ЭЗ наклаў забарону на пастаўку ў Беларусь прадукцыі, сыравіны і абсталяваньня для вытворчасьці тытунёвых вырабаў. А таксама абсталяваньня для падрыхтоўкі і прыгатаваньня тытуню.
Пры гэтым кантракты, якія дзейнічаюць да моманту прыняцьця санкцый, не спыняюцца. Глядзім, наколькі гэтае абсталяваньне важнае для Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патэнцыйны эфэкт ад санкцыяў можа скласьці да 7% падзеньня ВУП», — эканамістЗа год 12 мільёнаў даляраў на абсталяваньне для тытуню
За мяжой Беларусь закупляе тытунь, абсталяваньне для яго прыгатаваньня, абсталяваньне для вырабу цыгарэт, фільтры, цыгарэтную паперу.
Усе гэтыя катэгорыі ўваходзяць у гандлёвы код 8478, які ёсьць у афіцыйнай статыстыцы імпарту. За мінулы год Беларусь імпартавала такога абсталяваньня на 12,1 мільёна даляраў. Прычым 12 мільёнаў даляраў — гэта імпарт з краін ЭЗ. Самыя буйныя пастаўшчыкі: Нямеччына і Італія. То бок па заканчэньні кантрактаў Беларусі давядзецца шукаць новых пастаўшчыкоў, калі санкцыі да таго часу яшчэ будуць працаваць.
«Санкцыі могуць сур’ёзна ўдарыць па тытунёвай індустрыі ў Беларусі. Амаль усю патрэбную прадукцыю для цыгарэт, апроч тытуню, Беларусь імпартуе з розных краін, у тым ліку з Эўропы. Наступ на беларускую тытунёвую прамысловасьць наогул ідзе з усіх бакоў: ЭЗ адзначыла тытунёвую прамысловасьць як спонсара рэжыму. Мінфін Расеі заявіў пра намер павысіць штрафы за нелегальны ўвоз цыгарэт унутры ЕАЭС. Іх, відаць, таксама турбуе беларуская кантрабанда. Кантрабанду цяпер знаходзяць і на мяжы зь Літвой, і ў расейскім порце, дзе цыгарэты хавалі ў дошкі», — прыводзіць прыклады Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік BEROC.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тытунёвы кароль» Беларусі. Рэжым Лукашэнкі і кантрабанда цыгарэтаўКуды Беларусь прадае цыгарэты
Афіцыйная статыстыка паказвае толькі продаж цыгарэт за 2016 год. Сьвяжэйшых дадзеных няма. Паводле арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, легальны экспарт тытунёвых вырабаў зь Беларусі ацэньваецца ў некалькі мільёнаў эўра на год, прадаюць у асноўным у Грузію і Азэрбайджан.
Пры гэтым у Эўропе ўсё часьцей ловяць нелегальныя партыі беларускіх цыгарэт. У мінулым годзе на мяжы з Латвіяй спынілі 72 мільёны незадэкляраваных цыгарэт — гэта на 23,7% больш, чым годам раней. Такія лічбы называе Сандра Каркліня-Адміне, намесьніца дырэктара Ўпраўленьня мытні Службы даходаў Латвіі. З усёй гэтай кантрабанды 55% выявілі на беларуска-латвійскай мяжы.
І нават на латвійска-расейскай мяжы лавілі цыгарэты зь беларускімі акцызамі. Уся гэтая прадукцыя, у асноўным, выраблена на горадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман».
За 9 месяцаў мінулага году літоўская мытня затрымала 13,1 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэт — гэта па 5 пачкаў на кожнага жыхара краіны. Паводле літоўскай мытні, «амаль усё — беларускай вытворчасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «тытунёвага караля» Беларусі АлексінаА што з унутраным рынкам
У Беларусі два буйныя вытворцы тытунёвых вырабаў: горадзенская фабрыка «Нёман» (70–80% прадукцыі) і прыватная кампанія «Табак-Інвест» у Менску (каля 20% рынку). У 2008–2011 гадах аб’ём вытворчасьці тытунёвых вырабаў у Беларусі расьце на 11% у год.
У жніўні 2018 году кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна «Энэрга-Оіл» атрымлівае аднаасобнае права на продаж тытунёвых вырабаў Горадзенскай фабрыкі «Нёман» гуртам і ўраздроб на ўнутраным і зьнешнім рынках.
Квота выпуску цыгарэт у Беларусі перавышае патрэбы ўнутранага рынку. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку 20 мільярдаў цыгарэт выпуск складаў 29 мільярдаў.
«Тытунёвая галіна зможа жыць і за кошт унутранага рынку, але тады вытворчасьць скароціцца. Найбуйнейшыя платнікі ў бюджэт Беларусі, сярод іншых, — прадстаўнікі алькагольнай і тытунёвай прамысловасьці», — мяркуе Леў Львоўскі.
Пакуль незразумела, ці зможа тытунёвая прамысловасьць забясьпечыць такія ж паступленьні ў бюджэт ва ўмовах санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговыя партыі беларускіх кантрабандных цыгарэт затрымалі ў Літве, Латвіі і Расеі