мы ня ведаем, чым абернецца для яго абвешчаная галадоўка».
Ўладзімер Гундар мае інваліднасьць 2-й групы. Ён адзін з 13 фігурантаў «тэрарыстычнай групоўкі» Мікалая Аўтуховіча, як іх назвалі ўлады Беларусі. 20 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця яго асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Прысуд вынес судзьдзя Сяргей Беразюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігуранту «справы Аўтуховіча» з інваліднасьцю 2-й групы Ўладзімеру Гундару прысудзілі тры гады турмы